Рэйс Iran Air 655
| Катастрофа рэйсу Iran Air 655 | |
| | |
| Зьвесткі пра катастрофу | |
|---|---|
| Дата | 3 ліпеня 1988 |
| Характар | зьбіцьцё |
| Прычына | трапляньне ракеты з вайсковага крэйсэра USS «Vincennes» |
| Месца катастрофы | Пэрсыдзкая затока |
| Пункт вылету | Тэгеран |
| Пункт перасадкі | Бэндэр-Абас |
| Пункт прызначэньня | Дубай |
| Паветранае судна | |
| Мадэль самалёта | Airbus A300B2-203 |
| Авіякампанія | Iran Air |
| Бартавы нумар | IR655 |
| Рэгістрацыйны нумар | EP-IBU |
| Пасажыры | 274 |
| Экіпаж | 16 |
| Загінулі | 290 |
| Выжылі | 0 |
Катастрофа рэйсу Iran Air «655» — авіяцыйная катастрофа рэгулярнага рэйсу іранскіх дзяржаўных авіялініяў, якая адбылася 3 ліпеня 1988. Самалёт Airbus A300B2-203 (рэгістрацыйны нумар EP-IBU) абслугоўваў маршрут IR655 паміж Тэгеранам і Дубаем (ААЭ) з прамежкавай перасадкай у Бэндэр-Абасе. Празь некалькі хвілінаў па вылеце з Бэндэр-Абасу самалёт быў зьбіты над Пэрсыдзкай затокай крэйсэрам USS «Vincennes» ВМС ЗША. Усе прысутныя на борце летака (274 пасажыры, у тым ліку 66 дзяцей, і 16 чальцоў экіпажу) загінулі.
У момант атакі самалёт ляцеў стандартным паветраным калідорам у іранскай паветранай прасторы, а амэрыканскае судна знаходзілася ў іранскіх тэрытарыяльных водах Пэрсыдзкай затокі. Амэрыканскі ўрад назваў зьбіцьцё іранскага самалёта памылкай, выкліканай ягонай хібнай ідэнтыфікацыяй як іранскага зьнішчальніка F-14; выказаў смутак па загінулых і сплаціў іхнім сем’ям кампэнсацыі, але афіцыйных прабачэньняў Ірану не прынёс, хоць крэйсэр падчас інцыдэнту парушыў іранскую водную і паветраную прастору[1]. Іранскія авіяперавозчыкі ў знак памяці пра загінулых вырашылі ані скасоўваць, ані пераймяноўваць рэйс.