Рудзі (фільм)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рудзі
Rudy
Жанр біяграфічны фільм, драматычны фільм[d] і фільм аб амэрыканскім футболе[d]
Рэжысэр Дэйвід Анспо
Сцэнарыст Анджэлё Піцца
Прадусар
У ролях
Кампазытар Джэры Голдсьміт
Апэратар Олівэр Ўуд
Мантаж Дэйвід Разэнблюм
Вытворчасьць TriStar Pictures
Распаўсюд TriStar Pictures[d] і Netflix
Дата выхаду 13 кастрычніка 1993
Працягласьць 116 хв.
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $12 мільёнаў
Прыбытак $22 750 363
Старонка на IMDb

«Ру́дзі» (па-ангельску: Rudy) — амэрыканскі спартовы фільм рэжысэра Дэйвід Анспо, сьфільмаваны ў 1993 року. У ім апісаная праўдзівая гісторыя з жыцьця Дэніела «Рудзі» Рутыгера, які марыць гуляць у амэрыканскі футбол за ўнівэрсытэт Нотр Дам. Упершыню дзеля здымак фільму адміністрацыя ўнівэрсытэту Нотр Дам дазволіла здымкі ў кампусе з часу «Кэнут Рокні, цалкам амэрыканец(en)» (1940).

У 2005 «Рудзі» быў уключаны ў сьпіс 25 найлепшых спартовых фільмаў мінулых 25 гадоў паводле ESPN[1], а Амэрыканскі інстытут кінамастацтва назваў яго 54-м найбольш натхняльным фільмаў усіх часоў[2].

Прэм’ера фільму адбылася 13 кастрычніка 1993 году. У галоўных ролях — Шон Эстын, Нэд Біці, Джэйсан Мілер і Чарльз Стэнлі Датан. Здымкі адбываліся ў Ілінойсе й Індыяне.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэніел Юджын «Рудзі» Рутыгер вырас у Джоліец з мараю гуляць у амэрыканскі футбол за клюб унівэрсытэту Нотр Дам. У мясцовым школьным клюбе «Джоліет Католік» ён паказвае неблагія вынікі, аднак дзеля паступленьня ў Нотр Дам яму не стае ўзроўню і грошай, а таксама таленту і фізычных паказьнікаў для выступу за студэнцкую каманду па амэрыканскім футболе.

Рутыгер уладкоўваецца на працу на мясцовым сталеліцейным заводзе, дзе працуе й ягоны бацька, таксама фанат «Нотр Дам Файтынг Айрыш». Пасьля гібелі свайго сябра пры выбуху на заводзе Рудзі вырашае паступіць у Нотр Дам і дабіцца сваёй мары. Ён пераяжджае ў Саўт Бэнд, аднак не здае ўступныя экзамэны. З дапамогай мясцовага сьвятара Рудзі паступае ў суседні юніёрскі коледж Сьвятога Крыжа, каб падцягнуць веды. Каб быць бліжэй да каманды сваёй мары, Рудзі ўпрошвае стадыённага вартаўніка на імя Форчун прыняць яго на працу валянтэрам. Ня маючы дзе жыць, ён на ноч залазіць праз вакно ў службовае памяшканьне вартаўніка і сьпіць на раскладушцы. Спачатку Форчун абыякавы да захапленьня Рудзі, аднак паступова заўважае ягоную шчырасьць і перадае таму ключ ад сваёй каморы. Рудзі даведваецца, што Форчун ніколі ня бачыў гульні з удзелам «Нотр Даму», хоць працуе на стадыёне ўжо працяглы час.

Рудзі пасябраваў з Ды-Бобам, асьпірантам у Нотр Даме і памочнікам прафэсара ў коледжы, дзе вучыцца Рудзі. Сарамлівы Ды-Боб прапануе сваё рэпэтытарства ўзамен на дапамогу ў зносінах зь дзяўчынамі. Падазраючы, што прычына ранейшых праблемаў з навучаньнем у Рутыгера крыецца недзе глыбока, Ды-Боб правярае яго і высьвятляе, што ў Рудзі дысьлексія. Той навучаецца перамагаць сваю праблему і паляпшае вынікі ў вучобе. На калядныя вакацыі Рудзі вяртаецца дадому, каб пахваліцца ўласнымі адзнакамі, аднак ягоныя родныя ўсё адно ня вераць у посьпех Рудзі ў амэрыканскім футболе.

