Перайсьці да зьместу

Радзіма (тэлесэрыял)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Радзіма
Выява лягатыпу
Жанр тэлевізійная драма[d], тэлесэрыял-трымценьнік[d] і шпіёнскі тэлесэрыял[d]
Стваральнік Гоўард Гордан[d], Алекс Ганса[d] і Гедэон Раф[d]
Заснаваны на Ваеннапалонныя[d]
У ролях
Кампазытар
Краіна
Колькасьць сэзонаў 8
Колькасьць сэрыяў 96 (сьпіс эпізодаў тэлесэрыялу „Бацькаўшчына“[d])
Мова ангельская мова
Вытворчасьць
Прадусар
Выканаўчыя прадусары Майкл Кўэста[d], Генры Бромэль[d], Аляксандар Кэры[d], Чып Ёганэсэн[d], Мэрэдыт Штым[d], Лэсьлі Лінка Глятэр[d] і Рон Нюсванэр[d]
Апэратар
Вытворчасьць Кешэт[d]
Месца здымак Паўночная Караліна[2], Шарлот, Тэль-Авіў, Пуэрта-Рыка, Марока, Кейптаўн, Бэрлін, Нью-Ёрк і Рычманд
Даўжыня сэрыі 55 хвіліна
Трансьляцыя
Тэлеканал Showtime[d]
На экранах  —
Фармат відэа 16:9[d][3]
Спасылкі
Афіцыйны сайт
Старонка на IMDb

Радзі́ма (па-ангельску: Homeland) — шпіёнскі тэлесэрыял ЗША, адаптацыя ізраільскага драматычнага сэрыялу Ваеннапалонныя (па-габрэйску: חטופים). Стваральнікі — Гоўард Гордан і Алекс Ганса; стваральнік ізраільскай першакрыніцы Гедэон Раф стаў у амэрыканскай вэрсіі выканаўчым прадусарам. Выканаўцы галоўных роляў сталі Клэр Дэйнс (Кэры Мэтысан, афіцэрка ЦРУ зь біпалярным разладам) ды Дэм’ен Льюіс (Нікаляс Броўдзі, снайпэр-выведнік Корпусу марской пяхоты ЗША). Броўдзі вярнуўся з палону Аль-Каіды, і Мэтысан перакананая, што падчас гэтых васьмі гадоў ён перакінуўся на бок ворага. Вакол ейнага рассьледаваньня і разгортваецца сюжэт.

Першая сэрыя выйшла 2 кастрычніка 2011 року, агулам выйшлі 8 сэзонаў. Апошняя сэрыя была паказаная 26 красавіка 2020. Асабліва высокую глядацкую адзнаку зарабілі першыя два сэзоны. «Радзіма» атрымала некалькі ўзнагародаў, у прыватнасьці першы сэзон быў узнагароджаны «Залатым Глёбусам» і «Эмі» за найлепшы драматычны сэрыял; другі сэзон таксама здабыў «Залаты Глёбус». Клэр Дэйнс была двойчы ўзнагароджаная прэміяй «Эмі» за найлепшую жаночую ролю, а Дэм’ен Льюіс — прэміяй «Эмі» за найлепшую мужчынскую ролю.

Кэры Мэтысан, апэратыўная супрацоўніца ЦРУ, правяла ў Іраку недазволеную апэрацыю і адпраўленая ў Цэнтар контратэрарыстычнай дзейнасьці ЦРУ ў Лэнглі (Вірджынія). Нікаляса Броўдзі, сяржанта Корпусу марской пяхоты, зьніклага бязь вестак у 2003 року, вызваляюць з хованкі тэрарыста Абу Назыра. На радзіме Броўдзі ўважаюць героем, аднак Кэры падазрае, што ён намервае зьдзейсьніць тэракт.

Пасьля ганебнага выгнаньня з ЦРУ Кэры вяртаецца да працы, пасланая з выведніцкай задачай у Бэйрут. Броўдзі ўзмацняе свае пазыцыі, трапіўшы ў памочнікі да віцэ-прэзыдэнта Ўолдэна, працягваючы пры гэтым служыць Абу Назыру.

Пасьля тэрарыстычнага замаху на Лэнглі Броўдзі ўцёк з краіны, а Кэры намагаецца абяліць ягонае імя. Дырэктар ЦРУ Саўл Бэрэнсан запускае ініцыятыву па пошуку афіцэра іранскай выведкі Маджыда Джавадзі, які прафінансаваў атаку на Лэнглі.

