Рыскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
замак
Рыскі замак
лат. Rīgas pils
Замак з боку Дзьвіны
Замак з боку Дзьвіны
Краіна Латвія
Месцазнаходжаньне Рыга
Каардынаты 56°57′03″ пн. ш. 24°06′02″ у. д. / 56.95083° пн. ш. 24.10056° у. д. / 56.95083; 24.10056Каардынаты: 56°57′03″ пн. ш. 24°06′02″ у. д. / 56.95083° пн. ш. 24.10056° у. д. / 56.95083; 24.10056
Заснавальнік Эбэргард фон Монгайм
Дата заснаваньня 1330
Будаўніцтва 13301354 гады
Статус нацыянальны архітэктурны помнік Латвіі[1]
Стан рэстаўруецца
Сайт http://www.president.lv/pk/content/?cat_id=11&lng=en
Рыскі замак на мапе Латвіі
Рыскі замак
Рыскі замак
Рыскі замак
Commons-logo.svg Рыскі замак на Вікісховішчы

Рыскі замак (па-латыску: Rīgas pils, па-нямецку: Rigaer Schloss) — рэзыдэнцыя прэзыдэнта Латвіі, разьмешчаная на беразе Дзьвіны ў горадзе Рыга. Адзін з найбольш значных у гістарычным і культурным пляне будынкаў латвійскай сталіцы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ордэнскі замак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля таго, як быў разбураны першы ордэнскі замак Вітэнштайн у цэнтры Рыгі, а крыжакі выцесьненыя за тагачасныя межы гораду, у 1330 годзе Лівонскі ордэн узяў у аблогу Рыгу. Абаронцы аказалі супраціўленьне, аднак голад прымусіў рыжанаў здацца. Ордэну былі саступлены частка гарадзкіх умацаваньняў зь Пясочнай і Сьвятадухаўскай вежамі, а таксама вялікі ўчастак зямлі па той бок умацаваньняў, дзе знаходзіліся гарадзкія пашы і гароды. На ўчастку зямлі, на якім раней знаходзіўся Шпіталь Сьв. Духа, Ордэн пабудаваў свой новы замак. Шпіталь жа рыскі магістрат перанёс на былое месца замку Вітэнштайн[2].

У дзень летняга сонцастаяньня 1330 г. магістар ордэну Эбэргард фон Монгайм заклаў першы камень у падмурак будучага замку. Г.зв. замак Монгайма на беразе Дзьвіны быў пабудаваны з 1330 па 1354 гг. пад кіраўніцтвам будаўнічага майстра Дытрыха Крайгэ, які будаваў і Дом Чорнагаловых у Рызе. Месца для замку было ўдалым, адсюль можна было кантраляваць судны, якія заходзілі з мора ў Дзьвіну. Акрамя таго, знаходзячыся за межамі гарадзкога муру, новы замак быў лепш абаронены ў выпадку паўторнага нападу рыжанаў[2]. У новапабудаваны замак перабраўся магістар Лівонскага ордэну, аднак з прычыны пастаянных звадаў з гараджанамі яго рэзыдэнцыя была ў XV стагодзьдзі перанесена ў Вэндэн (цяпер Цэсіс).

У 1481 г. узброеная барацьба ўспыхнула з новай сілай. 10 красавіка 1484 г. рыжане аднавілі блякаду Рыскага замку, узяўшы яго ў такое шчыльнае колца, што паводле хронікі «нават вароне туды было не пракрасьціся». Зьнясіленыя голадам і хваробамі, абаронцы замку вымушаны былі скласьці зброю 18 траўня. У замку засталося толькі 10 здаровых рыцараў з слугамі, якія харчаваліся канінай. Іншыя абаронцы замку былі хворыя, з распухлымі целамі[2]. Падчас канфлікту ордэну з рыжанамі ордэнскі замак быў практычна зьнішчаны.