Пасьля некалькіх няўдачаў Рутыгера ўрэшце прымаюць у Нотр-Дам, пра што ён неадкладна паведамляе сям’і. Трэніруючыся з камандай коледжу, Рутыгер урэшце пераконвае трэнэра Ара Парсэг’яна даць яму месца ў трэніровачным складзе. У свой апошні год навучаньня Рудзі дабіваецца ад трэнэра абяцаньня выпусьціць яго на поле у адным матчы, каб пераканаць сям’ю ў зьдзяйсьненьні сваёй мары. Аднак з пачаткам сэзону ў камандзе зьмяняецца трэнэр. Новы трэнэр Дэн Дывайн пакідае Рудзі ў клюбе, аднак адмаўляецца ўключыць яго ў сьпіс гульцоў для выхаду на поле. Калі Рудыгер ня бачыць сябе і ў сьпісе гульцоў на перадапошнюю гульню сэзону, ён з адчаю сыходзіць з каманды.

У гэты роспачны момант яго неспадзявана падтрымлівае Форчун. Упершыню Рудзі даведваецца, што цяперашні наглядчык стадыёну раней сам калісь трэніраваўся ў складзе «Нотр Даму», аднак так і ня трапіў у асноўны склад. У выніку Форчун таксама сышоў з каманды з-за перакананьня, што яго не выпускаюць на пляцоўку з расавых меркаваньняў. Аднак з тае пары, папярэджвае Форчун, не было аніводнага дню, каб ён не шкадаваў пра ўласнае рашэньне. Зразумеўшы, што ня хоча падобнага лёсу, Рудыгер вяртаецца ў каманду.

Усе гульцы «Нотр Даму» на чале з капітанам Роландам Стылам заступаюцца за Рудыгера і складаюць на трэнэрскі стол уласную форму, патрабуючы, каб Рудзі апрануў яе замест кожнага зь іх. У выніку Дывайн дазваляе Рудыгеру рыхтавацца да гульні супраць «Джорджыі Тэк».

Стыл запрашае Рудыгера вывесьці каманду на футбольнае поле перад пачаткам гульні. Калі гульня падыходзіць да завяршэньня пры ліку 17:3 на карысьць «Нотр Даму», Дывайн выводзіць на поле ўсіх выпускнікоў, акрамя Рудзі. Распачатае гульцамі і памочнікамі трэнэра клюбу скандаваньне «Рудзі!» падхоплівае ўвесь стадыён, а ў гэты час паўабаронца клюбу Джэймі О’Гэар, праігнараваўшы падказку трэнэра наконт прыняцьця пераможнай пазыцыі(en) (мэтад зацягваньня часу), забівае яшчэ адзін тачдаўн, каб дазволіць абаронцу Рудзі выйсьці на поле і такім чынам быць уключаным у афіцыйны склад гульцоў клюбу.

У рэшце рэшт Дывайн выпускае Рудыгера на апошняе ўкідваньне, да захапленьня прысутнай на стадыёне сям’і. У гэтым розыгрышы Рудзі перапыняе кўотэрбэка «Джорджыі» і пад ухвальны лямант гледачоў пакідае поле на руках сваіх аднаклюбнікаў. У эпілёгу паведамляецца, што з 1975 року больш ніводзін гулец «Нотр Даму» не дабіваўся такога гонару.

Рудыгер скончыў унівэрсытэт у 1976 року, пазьней усе ягоныя браты паступілі ў коледжы і атрымалі вышэйшую адукацыю.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ESPN25: The 25 Best Sports Movies (анг.). ESPN. Праверана 2008-05-31 г.
  2. ^ «AFI 100 years… 100 cheers». American Film Institute

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]