Перайсьці да зьместу

Піліп Засім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Піліп Раманавіч Засім (14 студзеня 1909-?) — палітычны дзяяч, журналіст, краязнавец у Заходняй Беларусі. Аўтар эканамічнага і сацыяльнага дасьледаваньня «Шані, вёска Пружанскага павету», якая адлюстроўвае эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыцьцё палескай вёскі ў міжваенны час[1].

Родам зь вёскі Шані Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні. У 1915 зь сям’ёй у бежанстве, там упершыню пайшоў у школу. У 1919 пайшоў у польскую школу ў Шанях, пасьля ў Пружанах. У 1928 быў прыняты ў 5-ю клясу Віленскай беларускай гімназіі, скончыў у 1930 годзе. Ужо тады зарэкамэндаваў сябе ў камуністычным руху. У 1931 было вырашана паслаць яго ў Львоў дзеля працы ў рэдакцыі новай беларускамоўнай газэты. Аднак, ня маючы сродкаў для працягу навучаньня, Піліп Засім зьбег у СССР, дзе трапіў у катавальні ГПУ. Празь месяц адпраўлены назад, у Польшчу. Тут дзякуючы пратэкцыі дырэктара гімназіі Радаслава Астроўскага ў 1932 паступіў на сельскагаспадарчы факультэт Віленскага ўнівэрсытэту ім. Сьцяпана Баторыя. Быў сакратаром Згуртаваньня беларускіх студэнтаў, уваходзіў у навуковы гурток студэнтаў-беларусаў «Таварыства прыяцеляў-беларусазнаўцаў», «часткова далучаўся» да працы ў студэнцкай газэце «25 сакавіка»[2], пісаў рэфэраты аб жыцьці вёскі, выступаў на сходах з чытаньнем вершаў разам з Максімам Танкам, Ганнай Сухой, Юзэфам Малецкім. Быў знаёмы з Рыгорам Шырмам, Іванам Хворастам, Міколам Захаркам.

Далейшы лёс Піліпа Засіма мала вядомы. У Другую сусьветную вайну нібыта працаваў у Пружанах, у беларускай арганізацыі, за што па вайне быў арыштаваны НКУС. Гэтай арганізацыяй мог быць пружанскі аддзел Згуртаваньня беларусаў, якім кіраваў Юры Попка.

Ягоную дыплёмную працу «Шані, вёска Пружанскага павету. Дасьледаваньне гаспадарчае і грамадзкае» (1938) высока ацаніў навуковы кіраўнік Засіма Вітольд Станевіч (1888—1966), эканаміст-аграрнік, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Сьцяпана Баторыя.

  • Здановіч І. Засім Піліп // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 55—57. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
  • Filip Zasim // Echa Polesia 4 (12) 2006. С. 46—48.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]