Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы | |
Пикник на обочине | |
Жанр: | Навуковая фантастыка |
---|---|
Аўтар: | браты Стругацкія |
Мова арыгіналу: | расейская |
Год напісаньня: | 1971 |
Публікацыя: | 1972 |
Асобнае выданьне: | 1980 |
Выдавецтва: | Молодая Гвардия |
«Пікні́к на ўзбо́ччы» — фантастычная аповесьць братоў Стругацкіх, упершыню выданая ў 1972 годзе. Аповесьць лідзіруе сярод іншых твораў аўтараў па колькасьці перакладаў на замежныя мовы і выданьняў за межамі былога СССР. У 2003 годзе Барыс Стругацкі налічыў 55 выданьняў «Пікніка» ў 22 краінах сьвету[1].
На ангельскай мове аповесьць апублікаваная ў перакладзе Антаніны Б’юіс. Прадмову да першага амэрыканскага выданьня (MacMillan Publishing Co., Inc, New York, 1977) напісаў Тэадор Старджан. Пасьляслоўе да нямецкага выданьня 1977 году напісаў Станіслаў Лем, які высока ацаніў гэты твор[2].
Паводле матываў аповесьці рэжысэр Андрэй Таркоўскі ў 1979 годзе зьняў фільм «Сталкер», браты Стругацкія выступілі аўтарамі сцэнару.
Тэрмін «сталкер» устойліва ўвайшоў у расейскую, а празь яе і ў беларускую мовы. Па прызнаньні аўтараў, слова стала найпапулярнейшым са створаных імі нэалягізмаў. У кантэксьце кнігі сталкер — чалавек, які, парушаючы забароны, пранікае ў Зону і выносіць зь яе разнастайныя артэфакты, якія пазьней звычайна прадае і тым зарабляе на жыцьцё. Пасьля выхаду фільму Таркоўскага гэтым тэрмінам сталі называць праваднікоў, якія арыентуюцца ў розных забароненых і малавядомых іншым месцах і тэрыторыях; пазьней сталкерамі сталі называць аматараў індустрыяльнага турызму, асабліва тых, хто наведвае пакінутыя аб’екты і населеныя пункты.
Стварэньне і публікацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Твор быў напісаны братамі Стругацкімі ў 1971 годзе (першыя накіды зробленыя з 18 па 27 студзеня ў Ленінградзе, чыставы варыянт скончаны з 28 кастрычніка па 3 лістапада ў Камарове)[3].
Упершыню апублікавана з працягам у 1972 годзе ў ленінградзкім часопісе «Аврора»[4]. Упершыню ўрывак (фрагмэнт пралогу і пачатак першай часткі) быў апублікаваны ў складзе 25 тому «Бібліятэкі сучаснай фантастыкі» (1973)[5]. Аповесьць таксама друкавалася ў газэце «Молодёжь Эстонии» (Талін) са сьнежня 1977 па люты 1978 гадоў.[6]
«Пікнік на ўзбоччы» не атрымлівалася выпусьціць кніжным выданьнем у Савецкім Саюзе (першае ангельскамоўнае выданьне выйшла ў ЗША ў 1977 годзе[7]) на працягу васьмі гадоў — першая дамова на выданьне яго ў складзе зборніка была заключаная аўтарамі з выдавецтвам «Молодая гвардия» ў 1972 годзе, гатовы рукапіс быў адобраны і прайшоў першую рэдактуру ў 1973 годзе, аднак з-за наступных шматлікіх затрымак і адкрытага сабатажу новага складу рэдакцыі[3] зборнік пад назвай «Непрызначаныя сустрэчы» выйшаў толькі ў 1980 годзе[8] ў зьмененым складзе і са шматлікімі выпраўленьнямі ў тэксьце «Пікніка», часта неасэнсаванымі (напрыклад, назва гораду «Хармонт» была зьмененая на «Мармонт», назва групы сталкераў «Варр» — на «Веер» і г. д.), а ў іншых выпадках адлюстроўваючымі эстэтычныя і ідэалягічныя ўстаноўкі рэдакцыі (прыбраныя «грубыя» рэплікі пэрсанажаў, дададзеныя «матэрыялістычныя» тлумачэньні для некаторых спароджаных Зонай зьяваў і г. д.)[9]. Значная частка зьвязаных з гісторыяй гэтай публікацыі дакумэнтальных матэрыялаў (у тым ліку перапіска аўтараў з рэдакцыяй з абмеркаваньнем прэтэнзіяў і прапанаванай праўкі) апублікаваная ў рамках праекту «Невядомыя Стругацкія»[9].
