Сакуны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сакуны́ — частка беларускага племя дрыгавічаў, засялялі верхнюю плынь ракі Пцічы і яе прытоку Арэсы (яе сакуны называлі Расой). Сакунамі іх назвалі за тое, што ўсе дзеясловы на «ся» ў іх сканчаюцца цьвёрда на «са», напрыклад: выспоўса, нагукаласа (нагаварылася), завернесса, прогуляймаса, абачніса (прачніся). Паводле статыстыкі на 1915 год агульная колькасьць сакуноў налічвала 10 200 чалавек, зь якіх 5300 мужчын і 4900 жанчын.

Асноўныя паселішчы сакуноў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Жыцін — сяло на правым беразе ракі Пцічы. На 1915 год налічвала 200 двароў, 1600 жыхароў. Па паданьні яно атрымала назву Жыцін за тое, што на палях вакол паселішча заўсёды атрымлівалісь добрыя ўраджаі.
  • Крамок — вёска на левым беразе ракі Пцічы, на 1915 год налічвала 110 двароў, 960 жыхароў. Слова Крамок азначае «ўскраіна».
  • Юравічы — вёска на левым беразе ракі Пцічы, месьціцца недалёка ад вёскі Крамок. На 1915 год налічвала 80 двароў, 640 жыхароў. Назва Юравічы пайшла ад імя Юрый альбо ад слова юра. Юра — высокі адкрыты бераг ракі альбо ўзгорка. Вёска Юравічы месьціцца менавіта на такім высокім адкрытым беразе.
  • Вёска Церабуты — на 1915 год налічвала 120 двароў, 900 жыхароў. Слова церабіць азначае вырубаць лес, адсюль і назва «Церабуты» — высечанае ад лесу месца для забудовы ці для сяўбы.
  • Вёска Шчыткавічы — на 1915 год налічвала 200 двароў, 1500 жыхароў. Назва Шчыткавічы ўтворана ад слова шчыток, што азначае трохкутнік.
  • Вёска Ляўкі — на 1915 год налічвала 120 двароў, 1000 жыхароў. Назва утворана ад імя заснавальніка — Лявона.
  • Вёска Дражна — на 1915 год налічвала 115 двароў, 960 жыхароў. Назва паходзіць ад слова драза — кусты, хмызьняк.
  • Сяло Залужжа — на 1915 год налічвала 180 двароў, 1400 жыхароў. Назва азначае, што паселішча разьмешчана за лугам.
  • Вёска Падарэсьсе — на 1915 год налічвала 120 двароў, 1000 жыхароў. Падарэсьсе — пыд рэчкай Расой (Арэсай).

Побыт сакуноў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паселішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паселішча звычайна разьмяшчаецца на астраўку, па беразе рэчкі альбо балота, цягнецца доўгай стужкай, акружанае азяродамі (прыстасавяньні для сушкі зерня). Вуліцы крывыя, вузкія. Адзін канец вуліцы, звычайна лепшы для ўезду, называюць белым, іншы канец — чорным. Часьцей за ўсё каля белага канца вуліцы стаіць высокі крыж з распяцьцем, а далей, у поле, разьмяшчаюцца могілкі.

Падворак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор сакуноў быў шчыльна забудаваны толькі з двух бакоў і адгароджаны ззаду і ад вуліцы праслам альбо частаколам з весьніцамі.

Хата[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На адным баку сядзібы, на адлегласьці 3—4 мэтры ад вуліцы, за частаколам стаяла невялікая, звычайна 6,5×5,5 мэтраў, бярвеністая хата, рубленая ў вуглы. Увогуле без фундамэнта; першы вянец клалі проста на зямлю альбо на камяні, абгароджвалі вакол тонкімі бярвеньнямі і абсыпалі зямлёю. Такую заваліну называлі «прызбай». Высокая страха з дранкі альбо гонты, з двума крутымі скатамі, а таксама з карнізам і абшытым шчытом, альбо франтонам, спераду. Па самому верху ўздоўж усёй страхі цягнецца «воўк», зьбіты зь дзьвюх даўгіх дошак. Бакі абодвух скатаў у самага франтона абшытыя дошкамі, якія называюць «закрылінамі».

У хаце абавязкова менавіта тры маленькія вокны, зь якіх адно на вуліцу і два на падворак. Чацьвертага акна ў сваёй хаце сакун ні завошта не прасячэ.

Студня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Студні ў асноўным ня маюць «сахі» ды «жураўля». Сакуны ніколі не карысталіся каромысламі, вёдры носяць ў руках.

Вопратка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Белая суконная кароткая сьвітка, верхняе адзеньне зімою і летам, аднаго крою для мужчын і жанчын, — шчыльна абхапляе стан і разыходзіцца на сьцёгнах двума клінамі, у якія ўшытыя кішэні. Нізкі стаялы каўнер (коўнер), правае крысо захінаецца зьверху. Кліны па рубцах для прыгажосьці абшытыя шнурком цёмна-сіняга колеру. Такім чынам, на клінах утвараецца від вусоў. Белую сьвітку «з вусамі» адносяць да самага старажытнага і распаўсюджанага некалі на Беларусі крою. Зімою дарослыя насілі белыя кажухі такога ж пакрою, як і сьвітка.

Мужчынская белая палатняная кашуля з кароткім стаялым каўняром, бяз зборак на плечах, з прамым каўнерам на грудзі — носяць кашулю на выпуск і зашпіляюць на грудзі металічнай спражкай. Такія ж белыя порты са шнурком на пасе. Зімою паўзверх портаў апраналі яшчэ суконныя белыя штаны. Сьвяточная кашуля бывае прыгожа натканая альбо вышытая на падоле, каўняры і коўнерцах рукавоў.

Жаночая кашуля трохі даўжэйшая, ды каленаў, з адкладным каўнерыкам, поламі і доўгімі рукавамі, якія бываюць цалкам натканыя альбо вышытыя. Кароткая, трохі ніжэй каленаў, белая спадніца, на поясе, носіцца нізка на паясьніцы. Зімою і па сьвятах жанчыны і дзяўчыны носяць кароткія суконныя андаракі альбо ваўняныя панёвы з кабатом. Фартух у дзьве полы на «скутах», прыгожа вышыты альбо вытканы зьнізу. Мужчыны і жанчыны насілі суконныя белыя камізэлькі амаль што аднолькавага крою.

Нявесты і маладыя жынчыны (маладзіцы) па сьвятах апраналі безрукаўкі альбо нагруднікі, прыгожа вышываныя пазумэнтамі (галунамі).

Пояс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сакуны падпаясваліся даўгім шырокім поясам. Мужчыны насілі на поясе каліту, нож і шабету з краменем, трутам і сталёвым крэсалам.

Абутак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абуваліся сакуны ў ліпавыя альбо лазовыя адкрытыя (зрачыя) лапці. Акрамя звычайных пяньковых абор, мужчыны насілі яшчэ і раменныя, а жанчыны — чорныя пляценьні альбо тканыя аборы. Летам жанчыны хадзілі басанож, але галёнкі завівалі анучкамі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]