Перайсьці да зьместу

Рух Львоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рух
Поўная назва Футбольний клуб «Рух»
Заснаваны 2003
Горад Львоў, Украіна
Стадыён Арэна-Львоў
Умяшчальнасьць: 34 915
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Прэм’ер-ліга
 · 2025—2026 14 месца (паніжэньне)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
fcrukh.com (укр.)

«Рух» (па-ўкраінску: Рух) — украінскі футбольны клюб зь Львову.

У 2003 годзе з ініцыятывы Мірона Маркевіча, які нарадзіўся ў Віньніках і на той час быў галоўным трэнэрам львоўскіх «Карпат», быў створаны футбольны клуб «Рух». Назва каманды разумелася тым, што рух ёсьць жыцьцём. У чэрвені 2003 году была створана дзіцячая футбольная школа Маркевіча[2]. У 2009 годзе была створаная дарослая футбольная каманда «Рух» з прэзыдэнтам Грыгорыем Казлоўскім і галоўным трэнэрам Раманам Гданскім[2]. У той час каманда разьмяшчалася ў Віньніках, таму брала ўдзел у чэмпіянаце Львоўскай вобласьці[2]. 17 кастрычніка 2014 году клюб упершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Украіны сярод аматараў.

У 2016 годзе «Рух» узяў удзел у розыгрышы Кубка Ўкраіны, а таксама заявіўся ў Другую лігу чэмпіянату краіны. Віньніцкая каманда афіцыйна дэбютавала ў прафэсійнай Другой лізе 24 ліпеня, атрымаўшы разгромную перамогу над марыюпальскі «Ільлічоўцам-2» зь лікам 6:0. Увогуле, рухаўцы пачалі чэмпіянат з шасьці перамогаў запар, што адразу замацавала за імі рэпутацыю фаварыта сэзону. Паводле вынікаў турніру каманда апынулася на другім радку, саступіўшы першае месца адэскай «Жамчужане». Тым ня менш, другое месца таксама гарантавала камандзе прасоўваньне ў Першую лігу. Некалькі гадоў «Рух» спаборнічаў у другім паводле моцы дывізіёне ўкраінскага футболу. Пэўны час каманду ачольваў беларускі трэнэр Леанід Кучук. Толькі ў сэзоне 2019—2020 гадоў рухаўцы былі сярод фаварытаў лігі. Менавіта ў гэтым сэзоне клюб гарантаваў сабе месца ў Прэм’ер-лізе, заняўшы выніковы другі радок.

У ліпені 2019 году клюб зрабіў рэбрэндынг, прадставіўшы новы лягатып, а таксама зьмяніўшы горад на Львоў. Новая эмблема была закліканая пазыцыянаваць гульцоў «Руха» як воінаў з моцным характарам і непераможным духам, каманду абаронцаў каштоўнасьцяў, прынцыпаў і вераваньняў Галіцкага краю[3]. Дэбют «Руха» прыпаў на матч у Палтаве, дзе львоўцы саступілі «Ворскле» зь лікам 5:2. Першы гол у Прэм’ер-лізе за «Рух» правёў Валеры Федарчук. На зімовы перапынак клюб пайшоў на 12-й пазіцыі. У зімовае трансфэрнае вакно каманда ўзмоцніла склад, падпісаўшы гульца зборнай Ісьляндыі і чвэрцьфіналіста чэмпіянату сьвету 2018 году Рагнара Сыгурдсана і ўзяўшы ў арэнду былога гульца зборнай Украіны Андрэя Барачука на паўтары гады[4]. Свой першы сэзон у элітным дывізіёне «Рух» скончыў на 10-м месцы. Тым часам з 2021 па 2023 гады галоўным трэнэрам каманды зноў працаваў Леанід Кучук.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]