Затым аповесьць была апублікавана ў 1984 годзе ў зборніку «За мільярд гадоў да канца сьвету» (М.: «Советский писатель», зборнік перавыдадзены таксама ў 1985 годзе)[10] па тэксьце часопіснай публікацыі і ў 1988 годзе ў зборніку «Аповесьці» (Л.: «Лениздат») [11].
У 1989 годзе ў выдавецтве «Юридическая литература» выйшаў двума выданьнямі пад рознымі вокладкамі[12][13] аўтарскі зборнік зь «Пікніком на ўзбоччы», тэкст якога значна адрозьніваўся ад усіх раней і пазьней апублікаваных варыянтаў — гэта было абумоўлена тым, што Аркадзь Стругацкі (верагодна, па памылцы) перадаў у выдавецтва адзін з чарнавых варыянтаў[9].
У далейшым твор рэгулярна перавыдаваўся.
Цалкам адноўлены і найбольш блізкі да аўтарскай задумы тэкст выйшаў у поўным зборы твораў, выпушчаным маскоўскім выдавецтвам «Текст» у 1991 — так званае «Белае Выданьне» — том 7, у кніжнай сэрыі «Сьветы братоў Стругацкіх» (1997), а таксама ўключаны (зь некаторымі выпраўленьнямі) у так званы «чорны» збор твораў Стругацкіх, які выпускаўся ў 2000—2003 гадах. Гэты тэкст выкарыстоўваецца ва ўсіх наступных выданьнях апошніх гадоў.
На беларускай мове твор ніколі не выдаваўся, але ў 2017 годзе ў інтэрнэт быў выкладзены аматарскі пераклад[14].
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзея аповесьці адбываецца на Зямлі, як мяркуецца, у 1970-я гады ў мястэчку Гармонт, у выдуманай ангельскамоўнай краіне[15].
Прыкладна за 13 гадоў[16] да пачатку апісаных у кнізе падзеяў у некалькіх месцах на зямным шары ўзьнікае шэсьць «Зонаў» — абласьцей, у якіх пачынаюць адбывацца дзіўныя зьявы, якія парушаюць вядомыя законы фізыкі. Зоны разьмешчаныя ўздоўж плыўнай лініі на паверхні Зямлі, праекцыі так званага Радыянта Пільмана — пункту, што ляжыць на прамой, якая злучае Зямлю і Дэнэб. Хутка высьветлілася, што людзі і жывёлы пражываць у зонах ня могуць, і ўсё насельніцтва было зь іх тэрмінова эвакуяванае. Тэрыторыі Зонаў былі абнесеныя агароджай, узятыя пад строгую ахову і афіцыйна сталі прадмэтам асьцярожнага навуковага вывучэньня. Таксама вельмі хутка выяўляецца, што ў зонах шмат артэфактаў незразумелага прызначэньня. Некаторыя зь іх вельмі карысныя — напрыклад, могуць лячыць хваробы, некаторыя проста дзіўныя цацкі, а некаторыя — вельмі небясьпечныя.
Мяркуецца, што Зоны створаныя прадстаўнікамі пазазямной цывілізацыі, і строіцца мноства гіпотэзаў, якія па-рознаму тлумачаць, што яны зь сябе ўяўляюць і якім чынам патрэбныя іншаплянэцянам для кантакту з жыхарамі Зямлі. Адзін з герояў кнігі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі доктар Валянцін Пільман, вобразна мяркуе, што ўсе артэфакты — «пустышкі», «этакі», «бранзалеты» — гэта ўсяго толькі касьмічнае сьмецьце, пакінутае іншаплянэцянамі на плянэце Зямля падчас выпадковага наведваньня, падобна пустым банкам і бутэлькам, забытым пасьля чалавечага пікніка на ўзбоччы дарогі.
