Саломапляценьне



Саломапляценьне — адно з самых старажытных народных рамёстваў.
Чалавек здаўна навучыўся выкарыстоўваць салому метлюжковых. Саломапляценьне характэрна для ўсіх славянскіх і земляробчых народаў. Прыёмы пляценьня з саломы здаўна вядомыя многім земляробчым народам. Патрэба ў рэчах, сплеценых з гэтага даступнага матэрыялу абумовіла тое, што з пакаленьня ў пакаленьне перадаваліся і ўдасканальваліся рамесныя і мастацкія традыцыі народнага саломапляценьня — аднаго з самых старажытных рамёстваў чалавецтва.
Выкарыстаньне саломы метлюжковых расьлін для вырабу прадметаў хатняга ўжытку ставіцца да таго гістарычнага пэрыяду калі чалавекам было асвоена земляробства.
Саломапляценьне ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Лічыцца, што саломапляценьне ўзьнікла на тэрыторыі Беларусі на мяжы II—I тысячагодзьдзяў да нашай эры. Для пляценьня выкарыстоўвалі пераважна жытнюю салому: з усіх злакавых расьлінаў сьцябло жыта самае доўгае і трывалае. Салому зьбіралі рукамі, сушылі, потым, каб дадаць матэрыялу розныя адценьні, вымочвалі ў гарачай вадзе з дадаткам натуральных фарбавальнікаў: шалупіньня цыбулі, шышак, кары дрэў. З саломы рабілі аксэсуары, галаўныя ўборы, упрыгажэньні для дому, сэеніры, прадметы побыту, абярэгі.

Адным з самых таямнічых саламяных абярэгаў зьяўляецца павук — ажурная падвесная канструкцыя з саламяных трубачак, якую вешалі ў чырвоны кут, над парогам, над дзіцячай калыскай і ў іншых месцах, якія лічыліся ўразьлівымі для злых сілаў. Павука плялі напярэдадні Каляд. Ён вісеў ў доме ўвесь год, абараняў сям’ю ад няшчасьцяў. Напрыканцы году абярэг спальвалі і на яго месца вешалі новы.
Цягам стагодзьдзяў беларусы перадавалі традыцыі саломапляценьня з пакаленьня ў пакаленьне. Народныя майстры рупліва захоўвалі ўнікальныя прыёмы, навучалі рамяству сваіх пасьлядоўнікаў.
На мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў на Палесьсі сфармавалася свая ўнікальная школа стварэньня царскіх брамаў — элемэнтаў саламяных іканастасаў, якія ставілі ў храмах. Залацістае адценьне саломы выглядала багата і сьвяточна, таму матэрыял добра пасаваў для афармленьня царкоўных інтэр’ераў. Палескія саламяныя іканастасы, датаваныя пачаткам XIX стагодзьдзя, можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музэі і гісторыка-археалягічным музэі ў Гародні.
Саломапляценьне атрымала пашырэньне ў другой палове XX стагодзьдзя. Саламяныя вырабы — капелюшы, вазы, скрыначкі, кошыкі, цукерніцы, дэкаратыўныя пано былі папулярныя як сярод сельскіх жыхароў, так і сярод гараджан.
1 сьнежня 2022 году прынята пастанову аб уключэньні намінацыі «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні» ў Рэпрэзентатыўны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО[1][2].
Тэхналёгіі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Існавалі чатыры асноўныя тэхнікі саломапляценьня:
- сьпіральная — самая пашыраная, яе выкарыстоўвалі для вырабу вульляў, прадметаў мэблі, рэчаў для захоўвання прадуктаў, скрыняў для адзеньня;
- аб’ёмныя пляцёнкі — гэту тэхніку выкарыстоўвалі для вытворчасьці дэкаратыўных прадметаў, а таксама для афармлення царкоўных інтэр’ераў;
- простая;
- плоская.
Два апошнія тэхнікі выкарыстоўваліся для пляценьня кошыкаў, капелюшоў, невялікіх скрыначак.
Інкрустацыя саломкай выкарыстоўвалася для ўпрыгожваньня скрыначак, велікодных яек. Для інкрустацыі матэрыял наразалі дробнымі геамэтрычнымі фігуркамі, наклейвалі на паверхню, потым пакрывалі лакам.
Папулярызацыя саломапляценьня
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 6 лістапада 2009 Нацбанк Беларусі ўвёў у абарот манэту Саломапляценьне.
- беларуская пошта неаднаразова выпуськала сэрыі марак прысьвечаную саломапляценьню
- Паштовыя маркі і манэты
Выбітныя беларускія майстры саломапляценьня
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Таіса Агафоненка (1927—2023)
- Кацярына Арцёменка (1925—1998)
- Валянціна Ганчарова (н.1952)
- Вера Гаўрылюк (1904—1986)
- Натальля Дамянікава (н.1958)
- Тамара Паўлоўская
- Ларыса Лось
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Straw weaving in Belarus, art, craft and skills ЮНЭСКО Праверана 2022-12-04 г.
- ↑ belta.by
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 113 Сухута Я. М. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2002 Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. Саломка мастацкая.
- Уладамірская В. В. Саломапляценне. Ілюстраваны майстар-клас. — Мн .: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2017. — 88 с. — ISBN 978-985-11-0992-6
Вонкавыя ссылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Саломапляценьне — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
