Перайсьці да зьместу

Рэвалюцыя 1917 году ў Расеі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Расейская рэвалюцыя 1917 году»)
Рэвалюцыя 1917 году ў Расеі
Народная міліцыя арыштоўвае перапранутых паліцыянтаў, люты 1917 году
Дата: люты 1917 — ліпень 1918
Месца: Петраград, Масква
Прычына: Абгастрэньне ўнутраных супярэчнасьцей Расейскай імпэрыі з прычыны ўдзелу ў Першай сусьветнай вайне
Вынік: Увядзеньне аднапартыйнай сыстэмы, пачатак грамадзянскай вайны

Расе́йская рэвалю́цыя 1917 го́ду — агульны тэрмін для сэрыі рэвалюцыяў у Расеі, якія зьнішчылі царысцкую аўтакратыю і прывялі да стварэньня СССР. Першая рэвалюцыя адбылася ў лютым 1917 году, а другая — у кастрычніку 1917 году. Асноўныя падзеі Лютаўскай рэвалюцыі адбываліся ў Петраградзе. Кіраўніцтва арміі на чале з начальнікам штаба Вярхоўнага Галоўнакамандуючага генэралам Міхаілам Аляксеевым і камандуючым франтамі й флётамі палічыла, што яны ня маюць сродкаў на падаўленьне рэвалюцыі. Апошні расейскі цар Мікалай II адрокся ад пасаду. Пасьля таго, як ягоны меркаваны пераемнік, вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч таксама адмовіўся ад стальца, Дзярждума ўзяла краіну пад свой кантроль, утварыўшы Часовы ўрад Расеі.

З утварэньнем паралельных Часоваму ўраду Саветаў пачаўся пэрыяд двоеўладзьдзя. Бальшавікі сфармавалі атрады ўзброеных працоўных Чырвонай гвардыі[1], дзякуючы папулісцкім лёзунгам заваяваўшы значную папулярнасьць, у першую чаргу ў Петраградзе, Маскве, у буйных прамысловых гарадах, Балтыйскім флёце, войсках Паўночнага й Заходняга франтоў.

Падчас Кастрычніцкага перавароту, падкантрольны бальшавікам, на чале зь Леніным, Петраградзкі ВРК, зрынуў Часовы ўрад. На II Усерасейскім зьезьдзе саветаў працоўных і жаўнерскіх дэпутатаў бальшавікі вытрымалі цяжкую барацьбу супраць меншавікоў і правых эсэраў, сфармаваўшы першы савецкі ўрад. У сьнежні 1917 году была складзена ўрадавая кааліцыя бальшавікоў і левых эсэраў. У сакавіку 1918 году была складзена Берасьцейская мірная дамова зь Нямеччынай.

Да лета 1918 году канчаткова сфармаваўся аднапартыйны ўрад, і пачалася актыўная фаза Грамадзянскай вайны ў Расеі, насталая ў выніку паўстаньня Чэхаславацкага корпусу. Канчатак Грамадзянскай вайны стварыла ўмовы для стварэньня Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Вялікі князь Мікалай Міхайловіч, самы радыкальны князь. Бзвынікова спрабаваў схіліць Мікалая II да ўвядзеньня «адказнага міністэрства»

На думку некаторых дасьледчыкаў выкліканая падзеямі крывавай нядзелі рэвалюцыі 1905 году сталася асноўнай перадумовай лютаўскай рэвалюцыі 1917 году. У 1905 годзе ўпершыню быў створаны Петрасавет, то бок «Пецярбурскі савет працоўных дэпутатаў». Адным з выклікаў, зь якім сутыкнулася Расея з пачаткам вайны, стала блякада, арганізаваная Цэнтральнымі дзяржавамі. Пасьля ўступленьня Турэччыны на баку Цэнтральных дзяржаваў у кастрычніку 1914 году, Расея была пазбаўленая асноўных гандлёвых маршрутаў праз тэрыторыю Турэччыны, у той час калі Нямеччына заблякавала Балтыйскае мора. Блякада ўскладняла ў тым ліку й ваенны імпарт. Сама ж Нямеччына навырабляла вялікую колькасьць боепрыпасаў, змагаючыся пры гэтым на двух асноўных франтох.