Адна з асноўных тэмаў — маральны выбар тых, у чые рукі патрапляюць артэфакты Зоны, то, як імі скарыстаецца чалавецтва, якое, строга кажучы, дрэнна разумее, у чым прызначэньне гэтых небясьпечных рэчаў, невядома навошта пакінутых прышэльцамі.
Адна з Зонаў апынулася непадалёк ад гораду Гармонт. Галоўны герой кнігі Рэдрык Шугарт, жыхар Гармонта, становіцца сталкерам, то бок зарабляе на жыцьцё, выносячы з Зоны артэфакты, якія валодаюць незвычайнымі ўласьцівасьцямі і прадаюцца за вялікія грошы. Сюжэт твору пабудаваны як апісаньне жыцьця Шугарта ад 23 гадоў да 31 году. Большую частку жыцьця ён быў нелегальным сталкерам, злачынцам, сядзеў у турме, у маладосьці быў афіцыйным супрацоўнікам Інстытуту пазазямных культураў.
У сталкераў, як правіла, нараджаюцца дзеці са шматлікімі фізычнымі і біялягічнымі адхіленьнямі ад нормы, прычым прычыны гэтага мэдыцына знайсьці ня можа (у прыватнасьці, радыяцыі і хімічных дамешак у атмасфэры Зоны няма). Тая ж доля спасьцігла і адзіную дачку Шугарта — Марыю (Мартышка). Рэдрык любіць жонку і дачку, але пэрыядычна губляе кантакт зь сям’ёй з-за турэмных тэрмінаў. Тым ня менш ён ня можа адмовіцца ад паходаў у Зону, што разбурыла ягонае жыцьцё — часткова з-за жаданьня атрымліваць вялікія грошы і не лічыць іх, але галоўным чынам — з-за магнэтычнага прыцягненьня Зоны, зразумелага толькі сапраўднаму сталкеру. У Зоне ён адчувае сябе на сваім месцы і безь яе ўжо ня можа.
У канцы кнігі Шугарт плянуе і ажыцьцяўляе сваю заключную місію ў Зоне: ён вырашае знайсьці «Залаты Шар» — артэфакт, які паводле легенды можа выканаць найпатаемнейшае жаданьне таго, хто яго знойдзе. Шугарт ідзе да шара, будучы цалкам расчараваным у сваім жыцьці і ў людзях, як да апошняй надзеі. Складанасьць місіі палягае ня толькі ў тым, што дарога да шара сьмяротна небясьпечная, але і ў тым, што апошняя пастка на шляху да яго патрабуе ахвяры — аднаго чалавечага жыцьця. І Шугарт прыносіць гэтую ахвяру ў выглядзе свайго спадарожніка, юнака, які напрасіўся да яго ў вучні — Арчыбальда Барбрыджа.
Бацька Арчыбальда — найстарэйшы сталкер па мянушцы Сьцярвятнік, вядомы тым, што ягоныя спадарожнікі часта не вярталіся з Зоны. У Барбрыджа двое нармальных здаровых дзяцей — выключэньне сярод сталкераў. Барбрыдж па сакрэце паведаміў Шугарту, што вымаліў сабе дзяцей у Залатога Шара. Сам ён больш ня можа дайсьці да месца, дзе знаходзіцца артэфакт, страціўшы ў Зоне абедзьве нагі — тады яго выцягнуў на сабе Рэдрык. Сьцярвятнік раскрыў Шугарту месцазнаходжаньне Шара і расстаўленыя на шляху да яго пасткі, адна зь якіх патрабуе «ахвяры» («мясарубка»), ня толькі з-за ўдзячнасьці — ён спадзяецца, што Шугарт зможа вярнуць яму ногі. Барбрыдж ня ведае, што Рэдрык узяў Арчыбальда з сабой.