У 1491 г. ордэн, аправіўшыся ад удару, узяў у аблогу Рыгу. Горад капітуляваў, бо быў ня ў сілах аказаць супраціўленьне. Рыжане былі вымушаныя вярнуць усю ордэнскую маёмасьць і трафэі, захопленыя падчас ваенных дзеяньняў, а таксама пабудаваць новы ордэнскі замак. Магістар ордэну Вальтэр фон Плетэнбэрг запатрабаваў, каб замак пабудавалі за шэсьць гадоў, і каб ён быў яшчэ больш магутным, чым папярэдні. Лічыцца, што ён сам напісаў агульны плян замку ў выглядзе чатырохкутнага будынку з кутавымі вежамі[2]. Умацаваньні былі адноўленыя ў 1497—1515 гг. пад кіраўніцтвам майстра Нікляса з Рэвэлю. Замак быў дапоўнены круглымі артылерыйскімі вежамі — Сьвятога Духа і Сьвінцовай[3]. Будаўніцтва замку прыпала на апошнія гады існаваньня Лівонскага ордэну.

Валадарства Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак у XVIII стагодзьдзі.

Ордэн спыніў сваё існаваньне 5 сакавіка 1562 году, калі ў капітульнай зале Рыскага замку магістар Лівонскага ордэну Готгард Кэтлер здаў свае прывілеі і ордэнскі крыж і прызнаў сюзэрэнітэт вялікага князя літоўскага. Кэтлер быў прызначаны часовым губэрнатарам Інфлянцкага княства, і выбраў у якасьці рэзыдэнцыі Рысскі замак[2]. У 1566 г. адміністратарам герцагства быў прызначаны Ян Хадкевіч. Пасьля Люблінскае уніі і ўтварэньня Рэчы Паспалітае ВКЛ здолела захаваць свае правы на Лівонію, як на Задзьвінскае герцагства. У 1578—1621 гг. замак служыў рэзыдэнцыяй польска-літоўскай адміністрацыі — у замку жылі старосты, тут знаходзіўся гарнізон і кашталян замку. Замак захаваў сваё значэньне фартэцыі, для яго абароны прызначалася 300 вершнікаў і некалькі гарматаў[2].

Валадарства Швэцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1611 гг. большая частка Задзьвінскага княства была страчана на карысьць Швэцыі (Швэдзкая Лівонія). У Рыскім замку разьмяшчалася рэзыдэнцыя швэдзкай адміністрацыі (1621—1710), ваенных намесьнікаў і генэрал-губэрнатараў. Рыга ў Швэдзкай дзяржаве адыгрывала вельмі істотную ролю, а Рыскі замак як рэзыдэнцыя мясцовага кіраўніка быў аб’ектам рэпрэзэнтацыі каралеўскай улады. Таму, пасьля стратаў у Памэраніі, Даніі і Польшчы, умацаваўшы свае пазыцыі ў Лівоніі, каралева Крысьціна ўскладала вялікія надзеі на будаўніцтва гораду, замку і Цытадэлі[2].

Вялікалітоўскія і швэдзкія намесьнікі пашыралі і дабудоўвалі замак адпаведна з уласнымі густамі і патрэбнасьцямі. Асабліва значныя будаўнічыя працы, зьвязаныя з узьвядзеньнем новага крыла («перадзамак»), распачаліся ў 1640-я гг. У 1683 годзе да комплексу быў прыбудаваны будынак арсэналу.

Прадстаўніцкая функцыя замку ўжо ў XVII стагодзьдзі дамінавала над фартыфікацыйнай; роля абарончага шчыта Рыгі ўзяла на сябе Даугаўгрыва. У тыя ж гады замак пачаў актыўна выкарыстоўвацца як турма. Да ўцёкаў з ангельцам Горсэям у Рыскім замку трымалі ўдаву адзінага караля Лівоніі — Марыя Старыцкая.

Расейскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля аблогі і ўзяцьця Рыгі расейскімі войскамі (1710) у Рыскім замку пасяліліся генэрал-губэрнатары Ліфляндыі. Асобныя памяшканьні працягвалі выкарыстоўвацца як турма. Бадай што, самымі вядомымі вязьнямі Рыскага замку былі зрынутая з расейскага стальцу Ганна Леапольдаўна і яе сямейства[4].