Да пачатку 1917 году працяглая Першая сусьветная вайна моцна абгастрыла становішча ў Петраградзе. Ваенная гіпэрінфляцыя прывяла да таго, што вытворцы пачалі ў масавым парадку прытрымліваць хлеб, спадзеючыся на яшчэ большае павелічэньне цэн. Як паказвае дасьледчык Сяргей Няфёдаў да канца 1916 году традыцыйная рынкавая сыстэма забесьпячэньня гарадоў пачала развальвацца, царскі ўрад пачаў рабіць першыя спробы арганізаваць харчразьвёрстку. 8 верасьня 1916 году Мікалай II зацьвердзіў палажэньне Савета міністраў аб крымінальнай адказнасьці гандляроў і прамыслоўцаў «за ўзвышэньне ці паніжэньне коштаў на прадметы харчаваньня альбо неабходнай патрэбы»[2].

Гісторык-дасьледчык лютаўскіх падзей 1917 году, іхны сучасьнік Сяргей Мельгуноў у сваім дасьледаваньні сьцьвярджаў, што пастулат пра голад як чыньнік рэвалюцыі, які меркаваўся, зьяўляецца няжыцьцяздольным[3]. Зь іншага боку, дасьледчык Няфёдаў сьцьвярджаў процілеглае й прывёў падрабязны эканамічны аналіз мэханізму ўзьнікненьня перабояў у забесьпячэньні з прычыны ваеннай гіпэрінфляцыі[4]. Самі ж улады Петраграда, у асобе генэрала Сяргея Хабалава й кіраўніка гораду Аляксандра Балка, ацэньвалі запасы хлеба ў Петраградзе на момант пачатку рэвалюцыі як дастатковыя. Дасьледчык Рычард Пайпс далучаецца да гэтай ацэнцы, аднак таксама паказвае на ваенную гіпэрінфляцыю й перабоі ў забесьпячэньні Петраграда палівам.

У Петраградзе пачаліся паўстаньні. У лютым 1917 году на вуліцах зьявіўся натоўп з надпісамі на плякатах «Далоў вайну». Цяжкія страты падчас вайны таксама ўмацоўвалі думкі, што цар Мікалай II ня быў прыдатным да кіраваньня. Да 1917 году страты Расейскай імпэрыі ў Першай сусьветнай вайне дайшлі да 2,5 млн загінуўшых жаўнераў (забітых у баі, зьніклых бязь вестак, якія памерлі ад ран і хвароб, якія памерлі ў палоне) і да 1 млн цывільных асобаў. Вайна моцна абясцэніла чалавечае жыцьцё, зрабіўшы звыклай гібель мільёнаў людзей. За ўсю гісторыю Расеі ўпершыню была набрана на мабілізацыі велізарная армія, празь якую прайшлі да 15 млн чалавек з 175-мільённага насельніцтва. 80—90% мабілізаваных жаўнераў склалі сяляне, у тым ліку якія прыйшлі ў войска са сваімі ўяўленьнямі пра «зямлю й волю». Частку арміі склалі кадравыя завадзкія працоўныя, мабілізаваныя ў 1914—1916 гадох і замененыя на заводах выхадцамі зь вёсак.