Фінал кнігі застаецца адкрытым — Арчыбальд гіне ў «мясарубцы», Рэдрык падпаўзае да шара, дарэмна спрабуючы сфармуляваць сваё найпатаемнейшае жаданьне. Ён згадвае ўсё сваё скалечанае жыцьцё, спрабуе згадаць нешта сьветлае, але ў яго нічога не атрымліваецца. У выніку ён ня можа прыдумаць нічога, акрамя таго, што ўсклікнуў Арчыбальд за некалькі сэкундаў да сваёй сьмерці: «ШЧАСЬЦЕ ДЛЯ ЎСІХ, ЗАДАРАМ, І ХАЙ НІХТО НЯ СЫДЗЕ ПАКРЫЎДЖАНЫМ!»
Зона
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Зона» прадстаўляе зь сябе ўчастак мясцовасьці на Зямлі, вынік так званага Наведваньня. На Зямлі налічваецца шэсьць Зон. Зоны незаселеныя, у іх ня могуць жыць людзі і жывёлы. Многія з тых, хто не пасьпеў своечасова эвакуявацца з Зонаў, пацярпелі — асьлеплі, перанесьлі невядомыя чалавецтву захворваньні. Існуе легенда, што ў адной з абласьцей Зоны засталіся жыць людзі, якія перажылі мутацыі.
У Зону, якая ўзьнікла недалёка ад гораду Гармонт, уваходзяць гарадзкія руіны, будынак заводу, кар’ер, пустынная раўнінная мясцовасьць і горы. Як мяркуецца, ейная плошча дасягае сотняў квадратных кілямэтраў. Зона ўтрымлівае ў сабе вялікую колькасьць анамаліяў, у тым ліку і розных «пастак», якія прадстаўляюць небясьпеку для чалавека. Разьмяшчэньне анамаліяў у зоне пастаянна мяняецца, нягледзячы на тое, што ў прысутнасьці людзей зона здаецца «статычнай». Зона мае ўласную выразна акрэсьленую мяжу, то бок ніякія анамаліі (напрыклад, «пякучы пух», які пераносіцца ветрам), што на першы погляд бязладна перамяшчаюцца па Зоне, ніколі не перасякаюць ейных межаў. Зона таксама аточаная «пэрымэтрам», які ахоўваецца вайскоўцамі. Афіцыйна ў яе можна было трапіць празь «перадзоньнік» разьмешчанага побач зь ёй Інстытуту пазазямных культураў. Павышанага электрамагнітнага або радыяцыйнага фону ў Зоне не назіраецца.
Сталкеры, якія наведваюць Зону на свой страх і рызыку, арыентуюцца ў ёй дзякуючы сваім надзвычайна разьвітым рэфлексам, інтуіцыі і, магчыма, нейкай звышадчувальнасьці (Рэдрык Шугарт апісвае ў самога сябе раптоўныя прыступы, калі ён пачынаў адрозьніваць пахі гэтак жа добра, як сабака). Тыповы спосаб пракладваць новы маршрут у Зоне — гэта кідаць перад сабой гайкі, якія могуць выявіць небяспечныя флюктуацыі кшталту «камарыных плешаў» (абласьцей узмоцненай гравітацыі).
Пэрсанажы твору
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алёйз Макно — паўнамоцны агент Бюро эміграцыі. Агітаваў гармонтцаў зьехаць з ваколіцаў Зоны. Пры гэтым Бюро забясьпечвала пад’ёмныя сродкі, працаўладкаваньне, а маладым — магчымасць вучыцца. Пасьля, з устанаўленьнем карэляцыі колькасці эмігрантаў з Зонаў у асобных рэгіёнах, з павелічэньнем колькасці прыродных і тэхнагенных неспрыяльных падзеяў і катастрофаў, эміграцыя была забароненая.
- Арчыбальд Барбрыдж (у некаторых вэрсіях кнігі — Артур) — сын Сьцярвятніка Барбрыджа. Быў «выпрашаны» татусём у Залатога Шара. Малады ідэаліст. Рэдрык Шугарт меў пра яго вельмі нізкае меркаваньне — яшчэ адзін рамантычны дурань, які «захапіўся Зонай», ня ведаючы, што гэта такое. Але пасьля загібелі Арчыбальда ля Залатога Шара Шугарту давялося паўтарыць ягоную фразу… Да чаго гэта прывяло, і ці магчыма навогул «шчасьце для ўсіх», аўтары замоўчваюць — кніга на гэтым сканчаецца.
