Самуэль Кміціч
Герб Кміцічаў Радзіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1630 Бабінічы, пад Воршай |
Памёр | 13 красавіка 1692 |
Род | Кміцічы |
Жонка | Ганна Кантакузэн |
Дзейнасьць | вайсковец, палітык |
Самуэль Кміціч, Самуэль Кміціц, Самуэль Кміцец (па-польску: Samuel Kmicic; 1630, Бабінічы, пад Воршай — 13 красавіка 1692) — адзін з самых таленавітых вайскоўцаў Вялікага княства Літоўскага, палкоўнік, харунжы аршанскі. Прымаў актыўны ўдзел у войнах Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй. У 1660 року дывізія Сапегі абвясьціла канфэдэрацыю й прызначыла Кміціча "генэральным палкоўнікам".
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў Самуэль Кміціч з аршанскай шляхты. Прозьвішча Кміціч (ці Кміціц) паходзіла ад слова "кмет" (ці "кмець"), што ў Сярэднявечча ў народаў славянскай мовы пазначала ваяра-дружыньніка (у Кіеўскім княстве), вольнага селяніна (у ВКЛ), сельскага старасту (у Баўгарыі, Сэрбіі), службовую асобу (у Босьніі, Чэхіі)[1].
Прадзед Самуэля ўдзельнічаў у Полацкай вайне 1563—1579 рр. супраць маскавітаў. Кароль Стэфан Баторы за ваенныя заслугі дараваў яму шляхецтва (герб «Радзіч») і фальварак Бабінічы пад Воршай. Дзед быў старастай у Воршы пры ваяводзе Філоне Кміта-Чарнабыльскім. Бацька Самуэля трымаў скаціну, разводзіў канёў, меў гарбарную майстэрню й вятрак. У 1630 року, у Бабінічах нарадзіўся Самуэль Кміціч[1].
З самага дзяцінства бацька навучаў Самуэля ўпэўнена трымацца ў сядле, разумець канёў, па-майстэрску валодаць шабляй і дзідай. Ва ўзросьце 14-15 рокаў бацька вызначыў Самуэля на вучобу ў езуіцкі калегіюм пры касьцёле Сьв. Міхаіла Архангела ў Воршы. Тут выкладалі граматыку, паэтыку, рыторыку, матэматыку й музыку. Быў свой тэатар. Пры касьцёле меліся аптэка, батанічны і фруктовы сад[1].
На вайне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ваенную службу пачаў паручнікам у 1654 року ў войске Януша Радзівіла. Удзельнік вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 рр.. Са шляхты Полацкага ваяводзтва, Віцебскага і Аршанскага паветаў стварыў харугву, якая ўвайшла ў полк Багуслава Радзівіла і ўдзельнічала ў зімовым контрнаступленьні войскаў Вялікага княства Літоўскага. У жніўні 1655 далучыўся да канфэдэрацыі, якая ўтварылася пад Вербілавам супраць вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Пазьней узначальваў полк у дывізіі Паўла Сапегі браў удзел у бітвах са швэдамі.
У верасьні 1658 року на чале 12-ці харугваў дзейнічаў у глыбокім тыле маскоўскіх войскаў у беларускім Падняпроўі. На чале палка ваяваў са швэдамі ў 1659 у Курляндыі, у 1660 — у Падляшшы. Самуіл Кміціч быў заўзятым супернікам караля Яна II Казімера, прымаў актыўны ўдзел у бунце войскаў у інтарэсах гетмана Сапегі. У красавіку 1660 року дывізія Сапегі абвясьціла канфэдэрацыю і прызначыла Кміціча «генэральным палкоўнікам». Удзельнічаў у Палонкаўскай бітве, пазьней удзельнічаў у дзеяньнях супраць маскоўскіх войскаў на ўсходзе Вялікага княства Літоўскага. У 1663 ажыцьцявіў глыбокі рэйд за Смаленск. У 1664 удзельнічаў у паходзе на Раслаўль і Бранск, потым да 1665 блякаваў маскоўскі гарнізон у Полацку.
Пасьля вайны жыў на Аршаншчыне, актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай. Валодаў маёнткамі Неводніца ў Гарадзенскім, Чырвонае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Аршанскім павеце.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Tadeusz Wasilewski. Samuel Kmicic // Polski Slownik Biograficzny — t. XIII, 1967—1968, s. 81-83 (пол.)
- Rachuba A. Konfederacija Kmicicowska i Zwiazek Braterski wojska litewskiego w latach 1660-1663 — Warszawa 1989 (пол.)
- Генадзь Сагановіч. Кміціч // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі — Менск 1993, т.4, с.207
- Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654-1667. — Мінск 1995, ISBN 5-343-01637-5
- Вітаўт Чаропка Варшанскі харунжы (Самуль Кміціч) // часопіс «Беларуская Мінуўшчына» 1997г. №2 — Мінск // на сайте knihi.com [1].
- Генадзь Сагановіч. Кміціч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыкляпэдыя — Мінск 2005, т. 2, с. 111, ISBN 985-11-0378-0
- Ніна Марчук. Два героя аднаго часу. // дайджэст публікацый аб беларускай гісторыі пад рэд. А.Я. Тараса Дзяды — Менск 2010, выпуск №4, с. 25—36, ISSN 2075-5376 (рас.)