За гады расейскага кіраваньня замак канчаткова страціў сваю абарончую функцыю, а разам зь ёй — і ранейшы грозны выгляд. У 1783 годзе асноўны замак і перадзамкавыя пабудовы былі злучаны шляхам узьвядзеньня новага корпусу на месцы швэдзкага арсэналу. З 1796 г. Рыга стала цэнтрам Ліфляндзкай губэрні, а Ордэнскі замак — рэзыдэнцыяй расейскага генэрал-губэрнатару (1710—1917). У замку таксама разьмясьціліся губэрнскія адміністрацыйныя і судовыя ўстановы[2].

У XIX стагодзьдзі замкавая царква была зачынена і зьнесена (1870), да новага корпусу быў надбудаваны чацьверты паверх, а каля муроў замку зьявіўся вялікі пляц.

У XX стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рыскі замак узімку.

Пасьля здабыцьця Латвіяй незалежнасьці, Рыскі замак быў абвешчаны рэзыдэнцыяй прэзідэнта. Замак уяўляў сабой пярэстае спалучэньне пабудоваў розных эпохаў, таму з мэтай наданьня прэзыдэнцкаму палацу больш завершанага і прадстаўнічага выгляду да яго рэканструкцыі быў прыцягнуты выдатны архітэктар Эйжэн Ляўбэ. Архітэктар перабудаваў Чырвоную залу і ў 1938 годзе прыбудаваў да замку Вежу трох зорак, якая, зрэшты, слаба гармануе з гістарычнай забудовай.

Пасьля далучэньня Латвіі да СССР месца прэзыдэнта ў Рыскім замку заняў Саўнаркам Латвійскай ССР. У лютым 1941 году ў Рыскім замку адкрыўся гарадзкі палац піянэраў. На плошчах замка разьмясьцілася таксама некалькі музэяў, у тым ліку музэі замежнага мастацтва, латвійскай гісторыі, літаратуры, тэатру і музыкі.

Наверша «Вежы трох зорак»

11 лістапада 1988 г. на вежы Сьв. Духа быў падняты латыскі нацыянальны сьцяг[5].

У чэрвені 1995 году замак ізноў стаў рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Латвіі. У памяшканьнях таксама разьмясьцілася прэзыдэнцкая канцылярыя.

Увосень 2012 году была распачата рэканструкцыя замку (рэзыдэнцыя прэзыдэнта часова перанесена ў Дом Чорнагаловых). Працы былі выкананы будаўнічымі кампаніямі SBRE, Re&Re і Skonto būve.

Завяршэньне рэканструкцыі плянавалася на працягу дзьвюх з паловай гадоў, а выдаткі на праект склалі 21,78 млн латаў.[6]

Пажар 2013 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пажар Рыскага замку 2013 году

20 чэрвеня 2013 у Рыскім замку падчас яго рэканструкцыі ўспыхнуў пажар. Спачатку загарэлася невялікая частка даху плошчай 50—100 м², але полымя хутка распаўсюдзілася па ўсім даху і дасягнула 3200 м².

На тушэньне пажару былі мабілізаваныя ўсе сілы ГПСС Рыскага рэгіёну — у тушэньні пажару было задзейнічана 80 супрацоўнікаў і 18 адзінак тэхнікі, зь іх 11 аўтацыстэрнаў, 3 аўталесьвіцы, 1 пад’ёмнік, брандспойтны аўтамабіль, помпавая станцыя і аўтамабіль-база з дыхальнымі апаратамі.