- Бэні — працаўнік у бардачку Рычарда Г. Нунана. Дакладны род заняткаў ня згадваецца.
- Гута Шугарт — жонка Рэда Шугарта і аб’ект ягонага пастаяннага клопату. Зь цяжкасьцю вытрымлівае беды, якія на яе зваліліся.
- Гуталін — вялізны нэгар, сябар Рэда, каардынатар таварыства Ваяўнічых Анёлаў. «Сталкер наадварот» — скупляе артэфакты і вяртае іх у Зону.
- Джэймс Катэрфільд, Мясьнік — хірург, сьвяціла свайго штата. Першы ў сьвеце лекар-спэцыяліст па нечалавечых захворваньнях чалавека. Змог дамагчыся гэтага, калі вывучаў на пакалечаных сталкерах невядомыя раней хваробы, выродлівасьці і пашкоджаньні чалавечага арганізму. Плату браў ня толькі грашыма, але й «хабарам» (артэфактамі), якія ўжываў у сваёй мэдыцыне.
- Дзіна Барбрыдж — дачка Сьцярвятніка Барбрыджа. Прыгожая і вельмі цынічная, у адрозненьне ад свайго рамантычнага і адкрытага брата, маладая жанчына, «якая вядзе расьсеяны лад жыцьця».
- Доктар Валянцін Пільман — дасьледчык фэномэнаў Зоны, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы, нібыта першаадкрывальнік «радыянта Пільмана», хоць сам ён гэта адмаўляе.
- Доктар Кірыл Паноў — савецкі дасьледчык, які даказаў, што «пустышка» — гэта магнітная пастка. Сябраваў з Шугартам падчас ягонай працы ў МІПК. Трагічна загінуў ад разрыву сэрца пасьля аднаго з паходаў у Зону (як мяркуецца, у выніку судакрананьня зь «сярэбраным павуціньнем»). Рэдрык абвінавачваў у ягонай сьмерці сябе і, верагодна, менавіта пасьля гэтага кінуў працу ў Інстытуце.
- Доктар Сэм Дугляс — супрацоўнік МІПК. Загінуў пры неадзначаных абставінах праз 12 гадоў пасьля Наведваньня. На яго Кірыл «зваліў» інфармаваньне аб знаходжаньні «поўнай пустышкі», каб зьняць з Рэдрыка падазрэньні ў тым, што той зьяўляецца сталкерам.
- Капітан Вілі Герцаг — начальнік аховы інстытуту.
- Капітан Квотэрблад — адзін з паліцыянтаў, якія ахоўваюць Зону ад наведваньняў сталкерамі. Пастаянна спрабуе пераканаць Шугарта кінуць сталкерства. Абодва разы, калі Рэд трапляе за краты, яго ловіць Квотэрблад.
- Кашчавы Філ — скупшчык артэфактаў.
- Крэон-Мальтыец — сталкер. Напачатку кнігі спрабаваў стаць вучнем Шугарта, але атрымаў адмову. Пазьней стаў найбольш дасьведчаным сталкерам з тых, хто застаўся ў жывых, зьвязаўся са Сьцярвятнікам Барбрыджам і пад відам «афіцэрскіх пікнікоў» падрыхтоўваў сталкераў-навакоў. Заляцаўся да Дзіны Барбрыдж без асаблівага посьпеху.
- Мадам — адна з работніцаў публічнага дому (мяркуючы па ўсім, «мамка»), уладальнікам якога зьяўляецца Нунан.
- Марыя Шугарт — дачка Рэдрыка Шугарта. Мартышка — ейная мянушка: дзеці сталкераў не былі паўнавартаснымі людзьмі, і дачка Шугарта была падобная на малпачку. У раньнім дзяцінстве паводзіла сябе як нармальная дзяўчынка, адрозьніваючыся ад іншых дзяцей толькі зьнешнасьцю. Да канца кнігі яна губляе магчымасьць размаўляць і як-небудзь камунікаваць зь людзьмі. Яна, відавочна, любіць таварыства паўсталага зь мёртвых бацькі Шугарта — аднаго з спараджэньняў Зоны (гл. ніжэй).
