Рожаў
| Рожаў лац. Rożaŭ укр. Рожів | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | Украіна | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Кіеўская | ||||
| Раён | Бучанскі | ||||
| Дата заснаваньня | каля 1480 году | ||||
| Магдэбурскае права | 1596 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча |
| ||||
| Вышыня НУМ | 159 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 50°23′20″ пн. ш. 29°39′08″ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 448 чал. | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Паштовы індэкс | 08043 | ||||
| КОАТУУ | 3222787101 | ||||
| Рожаў на мапе Ўкраіны Рожаў | |||||
Ро́жаў (па-ўкраінску: Ро́жів) — сяло ў Макараўскай мястэчкавай тэрытарыяльнай грамадзе Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Яснагародка (Фастаўскі раён)
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пры разьдзеле добраў пана Барыса Лозы паміж ягонымі сынамі ў 1507 годзе, Яцку Лозе, акрамя іншага, дасталіся заснаванае яшчэ дзедам Хведкам новае мястэчка Рожаеў і вёска Шарэйкавічы пад Мазыром. На старым гарадзішчы ў Рожаве гаспадар збудаваў замачак[1][2]. Пазьней Я. Лоза выкупіў часткі Рожава, Пукава і Батыева ў швагера Цімафея Праскуры, што засталіся яму па жонцы-нябожчыцы. Ён жа атрымаў ад караля Жыгімонта Старога новыя прывілеі замест даўніх, атрыманых ад вялікіх князёў літоўскіх Вітаўта, Жыгімонта Кейстутавіча і караля Казімера, але зьнішчаных пажарам. Таксама пацьверджаныя правы на Рожаў і іншыя добры на рацє Здвыж. Астатнія дакумэнты датаваныя 1525 годам[3].
Пасьля сьмерці Яцка адбыўся падзел ягоных добраў паміж сынамі Філонам, Багданам і Васілём. Уладальнікам Рожава з прылегласьцямі стаў Васіль Лозка[a][3][4].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Рожаў з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[5].
Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]





На 1574 год былі вызначаныя межы Рожаўскіх добраў пана Васіля Лозкі з маёнткам Яснагародка паноў Богушаў Гулькевічаў і маёнткам Бышаў паноў Харлінскіх[1].
У 1586 годзе сыны В. Лозкі Іван, Стэфан і Лаўрын падзялілі бацькоўскую спадчыну. Рожаеў, Ракаўшчына, Ставішча і інш. дасталіся Стэфану, падчашаму кіеўскаму[3][6].
У 1596 годзе мястэчку Рожаеву было нададзенае Магдэбурскае права[7].
12 жніўня 1600 году падкаморы кіеўскі Шчасны Харлінскі з каморнікам Сымонам Уруцкім правялі разьмежаваньне добраў Рожава і Ракавічаў Стэфана Лозкі, маршалка мазырскага, з добрамі Пукаў, Батыеў, Манастырышча, Мілейчычы і Шчэнкаўка, якія ён здумаў прадаць Яну Бутовічу, харунжаму кіеўскаму[8].
19-м жніўня 1613 году датаваная справа, у якой панства Лукаш і Зофія Кміцянка Сапегі судзіліся з панам Стэфанам Лозкам за падданых, зьбеглых да ягонага Рожава з Тоўстага Лесу, Мухаедавічаў і Смалігавічаў. 12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хвойніцкіх добраў, паклікаў у суд маці Гальшку з Гулевічаў і недарослага сына Міхала Лозкаў за тое, што іхныя падданыя з маёнткаў Юравічы і Загальле напалі на карчму ў Рашаве, забралі там паташ, а яшчэ валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да Загальля і Рожава. Да маёнтку Рожаў[b] нібыта зьбеглі й сяляне Харлінскага з Астраглядавічаў, Дворышча, Храпкава, Хвойнікаў[9].