У кастрычніку 1916 году дырэктар Дэпартамэнта паліцыі міністэрства ўнутраных справаў Васільеў прадставіў даклад аб настроях насельніцтва на месцах, які паказваў, што «асноўнай прычынай азлабленьня называецца жахлівая дарагоўля», у абедзьвюх сталіцах «апазыцыйнасьць настрояў» нашмат пераўзыходзіла ўзровень 1905 году, што можа прывесьці да ўспышкі ў сталіцах «буйных беспарадкаў чыста стыхійнага характару». У той жа час начальнік Кранштацкага гарнізона дакладваў, што ў выпадку беспарадкаў на войскі разьлічваць нельга з прычыны іхняй ненадзейнасьці[4]. Жаўнеры падвяргаліся шэрагу зьневажальных абмежаваньняў: ім дазвалялася перасоўвацца ў трамваях толькі на падножках, у тэатрах не дазвалялася сядзець побач з афіцэрамі. З 1915 году ў арміі былі адноўлены цялесныя пакараньні ў выглядзе лупцоўкі розгамі[5], сярод афіцэраў быў распаўсюджаны зварот на «ты» да жаўнераў і рукапрыкладзтва.

Генэрал Дзьмітры Дубенскі, які ў лютым 1917 году знаходзіўся ў царскай сьвіце ў якасьці афіцыйнага гістарыёграфа, адзначаў, што «былі такія батальёны, якія мелі па 12—15 тысяч чалавек. Усе яны зьмяшчалася ў скучаным выглядзе ў казармах, дзе людзі разьмяшчаліся для сну ў два-тры й чатыры ярусы. Назіраць за такімі часткамі станавілася цяжка, не хапала афіцэраў, і магчымасьць прапаганды існавала поўная. У сутнасьці гэтыя запасныя батальёны зусім не былі прэабражэнаўцамі, сямёнаўцамі, егерамі й гэтак далей. Ніхто з маладых жаўнераў не быў яшчэ ў палках, а толькі навучаўся, каб потым патрапіць у шэрагі таго ці іншага гвардзейскага палка й атрымаць дух, фізіяномію часткі й увабраць ейныя традыцыі. Многія з жаўнераў запасных батальёнаў не былі нават прыведзены да прысягі. Вось чаму гэты малады кантынгент так званых гвардзейскіх жаўнераў ня мог быць трывалым і, выйшаўшы 24, 25 і 26 лютага на ўціхамірваньне беспарадкаў, захістаўся й затым пачаўся бессэнсоўны й бязьлітасны жаўнерскі бунт»[6].

Акрамя таго, частка жаўнераў і матросаў складалі мабілізаваныя працоўныя, у тым ліку тыя, хто раней удзельнічалі ў рэвалюцыйнай дзейнасьці; у першую чаргу гэта адносілася да Кранштацкай ваенна-марской базы, а таксама да ваенна-марской базы ў Гэльсынгфорсе. Умовы ваеннай службы ў Кранштаце былі цяжкімі й суправаджаліся зьневажальнымі абмежаваньнямі ніжніх чыноў, напрыклад, матросам забаранялася хадзіць па ўсходнім баку галоўнай вуліцы, ля ўваходу на Кацярынскі бульвар зьмяшчалася шылда, якая забараняла ўваход «сабакам, жаўнерам і матросам»[7].

Хваляваньні ў войску й на флёце пачаліся задоўга да 1917 году. Гэтак 19 кастрычніка 1915 году збунтаваўся стаяўшы на гэльсынгфорскім рэйдзе лінкар «Гангут», 2 траўня 1916 году адзначаны першы выпадак адмовы казакоў разганяць натоўп. Як адзначае дасьледчык Няфёдаў, у кастрычніку 1916 году адбыліся бунты жаўнераў на разьмеркавальных пунктах у Гомлі й Крэменчуге, 17 кастрычніка жаўнеры 181-га палка далучыліся да натоўпу працоўных Выбарскага раёна Петраграда, 29 кастрычніка 1916 году выкліканыя для разгону страйку жаўнеры замест працоўных адкрылі агонь па паліцыі. Францускі амбасадар у Петраградзе Марыс Палеоляг у сваім рапарце францускаму зьнешнепалітычнаму ведамству адзначыў гэты інцыдэнт, як «вельмі паказальны», і заяўвіў, што «… у выпадку паўстаньня нельга разьлічваць на войска … мы павінны ўжо цяпер прадбачыць банкруцтва нашай хаўрусьніцы [Расеі] й зрабіць з гэтага ўсе неабходныя высновы».