- Маслак Кацюша (сапр. імя Рафаэль) — кіраўнік у бардачку Рычарда Г. Нунана. У ягоныя абавязкі таксама ўваходзіла скупляць хабар у «прыручаных» маладых сталкераў, а таксама назіраць за дзеяньнямі сталкераў-вэтэранаў. Маслаком яго празвалі за пачварныя кулакі, а Кацюшам ён зваў сябе сам, цалкам перакананы, што гэта імя вялікіх мангольскіх цароў.
- Остын — лябарант доктара Панова.
- пан Лемхэн — бос Нунана.
- татусь Шугарт — бацька Рэдрыка, які памёр да Наведваньня і пазьней вярнуўся дадому ў якасьці «муляжа» (ажылага мерцьвяка з Зоны, гл. ніжэй).
- Рычард Гербэрт Нунан — працуе пад прыкрыцьцём, афіцыйная легенда — прадстаўнік пастаўшчыкоў электроннага абсталяваньня пры Гармонцкай філіі МІПК. Насамрэч супрацоўнік кампаніі або, магчыма, спэцслужбы, якая негалосна кантралюе дзейнасьць сталкераў. Сябар Рэдрыка. Пры гэтым, вельмі верагодна, што менавіта ён падставіў Рэдрыка, калі той у другі раз быў арыштаваны. На карысьць гэтага кажа тое, што ён прызначыў Шугарту сустрэчу ў «Боржчы» менавіта на той час, калі там яго чакала засада на чале з капітанам Квотэрбладам.
- Рэдрык Шугарт (Рыжы) — галоўны герой твору. Сільны чалавек, азлоблены нялёгкім жыцьцём. Валодае найвышэйшым чуцьцём на небясьпеку і таму пасьпяхова ходзіць у Зону. Вельмі любіць сваю сям’ю і сяброў. З-за пастаяннага стрэсу злоўжывае тытунем і алкаголем.
- Сьцярвятнік Барбрыдж — адзін зь першых сталкераў. Яму належыць знаходка ўнікальнага артэфакту — «Залатога Шара». Першапачаткова насіў мянушку «Біцюг», мянушку «Сьцярвятнік» атрымаў за тое, што часта вяртаўся з Зоны без напарнікаў (па ўсяму, кідаючы іх на волю лёсу, пакідаючы паміраць у розных анамаліях або наўмысна прыносячы ў ахвяру «пасткам», выкарыстоўваючы ў якасьці «адмычак»).
- Сусьлік (раней Прыгажунчык) Дыксан — напаўзвар’яцелы калека, былы сталкер, які трапіў у так званую «мясарубку», але выжыў пасьля гэтага. У зьнявечаным стане быў вынесены з Зоны Сьцярвятнікам Барбрыджам (які, верагодна, баяўся расправы з боку іншых сталкераў, калі б зноў вярнуўся адзін), за што пасьля быў яму пажыцьцёва ўдзячны і працаваў у ягоным доме ў якасьці прыслугі.
- Тэндэр — другі лябарант доктара Панова.
- Хрыпаты Х’ю — скупшчык артэфактаў, працуе разам з Кашчавым Філам. Зьвязаны зь вялікімі вайскова-прамысловымі комплексамі, якія намагаюцца нелегальна займець забароненыя сьмяротна-небясьпечныя ўтварэньні і артэфакты Зоны.
- Эрнэст — уладальнік закладу «Боржч» (Кірыл настойваў на назьве «Боршч»), скупшчык артэфактаў. Здаў Шугарта капітану Квотэрбладу, пазьней сеў у турму.
- Іншыя сталкеры — Боб Гарыла, Гугнявы Гераш, Каляген, Кураня Цапфа, Карлік Цмыг, Ліндан-Каратышка, Маслаты Ісхак, Норман Акулярык (сапр. імя Стэфан Норман), Насаты Бэн-Галеві, Піт Болька, Пудзель, Смоўж, Шчасьліўчык Картэр, Кактус (сапр. імя Джонатан Майлз), Фараон Банкер, Хлюст[17].
