Райца
| Райца лац. Rajca | |
| Населены пункт | |
Царква і плябанія | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гарадзенская |
| Раён | Карэліцкі |
| Сельсавет | Райцаўскі |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 53°28′03″ пн. ш. 26°01′21″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 305 чал. (2010) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1596 |
| Паштовы індэкс | 231453 |
| Нумарны знак | 4 |
| Райца на мапе Беларусі ± Райца | |
Ра́йца[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Зямчаткі. Цэнтар сельсавету Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 305 чалавек. Знаходзіцца за 16 км на паўднёвы захад ад Карэлічаў, за 35 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня; на аўтамабільнай дарозе Карэлічы — Наваельня.
Райца — старажытная вёска на гістарычнай Наваградчыне. Да нашага часу тут захаваліся сядзібна-паркавы комплекс Путкамераў і Царква Перамяненьня Гасподняга з плябаніяй, помнікі архітэктуры XIX ст.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Першы пісьмовы ўпамін пра сядзібу ў Райцы датуецца 1530 годам[2]. У гэты час вёска знаходзілася ў валоданьні роду Раецкіх.
У дакумэнтах Візытаў уніяцкіх цэркваў Менскага і Наваградзкага сабораў 1680—1682 гадоў у Райцы ўпамінаецца царква ў гонар Раства Хрыстова, збудаваная з фундацыі Раецкіх. Сьвятаром у парафіі служыў а. Мікалай Раецкі, яму дапамагаў а. Андрэй Тамашэўскі. Парафія аб’ядноўвала 405 вернікаў[3] .
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Райца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Наваградзкім павеце[4]. У 1811 годзе пажар зьнішчыў старую царкву. У 1816—1817 гадох палкоўнік Канстантын Раецкі збудаваў новую ўніяцкую царкву Перамяненьня Гасподняга. Яе будынак з бутавага каменю і цэглы выконваў ролю пахавальні Раецкіх. У царкве захоўваўся мясцовашанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнаю срэбнай рызай.
Перад ліквідацыяй Уніі ў 1839 годзе да парафіі Перамяненьня Гасподняга (Сьвятога Спаса) у Райцы Наваградзкага дэканату належылі 1661 вернік, якімі апекаваліся сьвятары: а. Язэп Гарбацэвіч (парах, 50 гадоў) і а. Міхал Бараноўскі (вікары, 30 гадоў). Парафіі належала 2 валокі зямлі, фундушавы капітал складаў 3000 рублёў срэбрам, а яе гадавы даход быў 150 рублёў срэбрам [5]. Па ліквідацыі Уніі яе фундатары Раецкія парупіліся, каб храм належаў рыма-каталікам, аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады адабралі яго ў каталікоў і перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскаму патрыярхату).
У ХІХ ст. Райца належала брату каханай Адама Міцкевіча Марылі — Юзафа Верашчакі. У 1897 годзе Верашчакі прадалі маёнтак Путкамерам (унукам Марылі). У 1910 годзе яго атрымала ў пасаг дачка Яніна, пабраўшыся шлюбам з прафэсарам Кракаўскага ўнівэрсітэту Адамам Жултоўскім.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Райцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Райца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Райцаўскай воласьці атрымалі пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі вёска ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Райца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны Жултоўскія падаравалі свой маёнтак разам з домам, бібліятэкай, калекцыямі малярства і антыкварыяту сёстрам-палатынкам, а самі канчаткова перабраліся жыць у Кракаў.
У 1939 годзе Райца ўвайшла ў БССР. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў колішнім шляхецкім доме разьмясьціўся шпіталь, пазьней — лякарня і паліклініка, потым — вясковая амбуляторыя. У канцы 1990-х гадоў будынак апусьцеў і, як і парк, пачаў прыходзіць у заняпад. У 2009 годзе моцна занядбаны будынак набыла сям’я мастакоў, якія забавязаліся стварыць тут прыватны дом-музэй саломкі і сучаснага мастацтва[2].
За савецкім часам улады спрабавалі разбурыць царкву трактарамі. Аднак, зрабіць гэтага ня здолелі і далі рады толькі зрынуць статую Панны Марыі з фасаду ды пабурылі дэкаратыўныя вежы і кантрафорсы, якія ўмацоўвалі будынак. Храм адбудавалі ў 2000-я гады як царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату пад тытулам Сьвятой вялікамучаніцы Барбары.
На 2001 год у Райцы было 119 двароў. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадка».
- Райца на старых здымках
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
- Сядзіба. Я. Булгак, 1910 г.
- Царква. Т. Барэці, да 1894 г.
- Царква, каля 1900 г.
- Царква, 1916—17 гг.
- Царква. А. Віслоцкі, 1923 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XX стагодзьдзе: 1999 год — 319 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 320 чал.[8]; 2010 год — 305 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Райцы працуюць сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Плябанія (ХІХ ст.)
- Слуп з гербам Раецкіх — «Лебедзь»
- Сядзібна-паркавы комплекс Путкамераў (XVIII—ХІХ стагодзьдзі)
- Царква Перамяненьня Гасподняга (1817 — уніяцкая царква, пазьней — касьцёл, цяпер царква Сьвятой вялікамучаніцы Барбары Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Райцы
- Агульны выгляд
- Брама
- Слуп з гербам
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 249.
- 1 2 Сляды спадчыны. Райца // Intex-press, 27 жніўня 2012 г.
- ↑ Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Уклад. Д. Лісейчыкаў. — Менск, 2009.
- ↑ Jelski A. Rajce // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 493.
- ↑ Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796-1839. — Lublin, 2004. S. 21.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 273.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. Лісейчыкаў. — Менск: І.П. Логвінаў, 2009. — 270 с.
- Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796-1839. — Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2004. ISBN 83-917615-5-X.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Райца , Radzima.org
- Райца (рас.) на Глёбус Беларусі