Пітагарэйская школа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Пітагарэ́йцы — вучэньне заснаванай Пітагорам (каля 570—500 гадоў да н. э.) школы, сябры якой у Кратоні (Паўднёвая Італія) утваралі абшчыну манастырскага тыпу, засярэджвае ўвагу на значэньні лікаў.

Выходзячы, імаверна, з тэзы, што інтэрвалы музычнае гамы можна патлумачыць рацыянальна з дапамогай лічбавай узаемазалежнасьці паміж вібруючымі струнамі, пітагарэйцы разьвілі ідэю, што ў аснове ўсяго існага ляжаць лікі. Яны ствараюць парадак у космасе, вызначаючы і абмяжоўваючы нявызначанае (апэйрон). Рэчы лічацца адлюстраваньнямі лікаў, іхная сутнасная прырода адбіваецца ў іхнай матэматычнай структуры.

Сярод лічбаў існуюць заканамернасьці: так, адзінка стаіць над лічбамі і лічыцца іхным першапачаткам. Няпарны лік разглядаецца як абмежаваны і дасканалы, парны — як неабмежаваны і недасканалы.

Пітагарэйцы надалі тэорыі лічбаў завершаную форму ў розных сфэрах:

У матэматыцы яны дасягнулі сыстэматызацыі і распрацоўвалі аксыёмы. Тэарэма Пітагора вядзе да адкрыцьця іррацыянальных лічбавых заканамернасьцяў.

Па іхных уяўленьнях пра прыроду космасу, нябесныя сьвяцілы рухаюцца па арбітах у форме кола, падзеленых на пэўныя інтэрвалы, вакол нерухомага цэнтру.

Нягледзячы на навуковыя дасьледаваньні ў матэматыцы й тэорыі музыкі, усё ж такі ў пітагарэйскай школе пераважалі рэлігійная і містычная аснова. Гэта асабліва праяўляецца ў іхным вучэньні пра перасяленьне душаў: душа зьяўляецца сапраўднаю сутнасьцю чалавека, якая мусіць быць пазбаўленая ад усяго цялеснага шляхам ачышчэньня.

Эмпэдокл (каля 492—432 гг. да н. э.) лічыць асновай усяго існага чатыры элемэнты, што прыводзяцца ў рух сіламі любові й нянавісьці: вада, зямля, агонь і паветра.

У абсалютнай любові яны ўтвараюць гамагенную еднасьць, а з-за нянавісьці разьядноўваюцца. Калі змагаюцца гэтыя супрацьлеглыя сілы, то шляхам зьмешваньня элемэнтаў узьнікаюць канкрэтныя рэчы.

Для Анаксагора (каля 500—425 гг. да н. э.) існуе бязьмежная колькасьць якасна розных сыходных элемэнтаў. Адметнасьць кожнай рэчы вызначаецца характэрнымі суадносінамі тых элемэнтаў, якія ёсьць у кожнай зь яе нават якіх заўгодна малых частак. Элемэнты прыводзяцца ў рух і плянамерна ўпарадкуюцца розумам.

Ляўкіп (5 ст. да н. э.) лічыцца заснавальнікам атамістыкі, якую пераказаў і разьвіў далей ягоны вучань Дэмакрыт. Усё складаецца зь непадзельных (а-томас) часткаў, якія поўнасьцю падобныя да рэчыва, зь якога складаюцца, і адрозьніваюцца толькі формай ды разьмяшчэньнем у прасторы.

Атамы пастаянна рухаюцца, мэханічна ціснучы ды штурхаючы адзін аднаго. Паміж імі ёсьць толькі пустая прастора. Адрозныя рэчы ўзьнікаюць толькі дзякуючы групаваньню атамаў. У Ляўкіпа можна знайсьці фармулёўку закону прычыннасьці: «Ніводная рэч не ўтвараецца бяз мэты, а толькі адпаведна сэнсу і ў сувязі зь неабходнасьцю».

Дэмакрыт (каля 460—370 гг. да н. э.) разьвівае атамістычнае вучэньне Ляўкіпа ў матэрыяльную сыстэму. Рэчы складаюцца з комплексаў атамаў і маюць першасныя, аб’ектыўныя ўласьцівасьці: запаўненьне пэўнае прасторы, інэртнасьць, шчыльнасьць і жорсткасьць, тады як колер, пах, смак і г. д. зьяўляюцца другаснымі, суб’ектыўнымі ўласьцівасьцямі, якія вынікаюць толькі з успрыняцьця.

Пачуцьцёвае ўспрыняцьце тлумачыцца як успрыняцьце вобразаў, якія выпраменьваюцца рэчамі.

Душа таксама складаецца з тонкіх (вогненых) атамаў, якія прыводзяцца ў рух выпраменьваньнямі тых вобразаў, і адсюль вынікае пачуцьцёвае ўражаньне. Адпаведна таму Дэмакрыт тлумачыць усю разумовую дзейнасьць чалавека як матэрыяльны, атамарны працэс.

Этыка Дэмакрыта лічыць мэтай чалавека правільную будову душы, якая палягае ва ўраўнаважанасьці ды спакоі і дасягаецца дзякуючы розуму, памяркоўнасьці, стрыманасьці ў пачуцьцёвых асалодах і прагненьні духоўных каштоўнасьцяў. «Дух мусіць навучыцца чарпаць свае радасьці ў сабе самім».

Ксэнафан — першы прадстаўнік заснаванай у Элеі (Паўднёвая Італія) школы элеатаў. Галоўная яго мэта — барацьба з антропамарфізацыяй багоў, як іх выяўлялі Гамэр і Гэсіёд, а таксама разьвіцьцё ідэі пра адзінага бога: «Адзін Бог, найвялікшы сярод багоў і людзей, ні целам, ні думкамі непадобны да сьмяротных».