Кэры працуе кіраўніцай рэзыдэнтуры ЦРУ ў Кабуле (Аўганістан), а пазьней у Ісламабадзе (Пакістан). Яна назірае за правалам дронавай атакі на меркаванае месцазнаходжаньне тэрарыста Гайсама Гакані, якая выклікае раздрай у ЦРУ і разьюшвае надзвычай небясьпечнага тэрарыста. Каб высачыць Гакані, Кэры наймае моладзь. Інфармацыя, прадастаўленая пакістанцам незадаволеным амэрыканцам, вядзе да катастрафічных вынікаў.

Ад падзеяў 4-га сэзону мінулі 2 гады. Кэры звольнілася і працуе кіраўніцай аддзелу бясьпекі прыватнай дабрачыннай фундацыі ў Бэрліне (Нямеччына).

Мінулі некалькі месяцаў, і Кэры вяртаецца ў ЗША ды пасяляецца ў Брукліне (Нью-Ёрк). Тут яна працуе ў фундацыі па наданьні дапамогі мусульманам. Падзеі адбываюцца ў пэрыяд між выбарамі ды інаўгурацыяй першай жанчыны-прэзыдэнта.

Кэры звольнілася з працы ў Белым доме і вярнулася ў Вашынгтон да сваёй сястры Мэгі. Яна процістаіць адміністрацыі прэзыдэнткі Кін, каб дабіцца вызваленьня 200 супрацоўнікаў выведкі, арыштаваных у мінулым сэзоне за прэзыдэнцкім тэрмінам.

Саўл, які стаў дарадцам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, выпраўляецца ў Аўганістан на мірныя перамовы з Талібанам. Яму патрэбная дапамога Кэры, якая аднаўляецца пасьля турэмнага зьняволеньня ў Расеі.

  • Клэр Дэйнс — Кэры Мэтысан, апэратыўная супрацоўніца пры Цэнтры контратэрарыстычнай дзейнасьці ЦРУ. Мае біпалярны разлад, лічыць, што Броўдзі, які вярнуўся з палону, — тэрарыст. Па звальненьні з ЦРУ жыве прыватным жыцьцём у Бэрліне, пасьля ў Нью-Ёрку.
  • Дэм’ен Льюіс — Нікаляс Броўдзі, сяржант Корпусу марской пяхоты, вызвалены спэцаддзелам «Дэльта» з васьмігадовага палону Аль-Каіды. Кангрэсмэн.
  • Марэна Бакарын — Джэсыка Броўдзі, Нікалясава жонка. Думаючы, што ейны муж загінуў, пачала стасункі з Майкам. Пасьля доўгай адсутнасьці мужа спрабуе наладзіць зь ім стасункі.
  • Дэйвід Гэерўуд — Дэйвід Эстэс, дырэктар Цэнтру контратэрарыстычнай дзейнасьці ЦРУ, начальнік Кэры.
  • Дыега Клятэнгоф — Майк Фэйбэр, капітан, пасьля маёр Корпусу марской пяхоты. Найлепшы сябар Нікаляса Броўдзі. Калі таго палічылі памерлым, пачынае стасункі зь ягонай жонкай Джэсыкай.
  • Джэксан Пэйс — Крыс Броўдзі, сын Нікаляса і Джэсыкі.
  • Морган Сэйлар — Дана Броўдзі, дачка Нікаляса і Джэсыкі.
  • Мэндзі Патынкін — Саўл Бэрэнсан, настаўнік Кэры і кіраўнік сярэдняўсходняга аддзяленьня ЦРУ; пасьля выканаўца абавязкаў дырэктара ЦРУ.
  • Джэймі Шэрыдан — Ўільям Ўолдэн, віцэ-прэзыдэнт ЗША, колішні дырэктар ЦРУ.
  • Дэйвід Маркіяна — Вірджыл Пятроўскі, экспэрт відэаназіраньня, былы супрацоўнік ЦРУ. Дапамагае Кэры сачыць за Броўдзі.
  • Навід Нэгабан — Абу Назыр, высокапастаўлены ўдзельнік Аль-Каіды.
  • Рупэрт Фрэнд — Пітэр Кўін, апэратыўнік і найманы забойца ЦРУ.
  • Сарыта Чаўдгуры — Міра Бэрэнсан, Саўлава жонка.
  • Трэйсі Летс — сэнатар Эндру Локгарт, пазьней дырэктар ЦРУ.
  • Фарыд Мюрэй Абрагам — Дар Адаль, спэцыяліст па сакрэтных апэрацыях.
  • Назанін Баніядзі — Фара Шэразі, мусульманка-аналітык ЦРУ.
  • Лэйла Робінз — Марта Бойд, амбасадарка ЗША ў Пакістане.
  • Сэбастыян Кох — Ота Дурынг, нямецкі філянтроп, начальнік Кэры.
  • Міранда Ота — Элісан Кар, кіраўніца бэрлінскай рэзыдэнтуры, падпарадкаваная непасрэдна Бэрэнсану.
  • Аляксандар Фэлінг — Ёнас Голяндэр, юрысконсульт Фундацыі Дурынга, хлопец Кэры.
  • Сара Сакаловіч — Лора Сатан, амэрыканская журналістка ў Бэрліне, працуе на Фундацыю Дурынга.
  • Элізабэт Марвэл — Элізабэт Кін, малодшая сэнатарка зь Нью-Ёрку, абраная прэзыдэнткай ЗША.
  • Моры Стэрлінг — Макс Пятроўскі, Вірджылаў брат, экспэрт відэаназіраньня, які супрацоўнічае з Кэры.
  • Лайнус Роўч — Дэйвід Ўэлінгтан, кіраўнік адміністрацыі Белага дому.
  • Джэйк Ўэбэр — Брэт О’Кіф, мэдыйная асоба.
  • Морган Спэктар — Дантэ Ален, стары сябар Кэры.
  • Коста Ронін — падпалкоўнік Яўген Громаў, старэйшы апэратыўны супрацоўнік ГРУ Расеі.
  • Німарт Каур — Ташым Кюрэйшы, супрацоўніца пакістанскай Міжведамаснай выведкі.
  • Нуман Акар — Гайсам Гакані, кіраўнік Талібану.