Заля акрэдытацыі амбасадараў (1923—1928).
Аўтар праекту — А. Цыруліс.
Заля пацярпела пры пажары 2013 году

Да тушэньня быў прыцягнуты буксір Рыскага Вольнага порту. Пажар быў лякалізаваны толькі празь пяць гадзін. Тушэньне пажару абцяжарвалася недахопам вады[7][8]

У будынку знаходзілася парадку 1 млн экспанатаў Дзяржаўнага мастацкага музэю, зь іх пацярпела каля 40 тысячаў, а таксама разьмяшчалася каля 900 тысячаў экспанатаў музэю літаратуры, тэатру і музыкі, зь іх ад вады пацярпела каля 20 тысячаў экспанатаў.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачатковы замак тыпу кастэль уяўляў сабой трохпавярховы будынак, які акружаў квадратны ў пляне двор. На ніжнім паверсе былі гаспадарчыя памяшканьні, на другім — жылыя і рэпрэзэнтацыйныя памяшканьні: кельлі ордэнскіх братоў, рэзыдэнцыя магістра, памяшканьні для сходаў, трапэзная, капліца. У гэтыя памяшканьні можна было патрапіць з адкрытай галерэі. Каля замку меліся маленькія квадратныя вежы зь лесьвіцамі[2].

Адноўлены ў 1497—1515 гг. замак меў выгляд чатырохкутнага будынку з кутавымі вежамі і манумэнтальнасьцю сваёй павінны быў выклікаць перакананьне ў моцы і магутнасьці Ордэну. Вонкавае аблічча замку было строгае і суворае, замак стаў самым буйным замкам тыпу кастэль ва ўсходняй Прыбалтыцы. Гэты будаўнічы тып замкаў сфармаваўся ва Ўсходняй Прусіі ў замках Тэўтонскага ордэну і канчатковую завершанасьць атрымаў у Прыбалтыцы, у прыватнасьці, у Рыскім замку. Амаль кубічны па форме будынак быў умацаваны магутнымі круглымі вежамі Сьв. Духа і Сьвінцовай, разьмешчанымі ў процілеглых кутах. Вежа Сьв. Духа, была раней адной зь вежаў рыскіх умацаваньняў, пакуль напачатку XIV ст. магістар Ордэну не распарадзіўся прыбудаваць да яе замак, дэманструючы тым самым сваю ўладу над горадам Рыгай. Маюцца зьвесткі, што вежа ў тыя часы служыла маяком[2].

Замкавыя вокны былі апраўлены сьпічастымі аркамі, муры трэцяга паверху, прызначанага для абароны, прарэзаны мноствам байніц. На першым паверсе разьмяшчаліся гаспадарчыя службы, на другім — пакоі магістра ордэну, дарміторыюм (спачывальня братоў Ордэну) і капліца, якія мелі крыжовыя скляпеньні. Да іх прылягаюць парадныя залі і трапэзная, якія дасягаюць у вышыню 7 м і перакрытыя сотавымі (ячэістымі) скляпеньнямі. Праезд у замак, перакрыты зорчатымі скляпеньнямі, быў упрыгожаны рэльефнымі фігурамі магістра ордэну Вальтэра фон Плетэнбэрга і Мадонны з немаўлём (каля 1515 г.), у трактоўцы якіх адчуваецца ўплыў Рэнэсансу. Выява Найсьвяцейшай Панны Марыі лічыцца самай выразнай у мастацкім пляне каменнай скульптурай таго часу ў Рызе[2].

У 1649 г. на месцы форбургу (перадзамку) у заходняй частцы замку быў пабудаваны новы двухпавярховы каменны корпус (архітэктар Ф. Штымэр), акцэнтаваны кутавым эркерам, пакрытым на ўсю сваю вышыню барэльефамі з храшчападобным дэкорам (кнорпэльвэрк, праца нямецкага скульптара Даніэля Акэрмана) у стылі маньерызм з элемэнтамі раньняга барока. Гэта быў самы першы эркер у архітэктуры Латвіі. Характэрная для маньерызму арнамэнтыка эркеру мае сымбалі геральдыкі швэдзкага каралеўскага дому і дзяржавы. Напрыклад, у верхняй паласе рэльефаў маецца герб дынастыі Ваза — зьвязаны сноп у цэнтры кампазыцыі, па краях дапоўнены дзяржаўным гербам — трыма каронамі. На рэльефах ніжняй паласы намаляваны ўзброеныя вартаўнікі, партрэт Густава II Адольфа, і вельмі верагодна, што сярод кампазыцыяў іншых гратэскавых рэльефаў адна выява зьяўляецца партрэтам каралевы Крыстыны, якая, паводле легенды, і распарадзілася пабудаваць гэты эркер[2].