Апошняй кропляй стала зачыненьне 21—22 лютага ўладамі найбуйнейшага ў Петраградзе Путылаўскага завода — працоўныя паспрабавалі падняць страйк, нягледзячы на ​​тое, што завод з пачаткам вайны быў нацыяналізаваны, а страйкі на дзяржаўных ваенных заводах строга забараняліся. З-за гэтага інцыдэнту на вуліцы былі выкінутыя 36 тысячаў пакрыўджаных працоўных. Настрой петраградзкіх працоўных быў выбуханебясьпечным: гэтак, 8 лютага путылаўскмя працоўныя закідалі паліцыю жалезнымі абломкамі й кавалкамі дзындры.

Лютаўская рэвалюцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Барыкады на Ліцейным праспэкце ў лютым 1917 году

23 лютага, ці паводле новага стылю, 8 сакавіка 1917 году, у «Міжнародны жаночы працоўны дзень», у Петраградзе пачалася дэманстрацыя жанчын-працаўніцаў Неўскай ніткавай мануфактуры, якія патрабавалі ліквідаваць перабоі ў забесьпячэньні Петраграда хлебам і вярнуць з фронту мужоў. Мяркуючы па ўсім, забастоўка ўзьнікла стыхійна; бальшавік Васілій Каюраў, які непасрэдна курыраваў гэтую мануфактуру, у сваіх успамінах паведамляў, што 22 лютага «параіў» ўстрымацца ад страйку, бо для яго «не было падставы»[8]. Да дэманстрацыі далучыліся працоўныя Путылаўскага заводу, 22 лютага ўсе пагалоўна ў складзе 36 тыс. чалавек звольненыя за страйк. Натоўп запоўніў Сампсаніеўскі праспэкт. Дзякуючы «зьняцьцю» суседніх фабрык і заводаў страйк разрастаўся, да 24 лютага да 170 тыс. працоўных, да 28 лютага да 240 тыс. працоўных[8].

24 лютага камандуючы Петраградзка ваеннай акругай генэрал Сяргей Хабалаў заяўвіў, што «за апошнія дні водпуск мукі ў пякарні для выпечкі хлеба ў Петраградзе робіцца ў тым жа аб’ёме, што й раней. Недахопу хлеба ў продажы не павінна быць. Калі ж у некаторых крамах хлеба іншым не хапіла, то таму, што многія, асьцерагаючыся недахопу хлеба, куплялі яго ў запас на сухары. Жытняя мука маецца ў Петраградзе ў дастатковай колькасьці. Падвоз гэтай мукі ідзе бесьперапынна». Аднак пасьля гэтага дэманстрацыі на зьмяншэньне не пайшлі: на Неўскім праспэкце, Ліцейным праспэкце, Садовай вуліцы й Знаменская плошчы зьявіліся велізарныя натоўпы, а 12 гадзіны дня Петраградзкі кіраўнік гораду Балк паведамляў генэралу Хабалаву, што паліцыя «не ў стане спыніць рух і навалу народа».

Па ўсёй бачнасьці, першай ахвярай рэвалюцыі становіцца прыстаў Крылоў, забіты казаком 25 лютага а 3 гадзіны дня пры спробе разагнаць рэвалюцыйны натоўп[9], што сабраўся на Знаменскай плошчы на ​​вялікі мітынг каля помніка Аляксандру III. Дасьледчык Каткоў указвае, што прыстаў Крылоў спрабаваў праскочыць скрозь натоўп, каб сарваць чырвоны сьцяг, аднак казак нанёс яму некалькі шабельных удараў, а дэманстранты дабілі Крылова лапатай. Каткоў таксама паказвае, што ў Крылова стралялі з казачай вінтоўкі, аднак пры выкрыцьці агнястрэльных раненьняў не было выяўлена. Мяркуючы па данясеньням генэрала Хабалава цару, зробленыя 25 лютага ў 17:30, у той жа дзень, акрамя прыстава Крылова, яшчэ «чатыры чыны паліцыі атрымалі паранені», і таксама «раніцай паліцмайстару Выбарскага раёна зламалі руку й нанеслі ў галаву рану тупой прыладай».