Першы сэзон сэрыялу атрымаў амаль максымальную ўхвалу. Metacritic паставіў яму ацэнку 92 з 100 паводле 28 крытыкаў[4] і паставіў на другое месца ў 2011 року[5]. Другі сэзон таксама атрымаў абсалютную ўхвалу, на Metacritic дасягнуўшы рэйтынгу 96 з 100 паводле 21 крытыка[6]. Далейшыя сэзоны згоршалі.

Першую сэрыю «Радзімы», што выйшла 2 кастрычніка 2011 року, пабачылі 1,08 мільёнаў гледачоў, што стала найбольш прагляданай прэм’ерай на канале Showtime за апошнія восем гадоў. З улікам іншых каналаў і на запатрабаваньне сэрыю паглядзелі 2,78 мільёнаў гледачоў. Апошняя сэрыя 1-га сэзону стала найбольш прагляданай з усіх апошніх сэрыяў 1-ых сэзонаў сэрыялаў каналу Showtime — 1,7 млн. У 2-м сэзоне рэйтынгі вырасьлі, і сэрыю 9 сьнежня 2012 року праглядзелі 2,36 млн гледачоў.

Сэрыял меў посьпех і ў Вялікабрытаніі: першую сэрыю праглядзелі 2,2 млн гледачоў, а апошнюю 1-га сэзону — 2,8 мільёна. У другім сэзоне прагляды ўпалі: першую сэрыю пабачылі 2,3 млн, апошнюю — 2,1 млн.

Узнагароды і намінацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дэбютным сэзоне сэрыял атрымаў некалькі ўзнагародаў, пачынаючы прэміяй Пібадзі ў красавіку 2012 року. На 64-й прэміі «Эмі» быў дзевяць разоў намінаваны і шэсьць разоў перамог у катэгорыях за найлепшую драму, найлепшай драматычнай акторцы (Клэр Дэйнс), найлепшаму драматычнаму актору (Дэм’ен Льюіс), за найлепшы сцэнар (Алекс Ганса, Гоўард Гордан і Гедэон Раф).

На 69-й цырымоніі «Залатога глёбусу» сэрыял атрымаў узнагароду найлепшаму драматычнаму тэлесэрыялу, а Клэр Дэйнс — найлепшай акторцы драматычнага тэлесэрыялу. На 70-й цырымоніі «Залатога глёбусу» «Радзіма» другі раз запар была прызнаная найлепшым драматычным тэлесэрыялам, Дэйнс ізноў здабыла прыз найлепшай акторцы, а Льюіс — найлепшаму актору драматычнага тэлесэрыялу.

Лібанскаму ўраду не спадабалася выяўленьне вуліцы Гамры ў Бэйруце. У сэрыяле гэта нейкі завулак, па якім шнараюць баевікі, а ў рэчаіснасьці на гэтай вуліцы процьма кавярняў і бараў. Акрамя таго, Міністэрству турызму не спадабался, што сцэны ў Лібане насамрэч здымалі ў Ізраілі.

Мусульманам ЗША не спадабалася, у якім сьвятле іх выстаўляюць у сэрыяле.

  1. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  2. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  3. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  4. ^ Homeland: Season 1. Metacritic. Архіўная копія ад February 18, 2020 г.
  5. ^ 2011 Television Critic Top Ten Lists. Metacritic. Архіўная копія ад February 14, 2012 г.
  6. ^ Homeland: Season 2. Metacritic. Архіўная копія ад August 10, 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]