Радашкавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Радашковічы»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Радашкавічы
трансьліт. Radaškavičy[a]
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
BIA Radoszkowice COA.png Flag of Radaškovičy.svg
Герб Радашкавічаў Сьцяг Радашкавічаў
Дата заснаваньня: 1447
Магдэбурскае права: 1569
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Маладэчанскі
Плошча: 7,0152 км² [1]
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 5862 чал.[2]
шчыльнасьць: 835,61 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1773
Паштовы індэкс: 222322
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°9′ пн. ш. 27°14′ у. д. / 54.15° пн. ш. 27.233° у. д. / 54.15; 27.233Каардынаты: 54°9′ пн. ш. 27°14′ у. д. / 54.15° пн. ш. 27.233° у. д. / 54.15; 27.233
Радашкавічы на мапе Беларусі ±
Радашкавічы
Радашкавічы
Радашкавічы
Радашкавічы
Радашкавічы
Радашкавічы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ра́дашкавічы — мястэчка ў Беларусі, на сутоках Вязынкі і Гуйкі з ракой Рыбчанкай. Уваходзяць у склад Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5862 чалавекі[2]. Знаходзяцца за 32 км ад Маладэчна, за 41 км ад Менску, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашкавічы (лінія Менск — Маладэчна); на аўтамабільнай дарозе Менск — Маладэчна.

Радашкавічы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тут жылі такія вядомыя постаці, як Янка Купала, Ядвігін Ш., Язэп Драздовіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Танк. Да нашага часу захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыйная гістарычная назва мястэчка — Радашкавічы[3][4][5][6]. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму. На думку адных дасьледнікаў, ён утварыўся ад словаў радзіцца-раіцца, другіх — ад радавацца. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча пайшла ад прозьвішчаў Радашковіч, Радашкевіч[7].

У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы[8]. Традыцыйную мясцовую форму назвы Ра́дашкавічы за савецкім часам замянілі на цяперашнюю афіцыйную Радашковічы[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарадзішча Швэдзкая гара V—VIII стагодзьдзяў, што знаходзіцца на ўскраіне Радашкавічаў, сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці.

Першы пісьмовы ўпамін пра Радашкавічы датуецца 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётар Гедыгольдавіч заснаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Вярэйскага, Гаштольдаў, каралевы Боны, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 году да сярэдзіны XIX ст. тут штогод праводзіліся кірмашы.

Мескі герб з прывілею 1792 г.

У 1549 годзе Радашкавічы атрымалі статус места. У гэты час тут было 255 двароў, 93 службы, 8 корчмаў, майстэрні. Існаваў драўляны замак, які разьмяшчаўся паміж 2 ставамі, утвораных на рэках Гуйцы і Вязынцы, на «капцы сыпаным» і формаю нагадваў няправільны чатырохкутнік. З усіх бакоў замак атачала вада. У Інфлянцкую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пастанавіў склікаць пад Радашкавічамі збройную дэманстрацыю, разьлічваючы на далучэньне да яе незадаволеных маскоўскай уладай князёў і баяраў. На попіс сабралося 47 тыс. жаўнераў, у тым ліку 30 тыс. паспалітага рушаньня і 2400 жаўнераў, дасланых з Каралеўства Польскага, зброі налічвалася каля 100 адзінак[10]. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбурскае права. У Баркулабаўскім летапісе пад 1603 годам зазначаецца, што ў «Радашкавічах … было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашкавічах адбыліся перамовы паміж каралём Швэцыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе места складалася з Новых і Старых Радашкавічаў, налічвала 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны. 23 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў Радашкавічам Магдэбурскае права і надаў ім мескі герб: «у срэбным полі паясная выява сьвятога Стэфана, пабітага камянямі». У адпаведным прывілеі падкрэсьлівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводзкія, старосьцінскія, замкавыя, духоўныя і сьвецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашкавіцкага паддаць». Далей у гэтым дакумэнце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месьце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць»[11].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Радашкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі заштатным местам Вялейскага павету. За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) паселішча на пэўны час вызвалілі з-пад расейскай улады. У 1835 годзе ў месьце збудавалі мураваную праваслаўную капліцу, у 1848 годзе — Ільлінскую, у 1851 годзе — Пакроўскую цэрквы. У 1842 годзе Радашковічы сталі цэнтрам воласьці Віленскай губэрні. На 1859 год тут было 222, на 1866 год — 225 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, царква, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі бровар, 2 заезныя двары і 2 гасьцініцы. У 1863 годзе з мэтаю маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. 12 ліпеня 1882 году ў мясцовым касьцёле ахрысьцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу)[12].

Першы выпуск Радашкавіцкай беларускай гімназіі, 1924 год

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Радашкавічах было 346 двароў, дзейнічалі касьцёл, царква, капліца, сынагога і малітоўны дом, працавалі меская і рэальная вучэльні, бровар, гарбарны завод, 13 піцейных і 6 заезных двароў, рэгулярна праводзіўся кірмаш, раз у тыдзень — таржкі. На 1908 год — 30 мураваных і 463 драўляныя будынкі, мураваныя касьцёл і сынагога, драўляная царква, 2 скарбовыя і 83 прыватныя крамы, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод; 65 рамесьнікаў. Места складалася з 8 вуліц: Менскай, Віленскай, Дуброўскай, Заслаўскай, Татарскай і інш. У 1913 годзе ў Радашкавічах паставілі «Паўлінку» Янкі Купалы. З 20 лютага да 14 сьнежня 1918 году места займалі нямецкія, зь ліпеня 1919 да ліпеня 1920 году і з кастрычніка 1920 году — польскія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Радашкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[13]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Радашкавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны ў Вялейскім (з 1927 году Маладэчанскім) павеце Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут быў 391 двор, працавалі паштовая агенцыя, гімназія, мастацкая студыя Язэпа Драздовіча. У 1922—1928 гадох у месьце працавала Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны. У 1928 годзе адкрылася прыватная беларуская школа. Мелася электрастанцыя.

У 1939 годзе Радашкавічы ўвайшлі ў БССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадзкога пасёлку, які стаў цэнтрам раёну (у 1960 годзе Радашкавіцкі раён ліквідавалі). У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 году да 3 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVI стагодзьдзе: 1549 год — 374 чал.;
  • XIX стагодзьдзе: 1859 год — 1223 чал.; 1861 год — 1223 чал.; 1866 год — 1225 чал.; 1888 год — 2250 чал., зь іх 883 каталікі, 200 праваслаўных, 1160 юдэяў, 7 магамэтанаў[14]; 1897 год — 2615 чал., зь 44,4% пісьменных[15].
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 2459 чал.; 1969 год — 3,2 тыс. чал.[16]; 1999 год — 6099 чал.; 2000 год — 5,7 тыс. чал.[17]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 5,7 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2009 год — 5518 чал.[18] (перапіс); 2010 год — 5,5 тыс. чал.[19]; 2016 год — 5789 чал.[20]; 2017 год — 5807 чал.[21]; 2018 год — 5862 чал.[2]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Радашкавічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць местачковыя лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатар.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Савецкая вуліца Менская вуліца
? Татарская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Радашкавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Віленская, Дуброўская, Зарэчная і Заслаўская. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Рынкавы пляц і Замкавая вуліца[22].

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці, вытворчасьць керамічных вырабаў.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля Радашкавічаў дзейнічаюць санаторыя «Сасновы Бор», санаторыя-прафілякторыя «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Мястэчка — традыцыйны цэнтар ганчарнага рамяства[23].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Помнікі: Ядвігіну Ш., Янку Купалу
  • Гарадзішча (V—XIII стст.)
  • Ешыбот (пач. XX ст.)
  • Капліца Сьвятога Яна Непамука (XIX ст.)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1855—1859)
  • Могілкі: польскія вайсковыя часоў вайны 1920 року; старыя каталіцкія; юдэйскія
  • Магіла Зыгмунта Чаховіча
  • Царква Сьвятога Ільлі (1942)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Радашкавічы былі адзіным буйным населеным пунктам Беларусі (апрача Менску), дзе мясцовыя ўлады яшчэ ў 1990 годзе ўсталявалі над будынкам адміністрацыі мястэчка нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг побач зь сьцягам БССР[24].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле афіцыйнай назвы — Radaškovičy

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ О некоторых вопросах административно-территориального устройства Минской области Решение Минского областного Совета депутатов от 6 апреля 2018 г. № 20(рас.)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 172.
  4. ^ Шыдлоўскі А. Беларуская тапаніміка // «Полымя» №10, 1968. С. 238.
  5. ^ Вячорка В. (19.03.2016) "Бабёнка – это я понимаю!". Як русіфікавалі тапонімы.. Радыё СвабодаПраверана 23 чэрвеня 2017 г.
  6. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  7. ^ Мінкевіч Л. «Зорныя» Радашковічы // «Голас Радзімы» № 37 (3109), 2 кастрычніка 2008 г.
  8. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 316.
  9. ^ Бартосік З. Радашкавічы Маладэчанскага раёну // «Радыё Свабода», 2 красавіка 2008 г.
  10. ^ Piwarski K. Niedoszła wyprawa radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567—1568) // «Ateneum Wileńskie». T. IV. — Wilno, 1927. S. 256—286.
  11. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 224.
  12. ^ Анатоль Кляшчук. Радашковіцкія куранты // Зьвязда : газэта. — 18 траўня 2012. — № 93 (27208). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  14. ^ Chmara A., Krzywicki J. Radoszkowicze // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 439.
  15. ^ Каханоўскі Г. Радашковічы // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 51.
  16. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 313.
  17. ^ БЭ. Т. 13. — Менск, 2001 С. 208.
  18. ^ Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 312.
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 47.
  23. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.
  24. ^ Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 26.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Радашкавічысховішча мультымэдыйных матэрыялаў