Перайсьці да зьместу

Рэйкавая вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Рэйкавая вайна»
Нямецкі эшалён, які сышоў з рэек
Дата: жнівень 1943 — чэрвень 1944
Месца: Беларуская, Латвійская, Летувіская і Ўкраінская ССР
Прычына: нямецкая акупацыя захаду Савецкага Саюзу
Вынік: падрыў нямецкіх перавозак чыгункай
Тэрытарыяльныя
зьмены:
заняцьце Чырвонай арміяй заходніх рэспублік СССР
Супернікі
Савецкі СаюзНямецкая дзяржава
Камандуючыя
Панцеляймон ПанамарэнкаФёдар фон Бок
Колькасьць
Савецкі партызанскі рухГрупа арміяў «Цэнтар»
Страты
дзясяткі забітых і параненых партызанаў3 бронецягнікі і 1975 эшалёнаў

«Рэ́йкавая вайна́» — масавае разбурэньне чыгуначных шляхоў савецкімі партызанамі ў Нямецка-савецкую вайну на захопленых немцамі землях Беларускай, Латвійскай, Летувіскай і Ўкраінскай ССР, а таксама 5 заходніх вобласьцяў Расейскай СФСР.

Закранула таксама Арлоўскую, Бранскую, Калінінскую, Ленінградзкую і Смаленскую вобласьці Расейскай СФСР. Плянаваньне ажыцьцяўляў Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначальваў першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка. Падрыўныя дзеяньні ладзілі напярэдадні і падчас наступу Чырвонай арміі на франтах[1].

У 1944—1945 гадах у Менску ўручаліся мэдалі, прысьвечаныя ўдзелу ў рэйкавай вайне[2].

  1. «Рэйкавая вайна». У ноч на 3 жніўня 1943 году 74 000 савецкіх партызанаў пачалі падрыў чыгуначных шляхоў у карыстаньні нямецкіх захопнікаў падчас контарнаступу Чырвонай арміі пад Курскам. Падрыўныя дзеяньні працягваліся да 15 верасьня 1943 году. Ад 16 ліпеня да 5 жніўня савецкія лётчыкі даставілі беларускім савецкім партызанам за 90 вылетаў 144 тонаў грузаў, сярод якіх былі тол, міны, бікфорды і дэтанавальныя шнуры. Падарвалі 121 000 рэек, у выніку чаго вывелі з ладу чыгункі БабруйскСтарушкі (Жыткавіцкі раён), ЖлобінКаленкавічы і Цімкавічы (Капыльскі раён) — Асіпавічы. Перасталі дзейнічаць участкі ПолацакМаладэчна на 15 дзён і Менск — Маладэчна на 10 дзён. Спыніўся рух на чыгунках Магілёў — Крычаў, Полацак — Дзьвінск і Магілёў — Жлобін цягам жніўня. Праз тое перавозкі для нямецкай групы арміяў «Цэнтар» упалі на 40 %[1].
  2. «Канцэрт». 19 верасьня 1943 году пачалі масавы падрыў рэек, які скончылі да 1 лістапада 1943 году.
  3. «Багратыён». 19 чэрвеня 1944 году пачалі падрывы ў Беларусі, якія працягвалі 10 дзён, за якія падарвалі 61 000 рэек і пусьцілі пад адхон 101 нямецкі эшалён[3]. Зьнішчылі 8 мастоў, што вывела з ладу найбольшыя чыгуначныя лініі. Папярэдне самалётамі даставілі партызанам 52 тоны толу і 200 000 капсуляў-дэтанатараў. Падрывы працягвалі да поўнага заньняцьця Беларусі Чырвонай арміяй[1].
  1. ^ а б в Уладзімер Лемяшонак. «Рэйкавая вайна» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 562. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  2. ^ Гісторыя (рас.). Чыгунка. Праверана 24 сакавіка 2025 г. Архіўная копія ад 30 чэрвеня 2009 г.
  3. ^ Даты, падзеі, людзі / гал.рэд. Алесь Карлюкевіч // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2014. — № 113 (27723). — С. 12. — ISSN 1990-763X.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]