Перайсьці да зьместу

Расстрэл паветранага шара ў Беларусі (1995)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Расстрэ́л паве́транага ша́ра — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 12 верасьня 1995 року ў Бярозаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі зьбілі амэрыканскі паветраны шар D-Caribbean, які ўдзельнічаў у міжнародным спаборніцтве паветраплавальнікаў ды заляцеў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Польшчы. Пры падзеньні шару загінулі абодва пілёты, Алан Фрэнкель і Джон Сьцюарт-Джэрвіс.

9 верасьня 1995 року ў Швайцарыі пачаўся Кубак імя Гордана Бэнэта ў паветраплаваньні. Удзельнікі намагаліся праляцець як найбольшую дыстанцыю. Звычайна спаборніцтвы трывалі два, максымум тры дні. Але менавіта ў гэтым годзе спрыяльныя ўмовы ўпершыню дазволілі асобным спартоўцам пратрымацца ў паветры больш за 72 гадзіны. Гандолы кожнага паветранага шара былі пазначаныя жоўтымі сьцягамі ўдзельнікаў Кубка Бэнэта. Арганізатары гонкі таксама папярэдне адаслалі паведамленьні пра магчымыя пралёты ва ўсе краіны на шляху, акрамя Расеі. Беларускія авіядыспэтчары не папярэдзілі пагранічныя і супрацьпаветраныя сілы пра магчымасьць зьяўленьня над Беларусяй паветраных шароў, бо палічылі, што факсы былі ім дасланыя памылкова[1].

Перасекшы Нямеччыну, Чэхію, Славаччыну і Польшчу, ранкам 12 верасьня, на чацьверты дзень змаганьняў, паветраныя шары Spirit of Springfield і D-Caribbean пераляцелі на тэрыторыю Беларусі. А 9:34 ранку пагранічнікі заўважылі ў небе аб’ект, які рухаўся ў небе ў бок Пружаны, і паведамілі пра гэта супрацьпаветранай абароне[1]. Дзеля ідэнтыфікацыі з засімавіцкай авіябазы быў падняты верталёт Мі-24; пра прысутнасьць у кабіне шара людзей беларускія вайскоўцы ня ведалі, і тагачасны міністар абароны Анатоль Кастэнка атрымаў загад яго зьнішчыць. Зьбіты а 11:54 D-Caribbean упаў на ўскрайку дачнага каапэратыву маторарамонтнага заводу каля Бярозы, экіпаж загінуў[2].

Пазьней у Беларусь заляцеў трэці паветраны шар Aspen зь пілётамі ЗША Маркам Саліванам (анг. Mark Sullivan) і Дэйвідам Левінам (анг. David Levin). А 14:15 яны прызямліліся пад Зэльвай, пасьля допытаў і штрафу за адсутнасьць беларускіх візаў былі дэпартаваныя ў Польшчу[1].

Spirit of Springfield з грамадзянамі ЗША Майкам Ўолэсам (анг. Mike Wallace) ды Кевінам Брыльманам (анг. Kevin Brielmann) даляцеў да палескіх балотаў, дзе атрымаў загад на прымусовую пасадку ад пілётаў Мі-24. Пераляцеўшы балоты, яны прызямліліся ў ваколіцах Давыд-Гарадка[1].

Джон Сьцюарт-Джэрвіс (па-ангельску: John Stuart-Jervis) — 67-гадовы ангелец, меў багаты досьвед пілятаваньня вайсковых летакоў Вялікабрытаніі і ЗША. У Другую сусьветную вайну ён запісаўся ў авіяцыю(d) Каралеўскіх вайскова-марскіх сілаў; ваяваў падчас Суэцкага крызісу, у 1956 року быў зьбіты і сеў на ваду, дзе яго выратаваў францускі крэйсэр. Пазьней ваяваў у Віетнаме ў авіяцыі ЗША[1].

Алан Фрэнкель (анг. Alan Fraenckel) — 55-гадовы пілёт авіякампаніі Trans World Airlines(d), які навучыўся лётаць у ВМС ЗША[1].

Зьбіты паветраны шар стаў прычынай міжнароднага скандалу і расьсьледаваньня. Экіпаж вайсковага верталёта Мі-24, які зьбіў шар, доўга дапытвалі, потым узнагародзілі гадзіньнікамі. Дзяржаўная камісія ў справе высьвятленьня прычынаў трагедыі так і не патлумачыла, ці насамрэч была неабходнасьць яго зьбіваць. Тагачасны начальнік аддзелу апэратыўнага рэагаваньня Савету бясьпекі Юры Сівакоў настойваў, што амэрыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх зьбілі: падняўшыся на вялікую вышыню (2300 м), памерлі ад недахопу тлену[2]. Іншыя экспэрты не выключалі, што спартоўцы сапраўды маглі быць непрытомныя, але да зямлі ляцелі жывымі. Улады спрабавалі ўвогуле схаваць навіну ад грамадзкасьці — амбасада ЗША толькі праз суткі даведалася пра гібель сваіх грамадзянаў. Ніхто зь беларускіх афіцыйных асобаў ня ўзяў на сябе адказнасьць за інцыдэнт. Але пасьля гэтага паветраныя шары, якія траплялі на тэрыторыю Беларусі з-за мяжы, намагаліся пасадзіць.

У 1996 року Міжнародная авіяцыйная фэдэрацыя(d) забараніла спаборніцтвы над тэрыторыяй Беларусі да тае пары, пакуль беларускія ўлады ня ўхваляць рэкамэндацыі, атрыманыя пасьля гібелі Сьцюарта-Джэрвіса і Фрэнкеля[3].

У першую гадавіну трагедыі дэмакратычныя актывісты зь Бярозы (сябры БНФ Сяржук Русецкі з аднапартыйцамі) усталявалі на месцы падзеньня амэрыканскіх паветраплавальнікаў памятны знак — валун з надпісам «Прабачце»[2].

Міжнародная авіяцыйная фэдэрацыя пасьмяротна ўручыла загінулым дыплём Мангальф’е[3].

  1. ^ а б в г д е Davidson, Nick The Balloon that Fell from the Sky (анг.). The Atavist Magazine. Праверана 3 кастрычніка 2025 г.
  2. ^ а б в Як 20 гадоў таму беларуская авіяцыя расстраляла паветраны шар з амэрыканцамі Здарэньні. Радыё „Свабода“ (19 ліпеня 2015). Праверана 3 кастрычніка 2025 г.
  3. ^ а б „Что с ним делать?“ — „Сбивай!“ История гонки на воздушных шарах, которая закончилась смертью в небе над Беларусью (рас.). Настоящее время (19 сьнежня 2019). Праверана 3 кастрычніка 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]