25 жніўня 1618 году ў Кіеўскі гродзкі суд шляхетны Пётар Жароўскі, слуга пані Гальшкі Лозчынай, маршалкавай мазырскай, ад яе імя падаў пратэст супраць нейкага Яраша Сумы, палкоўніка «людей люзныхъ, своволныхъ, драпезцовъ и лупезцовъ», Андрэя Воўка, Себасьціяна Грушэцкага, Нячэцкага, Вольскага, Сускага, як прынцыпалаў, а і супраць іншых шэраговых наезьнікаў. Адбылося тое, што 12 жніўня Я. Сума, нібыта рыхтуючыся да выправы з войскам каралевіча Ўладыслава ў Масковію, паслаў сваіх людзей да адміністратара Рожава пана Валерыяна Хрусьлінскага і мяшчанаў пад маркай збору стацыі[c]. Пакуль пасланцы адцягвалі ўвагу, полк збройных «лупезцовъ» атачыў места. Пачаліся рабаўніцтвы, а разам забойствы і калечаньне зусім непадрыхтаваных да нападу жыхароў. Уварваўшыся ў замак, свавольнікі, акрамя іншага, забралі вайсковыя запасы. Рожаўскія добры былі тады моцна зруйнаваныя і спустошаныя[10].
Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскага ваяводзтва 1628 году, пані маршалкавая Стэфанавая Лозчына зь мястэчка Рожава, з дымоў рынкавых і вулічных, з млыновых колаў за шэсьць пабораў выплаціла 72 злотых[11].
Міхал Лозка ў 1638 годзе прадаў рожаўскі маёнтак Мікалаю Цэтнэру[1].
Паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, з сотні дымоў мястэчка Рожава і сяла Сітнікаўшчыны пана Мікалая Цэтнэра выбіралася 100 злотых[12].
У студзені 1654 году царскі слуга Леонтей Лопухин, пасланы з Масквы да Белацаркоўскага палку, прыводзіў да прысягі на вернасьць Расейскай дзяржаве жыхароў 20 местаў, сярод якіх былі Фастаў-«пуст», Бышаў-«пуст» і Рожаў-«пуст»[13]. Недзе пры канцы 1654 году расейскі цар Аляксей Міхайлавіч падараваў бязьлюднае мястэчка Рожаў з прылегласьцямі Данілу Выгоўскаму, які менавіта тады езьдзіў да Масквы з чалабіцьцем па сямейных справах ад свайго брата пісара Івана Выгоўскага[14].
Пасьля Андрусаўскага замірэньня 1667 году, Рожаў і іншыя паселішчы вярнуліся да паноў-шляхты, падданых Рэчы Паспалітай. Але ў якім стане... Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1683 годзе з 2 дымоў места Рожава пана Цэтнэра выплачваўся 1 злоты[15].
Мястэчка Рожаў згаданае ў тарыфах падымнага Кіеўскага ваяводзтва 1711 і 1714 гадоў. У тарыфе 1715 году паведамляецца, што Рожавам, Сітнікамі і Камароўкай валодалі вяльможныя Аляксандар, Мікалай, Юзаф і Францішак Цэтнэры. На 1724 год у мястэчку Рожаве налічвалася 22 двары, зь якіх выплачвалася 76 грошаў, Сітнікі, Камароўка, Карашын — puste. У 1734 годзе ў Рожаве было 30 двароў, у Сітніках 20, у Карашыне 9, у Хвасаве 20[16].

Найранейшыя пакуль зьвесткі аб прыходзе Рожаўскай царквы Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы вядомыя зь візыты Фастаўскага дэканату 1740 году. Да яго належалі верныя з 56 двароў у самым мястэчку і 28 двароў у вёсцы Карашыне. Душ, дапушчаных да споведзі, — каля 350. Узначальваў прыход сьвятар Андрэй Данкевіч. Будынак царквы, узьведзены каля 1700 году, стаяў нахілены, як бы не абваліўся[17].


Згодна з матэрыяламі візыты Фастаўскага дэканату 1751 году, у Рожаве красаваў ужо новы будынак царквы, узведзены ў 1742 годзе намаганьнямі тутэйшага дэкана і пароха царквы ў Матыжыне Яна Клеваноўскага са згоды афіцыяла кіеўскага Язафата Высоцкага на месцы старога лядашчага. Парохам — рэкамэндаваны яснавяльможным Ігнацыем Сапегай, падскарбіем надворным літоўскім, а. Раман Бардзякоўскі. Прыход складалі верныя з 100 двароў мястэчка Рожава і сяла Небеліцы. Душ да споведзі — 500[18].
Паводле тарыфу падымнага 1754 году, Рожаўскі маёнтак вяльможных Ігнацыя і Людвікі з Патоцкіх Цэтнэраў складалі 60 двароў места Рожава[d] (×6 — каля 360 жыхароў), зь якіх «do grodu» (Жытомірскага замку) выбіралася 9 злотых, 11 грошаў і паўтара шэляга, «do skarbu» 37 зл., 16 гр.; 40 двароў (≈240 жыхароў) вёскі Sytniki адпаведна — 6 зл., 7 гр. і паўтара шэл., 25 зл.; 14 двароў (≈84 жыхары) вёскі Jurowka — 2 зл., 5 гр., 8 зл., 20 гр.; 40 двароў (≈240 жыхароў) вёскі Fasowa — 6 зл., 7 гр. і паўтара шэл., 25 зл.; 34 двары (≈204 жыхары) вёскі Karaszyn — 5 зл., 9 гр., 21 зл., 6 гр.; 21 двор (≈126 жыхароў) вёскі Niebylica — 3 зл., 8 гр. і паўтара шэл., 13 зл., 4 гр.; 2 двары (≈12 жыхароў) вёскі Komarowka — 9 гр., 1 зл., 6 гр.; 3 двары (≈18 жыхароў) вёскі Kopijowka — 13 гр. і паўтара шэл., 24 гр.[19].
У 1764 годзе ваявода бэлзскі Ігнацы Цэтнэр атрымаў дазвол замены дзедічнага Рожава з прылегласьцямі на каралеўшчыну Бунаў, Любыні, Хатынчу, частку Грушава, а таксама Дарагомышаль і частку Княжа ў ваяводзтве Рускім[20]. З таго часу Рожаў ператварыўся ў цэнтар староства, якое трымаў сам Ігнацы Цэтнэр[1].
У 1770 годзе Ігнацы Цэтнэр выплачваў з Рожаўскага староства, г. зн. з мястэчка Рожава, вёсак Небыліцы, Сітнякоў, Камароўкі з Рудняй і Змораўкі (Жмураўкі), 3706 злотых і 6 грошаў кварты[e][21].
Габрэйскі перапіс 1775 году засьведчыў, што ў цэлым Рожаўскім кагале налічвалася 106 плацельшчыкаў пагалоўшчыны, зь іх у самым месьце ў 8 дварах 59 чалавек, у Фасаве 7, у Карашыне 9, у Сітняках 6, у Капцееўцы 6, у Небеліцы 10, у Красным 9. У 1778 годзе агульная колькасьць głow у кагале – 105; зь іх у Рожаве – 8 двароў, 34 głowy, у Сітняках 4 głowy, у Юраўцы 10, у Капцееўцы 8, у Краснай Слабадзе 13, у Карашыне Вялікім 13, у Карашыне Малым 9, у Небеліцы 6, у Фасаве 8. На 1784 год у мястэчку ў 5 дварах жыло 15 чалавек, у Сітняках 5, у Юраўцы 9, у Хвасаве 8, у Красным 4, у Карашыне Малым 5, у Карашыне Вялікім 6, у Небеліцы 6, у Капцееўцы 2, усяго – 60 głow. У 1787 годзе кагал налічваў 68 głow, зь якіх у Рожаве было 8 двароў з 25 жыхарамі, у Фасаве 9 асобаў, у Юраўцы 8, у Капцееўцы 3, у Сітняках 4, у Красным 4, у Небеліцы 6, у Карашыне Вялікім 6, у Карашыне Малым 3[22].
Згодна зь люстрацыяй 1789 году, мястэчка Рожаў над ракой Здвыж мела 70 двароў хрысьціянскіх і 9 двароў юдэйскіх, замачак над ставам, апаркаваны дубовым тынам, што пачаў ужо ападаць, царкву і два млыны. Да староства, якое заставалася ў трыманьні Ігнацыя Цэтнэра, ваяводы бэлзскага, належалі вёскі Небеліца, Камароўка, Сітнякі, Жмураўка і Бароўка; агульны прыбытак складаў 17 847 злотых, 23 грошы[23].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рожаў апынуўся ў Расейскай імпэрыі. З 1797 году мястэчка — у межах Радамышальскага павету Кіеўскай губэрні.
У парэформавы пэрыяд мястэчка Рожаў адміністрацыйна належала да Ставіцкай воласьці. На 1885 год тут налічваўся 201 двор з 1966 жыхарамі, дзейнічалі царква, 3 габрэйскія малітоўныя дамы, школа, 3 піўных, 14 лавак, праводзілася 8 кірмаоў[24].