На працягу стагодзьдзяў зьмяняліся і навакольлі замку. Напачатку XIV стагодзьдзя ён быў акружаны абарончым ровам. У XVI стагодзьдзі замак умацавалі земляным валам і бастыёнамі, а швэды пабудавалі на поўнач ад замку яшчэ адну фартэцыю — цытадэль, аб’яднаўшы яе з замкам і бастыёнамі ў адзіную абарончую сыстэму. У 1682 г. да замку з усходняга боку быў прыбудаваны доўгі будынак арсэналу і пашырыраны форбург на паўночным захадзе. Пасьля 1670 г. цытадэль была значна пашырана і ператварылася ў самастойную фартэцыю. Пасьля стварэньня Цытадэлі напоўнены вадой замкавы роў быў засыпаны для стварэньня «абарончай дыстанцыі». Пляц, які ўтварыўся пасьля засыпаньня, і які ўсё яшчэ называлі замкавым ровам, быў прыдатны для забудовы. З ваенных меркаваньняў тут, як і ў прадмесьці, дазвалялася будаваць толькі драўляныя будынкі. Напачатку XVIII стагодзьдзя таксама былі засыпаны абарончыя равы паміж замкам і горадам[2].

Плян замку ў 1767 годзе

Найбольш значныя перабудовы ў замку былі зроблены ў канцы XVIII і ў першай палове XIX стагодзьдзя. У 1783 г. зьнесьлі пабудаваны швэдамі арсэнал і замест яго з боку цяперашняга пляцу Пілс, уздоўж паўночна-ўсходняга муру замку да 1785-87 гг. быў прыбудаваны трохпавярховы корпус (г.зв. Новы корпус) для патрэбаў губэрнскага кіраваньня, вытрыманы ў формах раньняга клясыцызму (арх. П. І. Бок), а пазьней, у XIX ст. быў дабудаваны і чацьверты паверх. У гэтым корпусе знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы губэрнскага кіраваньня. Падчас перабудоваў былі падзелены прасторныя двухнэфныя залі, зламаны некаторыя скляпеністыя перакрыцьці, дзе-нідзе створаны прамежкавыя паверхі. Новы корпус злучыў асноўны корпус зь перадзамкавымі пабудовамі[2].

У XIX ст. неаднаразова перабудоўваўся і форбург, дзе разьмясьцілі гэтак званыя царскія пакоі і кватэру губэрнатара. У часы генэрал-губэрнатара Аляксандра Суворава-Рымнікскага (1848—1861) у Рыскім замку амаль цалкам быў рэалізаваны праект пецярбурскага архітэктара, акадэміка Гаральда Юліюса Босэ (1812—1894) па перабудове параднай лесьвіцы, а таксама праведзена рэканструкцыя Белай залі[2].

Тэрыторыя каля замку, раней прарэзаная ровам, паступова засялялася рамесьнікамі і іншым небагатым людам, якія будавалі сабе там невялікія драўляныя дамы. У 1783 г., адначасова зь перабудовай замку, гэтыя дамы былі зьнесеныя і на іх месцы ўтвораны прасторны пляц (цяпер пляц Пілс). За кароткі тэрмін вакол яго вырасьлі новыя грамадзкія будынкі — імпэратарскі ліцэй і гатэль «Пецярбург». У паўднёвай частцы пляцу, дзе раней знаходзіўся мост цераз роў, былі пабудаваны фарны касьцёл, а таксама некалькі жылых дамоў. У такім выглядзе замак з пляцам увасаблялі дзяржаўную ўладу Расейскай імпэрыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Рыскі замаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў