П’яўка (раман)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
П'яўка
Жанр: антыўтопія
Аўтар: Юры Станкевіч
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 2010
Выдавецтва: «Галіяфы», «Ковчег»
Папярэдні твор: «Мільярд удараў»

«П’яўка» — раман беларускага пісьменьніка Юрыя Станкевіча, напісаны ў 2010 годзе ў жанры антыўтопіі.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца дзеяньня раману — Беларусь ў 2050 годзе[1] пасьля так званых «Непажаданых падзеяў» — шэрагу тэхнагенных і экалягічных наступстваў, якія прывялі да росту спадчынных захворваньняў, новых відаў эпідэміяў, падзеньня рэпрадуктыўнасьці і дэпапуляцыі асобных этнасаў. Да гэтага прывяла ранейшая пануючая ідэалёгія Заходняй цывілізацыі, якая ўхваляла роўнасьць і талерантнасьць у дачыненьні да масаў, сэксуальных рэвалюцыяў і канчатковай эмансыпацыі жанчыны, што вымусіла соцыюм саступіць пад націскам біялягічных маргіналаў, існаваньне якіх абумовілася выяўленьнем новага віда чалавека, заснаванага на інвалюцыйным працягу роду, разбураючым традыцыйную культуру.

Спачатку дробныя часткі заселенага сьвету, а пасьля і іншыя тэрыторыі захопліваюцца сфармаванай квазіэлітай, якая ў вузкіх колах вядомая пад назвай «людзі-цені». Сапраўдная ж эліта празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пацярпела фізычнае зьнішчэньне. Новыя псэўдаэлітарныя карпарацыя спарадзілі сучасных «квазіэлояў»: так званых «надлюдзей» і «падзлюдзей», альбо «працаробаў», якія выконваюць спрошчаную прамысловую ці сельскагаспадарчую работу. Да гэтай групы часам гвалтоўна залічаюць найбольш разумных і цэласных асобаў, якія вылічаюцца дзякуючы інфарматарскай сетцы і сілавым структурам. Асаблівую занепакоенасьць існуючых уладаў выклікаюць некаторыя калянавуковыя ідэі існаваньня Сусьвету і чалавека ў ім, якія носяць назву «доказаў» і пры выяўленьні адразу аб’яўляюцца вар’яцкімі і ілжэнавуковымі, а носьбіты іх жорстка караюцца.

Пэрсанажы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Берташ Яновіч — былы дробны чыноўнік службы ачысткі камунікацыяў і жылых раёнаў, выселены па-за межы Мэгаполісу за ўтрыманьне забароненай кнігі — дзёньніка фрэйліны Арнгейм. Галоўны герой раману сам дае сабе апісаньне:

Я — белы. Вышэй сярэдняга росту — дзесьці каля ста дзевяноста сантымэтраў, валасы ў мяне русыя, вочы шэрыя, лоб шырокі, але нізкі, нос прамы, падбародак звычайны.

  • Мойра — чалец падпольнага руху супраціву ў Новым Эдэме, каханая Берташа Яновіча
  • Васка Петкавіч — спэцыяліст па квантавай мэханіцы, высланы з гораду ў Новы Эдэм. Меў літвінскае паходжаньне. Сярэдняга росту, замкнёны, гадоў пяцідзесяці
  • Андруш Бейнарт — вучань і памочнік Васкі Петкавіча. Яго апісаньне даецца апавядальнікам:

Юнаку на выгляд можна было даць гадоў дваццаць-дваццаць два. Белы. Высокі, каля ста васьмідзесяці пяці па мэтрычнай сыстэме, падстрыжаны пад машынку, з прыкметамі раньняга аблысеньня, што яго зусім не псавала. Звалі яго Андруш, а на прозьвішча — Бейнарт.

  • Маркус — лідэр паўстанцкага падпольля ў Новым Эдэме
  • Юліус Гармата — вольны мастак у Новым Эдэме, сасланы з Мэгаполісу за сваю дзейнасьць
  • Плятон — напарнік Мойры, які гіне падчас зьдзяйсьненьня замаху на Ёхана Цынка
  • Ёхан Цынк — адзін з заснавальнікаў дзяржавы і сакратар камітэту па ідэалёгіі

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі філёзаф і этнакультуроляг Аляксей Дзермант станоўча адзначыў раман за «шчырую і бескампрамісную пазыцыю аўтара» і шэраг важных мэтафізычных пытаньняў, пастаўленых у творы[2]. Беларускі літаратар Зьміцер Вішнёў адзначыў падабенства твору са стылем пісьма Станіслава Лема і заўвыжаў новы крок у творчасьці Юры Станкевіча за папярэдні зборнік «Мільярд удараў»[3].

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Назва кнігі «Дзёньнік фрэйліны Арнгейм», за якую ссылаюць Берташа Яновіча па-за межы Мэгаполісу зьяўляецца часткай кнігі «Антыхрыст. Пётар і Аляксей(ru)» — трэцяй кнігі трылёгіі расейскага празаіка Дзьмітрыя Меражкоўскага «Хрыстос і Антыхрыст»;
  • Падчас блуканьняў па Новым Эдэме Берташ Яновіч сустракае назвы вуліцаў Стаханаўскай, Калгаснай і Савецкай, «сэнс і тапаніміка» якіх зьяўляюцца для галоўнага героя «незразумелымі».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Юры Станкевіч : «Абраны беларусамі шлях – шлях самазнішчэння». Борисов Электронный (26 кастрычніка 2009). Праверана 24 сакавіка 2011 г.
  2. ^ Kryviec Юры Станкевіч. П'яўка Live Journal Праверана 24 сакавіка 2011 г.
  3. ^ Кніга-папярэджанне ад Юрыя Станкевіча. Радыё Рацыя (16 сьнежня 2010). Праверана 24 сакавіка 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Юры Станкевіч. П'яўка. — Мінск: Галіяфы, Ковчег, 2010. — 284 с. — ISBN 978-985-6906-40-7