На Выбарскім боку зьявіліся барыкады з тэлеграфных слупоў і трамвайных вагонаў. У той жа дзень генэрал Хабалаў атрымаў загад цара «неадкладна спыніць беспарадкі, недапушчальныя ў цяжкі час вайны з Нямеччынай і Аўстрыяй». Кіруючыся гэтым загадам, генэрал Хабалаў патрабаваў ад працоўных у тэрмін да 28 лютага скончыць страйкі, пагражаючы ў адваротным выпадку адпраўкай іх на фронт. У ноч з 25 на 26 лютага паліцыя правяла масавыя арышты сацыялістаў, да ста чалавек, але на падзеі гэта ніяк не паўплывала.

Баі на петраградзкіх вуліцах у лютым 1917 году

26 лютага ўзбунтавалася 4-я рота рэзэрвовага батальёна лейб-гвардыі Паўлаўскага палка, які ўдзельнічаў у разгонах дэманстрацыяў. Адбылася перастрэлка жаўнераў Паўлаўскага палка з паліцыяй, і з уласнымі афіцэрамі[10]. Бунт быў падаўлены сіламі Праабражэнскага палка. Камэндант Петрапаўлаўскай крэпасьці адмовіўся прыняць усіх жаўнераў, якія ўдзельнічалі ў бунце, заявіўшы, што ў яго недастаткова месца. Былі арыштаваныя толькі 19 завадатараў, зь ліку жаўнераў палка 21 чалавек дэзэртаваў са зброяй у руках.

У той жа дзень, 26 лютага, царскі ўрад сабраўся на пасяджэньне, на якім абмеркаваў сытуацыю, якая склалася ў сталіцы, і пастанавіў увесьці ў Петраградзе стан аблогі. Аднак уладам не атрымалася нават расклеіць у горадзе паведамленьні аб стане аблогі, бо яны неадкладна зрываліся рэвалюцыянэрамі. Увечары 26 лютага старшыня Дзярждумы Міхаіл Радзянка атрымаў царскі ўказ аб роспуску Дзярждумы з 26 лютага; ўказ афіцыйна быў апублікаваны 27 лютага.

27 лютага ўзбунтавалася таксама вучэбная каманда рээзрвовага батальёна лейб-гвардыі Валынскага палка, якая да гэтага ўдзельнічала ў разгонах. Падчас разгонаў дэманстрацыяў гэтая каманда знаходзілася пад магутным ціскам працоўных, у тым ліку жанчынаў, якія ўгаворвалі «не страляць у сваіх». Асноўным «завадатарам» бунту фактычна стаў унтэр-афіцэр, старэйшы фэльдфэбэль Цімафей Кірпічнікаў, адкліканы ў Петраград з фронту пасьля раненьня[11]. Паводле словах самога Кірпічнікава «публіка акружыла нас ззаду, ідучы на нас яны крычалі: „Салдацікі, не страляйце“ … я ў той час, што называецца, ачмурэў. Думаю: страляць — загіну, не страляць — загінуў». Узбунтаваўшаяся вучэбная каманда забіла свайго камандзіра, капітана Лашкевіча, пасьля чаго бунт распаўсюдзіўся на ўвесь полк, паўсталыя жаўнеры па ўзоры бастуючых працоўных пачалі «здымаць» суседнія часткі, змушаючы іх таксама далучыцца да паўстаньня: праабражэнскі полк, літоўскі полк, сапёрны батальён і іншыя. Натоўп рэвалюцыйных жаўнераў прасунуўся па Кірачнай вуліцы, разграміўшы казармы жандармскага дывізіёна й школу прапаршчыкаў інжынэрных войскаў.

Сацыяльна-эканамічныя працэсы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэвалюцыя ў Расеі адбылася на фоне шэрагу сацыяльных, эканамічных і палітычных працэсаў, некаторыя зь якіх ішлі ў краіне ўжо не адно стагодзьдзе. Лютаўская рэвалюцыя 1917 году зусім не прывяла да імгненнага вырашэньня ўсіх расейскіх праблемаў. Тыя, што ішлі да гэтага часу працэсы, не спыніліся.

Дэмакратызацыя войска

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У час Лютаўскай рэвалюцыі Петрасавет выдаў Загад № 1, першапачаткова прызначаўшыся толькі для жаўнераў-паўстанцаў Петраградзкага гарнізона, аднак стыхійна распаўсюдзіўся па ўсёй арміі. Фактычная адмена ў дзеючай арміі адзінаначальля («дэмакратызацыя войска») прывяла замест чаканай часткай лібэралаў і сацыялістаў павышэньня ейнай боегатоўнасьці — да нарастаньню анархіі ў выглядзе адмоваў жаўнераў ісьці ў наступ і самасуды над афіцэрамі, адбываецца велічэзны рост дэзэртэрства. У якасьці барацьбы з развалам ужо з красавіка 1917 году разгортваецца рух «ўдарных частак», якія таксама зваліся «рэвалюцыйнымі», «штурмавым», «часткамі сьмерці», паралельна з жаўнерскімі арганізацыямі пачынаюць фармавацца афіцэрскія арганізацыі.

Зямельнае пытаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бурны рост насельніцтва ў часы валадараньня Мікалая II павялічыў лішак працоўнай сілы ў вёсцы. Лютаўская рэвалюцыя прывяла да таго, што сяляне пачалі масавыя самазахопы зямель па ўзоры рэвалюцыі 1905 году, а слабы й сумніўны Часовы ўрад аказаўся не ў стане ім перашкодзіць. Не атрымліваючы тавараў з гораду, сяляне сустракалі вельмі варожа першыя спробы ўвядзеньня ў краіне харчразвёрсткі, упершыню пачатыя яшчэ царскім урадам у сьнежні 1916 году, і працягнутыя Часовым урадам у 1917 годзе. Правал харчразьвёрсткі працягваў пагаршаць становішча як у гарадах, працоўныя страйкі, падзеньне прадукцыйнасьці працы ў тым ліку з-за недаяданьня, і ў арміі. Фактычны пачатак «чорнага перадзелу» зямлі падштурхнуў сялянскае па сваім складзе войска да дэзэртэрства. Яшчэ адным фактарам, які прывёў да дэзэртэрства, стаўся прагрэсавальны развал забесьпячэньня арміі; да сьнежня 1917 году на Заходнім фронце пачаўся голад.

Дэградацыя эканомікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ліпеньская дэманстрацыя ў Петраградзе

Часовы ўрад ня здолеў вырашыць і харчовую праблему, якая абгастрылася ў 1916 годзе. Спробы ўвесьці прымусовую харчразьвёрстку праваліліся з-за супраціву памешчыкаў і сялянскіх грамадаў. У сакавіку 1917 году ўводзяцца карткі на хлеб з нормай у 1 фунт хлеба на чалавека ў суткі, да верасьня 1917 году норма ў Петраградзе й Маскве скарачаецца да паўфунта, значныя перабоі з пастаўкамі хлеба назіраліся ў гэты час і на фронце. Недахоп фуражу для коней абмежаваў дзеяньні кавалерыі й коннай артылерыі. 29 сакавіка 1917 году Часовы ўрад увёў «хлебную манаполію», працягваючы распачатыя ў канцы 1916 году спробы царскага ўрада перайсьці да прымусовай харчразьвёрсцы. Гэтыя спробы таксама скончыліся правалам: у цэлым да ліпеня 1917 году плян быў выкананы толькі на 60%. Плян па хлебазагатоўкам за ліпень—жнівень 1917 году быў выкананы ўжо на 40%. У першую чаргу хлеб паступаў на фронт, усё больш абгастраючы становішча ў гарадах.