На 1900 год адміністрацыйная прыналежасьць Рожава часткова зьмянілася. Тады ўладальніцкае мястэчка адносілася да Брусілаўскай воласьці Радамышальскага павету. У яго 328 дварах налічвалася 1167 жыхароў мужчынскага і 1189 жаночага полу, усяго — 2356 чалавек. Зямлі ў мястэчку — 1703 дзесяціны, зь якіх 112 дз. належалі абшарніку Віктару Якаўлеву Тапачэўскаму, 40 дз. — цэркве, 1473 дз. — сялянам, 78 дз. — людзям іншых саслоўяў. Гаспадарка ўсімі вялася паводле трохпольнай сістэмы. У мястэчку дзейнічалі праваслаўная царква, сінагога, аднакласная міністэрская школа, 2 вадзяныя млыны, 3 кузьні і 1 хлебазапасны магазын, у якім на 1 студзеня 1900 году было хлеба 175 чвэрцяў азімага і 87 чв. яравога. Запасны харчовы капітал складаў 482 рублі. Пажарны абоз — 5 бочак. У Рожаўскай габрэйскай калёніі — 41 двор з 384 мужчынамі і 343 жанчынамі, усіх — 727 чалавек. Асноўныя заняткі жыхароў — земляробства і гандаль. Зямлі ў калоніі лічылася 48 дзесяцін. Трохпольная сістэма[25].


Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На 1925 год мястэчка Рожаў — у складзе Макараўскага раёну Кіеўскай акругі УССР.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 4 Edward Rulikowski. Rożów // Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. T. IX. S. 870—872
- ↑ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki (надалей: Boniecki). – Warszawa, 1913. T. XVI. S. 49
- 1 2 3 Źródła dziejowe (ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 477 — 480
- ↑ Boniecki. – S. 50
- ↑ Volumina Legum (VL). Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ↑ Boniecki. – S. 50 – 51
- ↑ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 452
- ↑ Книга Київського підкоморського суду (1584–1644). / Упорядники: Г. В. Боряк, Т. Ю. Гирич, Л. 3. Гісцова, В. М. Кравченко, В. В. Німчук, Г. С. Сергійчук, В. В. Страшко, Н. М. Яковенко. — Київ, 1991. № 18
- ↑ ŹD. T. XXI. — S. 201—202, 281
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 3. Т. 1. Акты о казаках (1500 – 1648 гг). — Киев, 1863. С. 259 – 262
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 395
- ↑ Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 199
- ↑ Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы в трёх томах. Т. 3. 1651 — 1654 гг. — Москва: Изд. АН СССР, 1953. С. 517
- ↑ Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 15. – С.-Петербург, 1892. Стб. 2
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. — С. 496, 506
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 63, 73, 93, 148, 247
- ↑ Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага (ІР НБУВ). Ф. 233. Спр. 19. А. 849-852
- ↑ ІР НБУВ. Ф. 1. Спр. 2464. А. 546адв.-548
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 48
- ↑ Konfederacya Generalna omnium ordinum Regni et Magni Ducatus Lituaniae na Konwokacyi Główney Warszawskiey uchwalona, dnia siodmego miesiąca maja, roku Pańskiego tysiącznego siedmsetnego szesćdziesiątego czwartego. S. 89-90; VL. Tom VII. — 1860. S. 47
- ↑ Summaryusz królewszczyzn w całey Koronie Polskiey, z wyrażeniem possessorów y siła, która płaci roczney kwarty. Spisany 1770 roku. S. 41
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 221, 307, 394—395, 504
- ↑ Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana przez Michała Balińskiego i Tymoteusza Lipińskiego. Wydanie drugie poprawione i uzupełnione przez F. K. Martynowskiego. — Warszawa, 1885. T. 2. S. 611
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 3.: Губернии Малороссийские и юго-западные: Харьковская, Полтавская, Черниговская, Киевская, Волынская, Подольская. – С.-Петербург: Центр. статист. комитет, 1885. С. 169
- ↑ Список населённых мест Киевской губернии. — Киев, 1900. С. 1015 — 1016
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Edward Rulikowski. Rożów // Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. T. IX. S. 870—872
- Похилевичъ Л. И. Сказанія о населённыхъ местностяхъ Кіевской губерніи или Статистическія, историческія и церковныя заметки о всѣхъ деревнях, мѣстечкахъ и городахъ, въ предѣлахъ губерніи находящихся / Собралъ Л. Похилевичъ. — Кіевъ, 1864 (перавыданьне: Біла Церква: Видавець О. В. Пшонківський, 2005. — XXII+642 с, 8 іл.)