Паралельна нарастаў крызіс у прамысловасьці: велізарныя ваенныя выдаткі й чыгуначны крызіс пагоршыўся дэзарганізацыяй вытворчасьці, выкліканай рэвалюцыйнай дзейнасьцю працоўных. Яшчэ да рэвалюцыі перакрыцьце паставак імпартнай сыравіны выклікала ў 1914—1915 гадох паліўны крызіс, бо частка вугалю пастаўлялася з Брытаніі праз Балтыйскае мора, якое было заблякавана Нямеччынай. З пачаткам вайны прамысловасьць пачала выпрабоўваць цяжкасьці з пастаўкамі сыравіны, у сувязі з тым, што чыгунка была занятая ў першую чаргу ваеннымі перавозкамі, пераходам большасьці заводаў на абаронныя заказы, мабілізацыя працоўных на фронт.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі гэтыя праблемы толькі пагоршыліся, суправаджаючыся падзеньнем прадукцыйнасьці працы. Падзеньне прадукцыйнасьці працы адзначалася ўжо з 1914—1915 гадох у сувязі зь непрадуманай мабілізацыяй найбольш вопытных працоўных, і заменай іх меней дасьведчанымі й кваліфікаванымі. Пасьля перамогі рэвалюцыі да таго ж прыкметна зьнізілася вытворчая дысцыпліна; як адзначаў Мікалай Галавін у сваёй фундамэнтальнай працы «Ваенныя намаганьні Расеі ў сусьветнай вайне», кіраўнічы й тэхнічны пэрсанал быў затэрарызаваны працоўнымі, і ня мог іх кантраляваць. Падзеньне прадукцыйнасьці працы ў маскоўскай мэталаапрацоўчай прамысловасьці да красавіка 1917 году склала 32%, петраградзкай прамысловасьці — на 20%, здабыча вугалю ў Данбасе да ліпеня 1917 году скарацілася на 30%. Да лета 1917 году зачынілася каля 20% петраградзкіх заводаў, у цэлым у прамысловасьці назіралася падзеньне ў 20—30%. Усяго да ліпеня было зачынена 568 петраградзкіх фабрык і заводаў, звольнена каля 104 тысячаў працоўных.

  1. ^ Орландо Файджес, Народная трагедия, стр.370
  2. ^ «Отечественные записки. 1917». Журнал «Родина».
  3. ^ Мельгунов, С. П. «Мартовские дни 1917 года» предисловие Ю. Н. Емельянова. — М.: Айрис-пресс, 2008. — 688 с.+ вкл. 8 с — (Белая Россия). ISBN 978-5-8112-2933-8, стр. 40
  4. ^ а б Нефёдов С. А. «Первая мировая война и февральская революция 1917 года. Механизм брейкдауна в условиях войны»
  5. ^ Деникин А. И. «Очерки русской смуты». Глава 2. Старая армия перед революцией
  6. ^ «Отречение Николая II. Воспоминания очевидцев». Красная газета; 1990. ISBN 5‑265‑01684‑8
  7. ^ «История Кронштадтской крепости». Петербург-Петроград-Ленинград-Санкт-Петербург
  8. ^ а б Георгий Катков. «Февральская революция». Часть III. Глава 10. Петроградское восстание.
  9. ^ Спиридович А. И. «Великая война и февральская революция». Книга 3, глава 31.
  10. ^ Курлов П. Г. «Гибель Императорской России».
  11. ^ «Передача „Культурный слой“. Восемь дней в феврале. Площадь Восстания».