Анамаліі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Валацуга Дык» — так навукоўцы называюць магчымую крыніцу шуму на заводзе. Валянцін Пільман параўнаў яго са «свавольным завадным медзьведзянём». Магчыма, адзіны жыхар Зоны.
- «Ведзьмін халадзец» («калёйдны газ») — нейкая цякучая субстанцыя. Добра пранікае скрозь скуру і любую іншую арганіку, плястык, мэтал, бэтон. Адзіны матэрыял, які яму «не па зубах» — спэцыяльныя фарфоравыя пасудзіны. Амаль усё, з чым ён рэагуе, ператвараецца зноў жа ў «ведзьмін халадзец». У кнізе апісваецца, як Сьцярвятнік Барбрыдж, наступіўшы ў «халадзец», атрымлівае сур’ёзную траўму ног: «апёкі» скуры, косткі ператварыліся ў гумападобную масу. Пры гэтым паражэньне пачало распаўсюджвацца далей, пашкоджвацючы здаровую плоць і косткі. Адзіным мэтадам дапамогі зьяўляецца тэрміновая ампутацыя паражоных канечнасьцяў. У сувязі са складанасьцю транспартыроўкі і небясьпекай для чалавека «ведзьмін халадзец» не падлягае дасьледаваньням, яго забаронена выносіць з Зоны. Шугарт парушыў гэтую забарону, вынес фарфоравы кантэйнэр з «халадцом» разам з параненым Сьцярвятнікам, але не хацеў прадаваць і схаваў кантэйнэр у гаражы. Рашыўся прадаць яго, калі зразумеў, што яго надоўга пасадзяць у турму, і перахаваў пад тэлефонную будку. На атрыманыя грошы ягоная жонка і дачка былі забясьпечаныя на працягу ўсяго тэрміну зьняволеньня. Магчыма, менавіта гэты кантэйнэр дасьледнікі з Карыганаўскіх лябараторыяў пазьней адкрылі маніпулятарамі, што прывяло да буйной катастрофы: будынак лябараторыі быў часткова разбураны; растварыўшы перакрыцьці, халадзец вырваўся вонкі і апусьціўся праз усе паверхі да сутарэньняў, загінула 35 чалавек, больш за 100 былі зьнявечаныя.
- «Вясёлыя здані» — анамальныя паветраныя турбулентнасьці ў пэўных участках Зоны, што прадстаўляюць небясьпеку для чалавека. Згадваюцца ў кнізе як легенда, аднак у апошнім разьдзеле Рэдрык Шугарт бачыць гэтую анамалію зь бясьпечнай адлегласьці.
- «Жароўня» — вобласьць прасторы, дзе тэмпэратура пэрыядычна павышаецца да непрыдатнай для жыцьця, а потым паніжаецца да навакольнай. Калі жароўня ня вельмі моцная, у ёй можна ўратавацца, прылёгшы на зямлю (хаця ў гэтым выпадку ўсё роўна можна атрымаць апёкі). У чацьвёртым разьдзеле апісваецца, як Рэдрык і Арчыбальд патрапляюць у жароўню, паколькі Рэдрык своечасова не заўважыў згарэлае травы. Наяўнасьць травы дае магчымасьць дапусьціць, што жароўні могуць зьяўляцца і зьнікаць у розных месцах.
- «Зялёнка» — невядомая субстанцыя, здольная цячы па зямлі і, верагодна, небясьпечная для чалавека (згадваецца эпізод, дзе Рэдрык Шугарт і Арчыбальд Барбрыдж дзьве гадзіны чакалі на пагорку, пакуль працячэ паток «зялёнкі».
- Іржавае мачала — нешта падобнае на мачала, якое «расьце» на тэлевізійных антэнах у Чумным квартале (некалі жылы квартал, які апынуўся ў Зоне Наведваньня). Пры судотыку з мэталам мамэнтальна выклікае моцную карозію і паступова пераходзіць на яго. У сувязі з гэтым транспартыроўка «ржавага мачала» немагчымая. Не падлягае дасьледаваньню.
- «Камарыны плеш» — вобласьць з анамальна высокай (у тысячы разоў) гравітацыяй, у навуковых колах вядомая як «гравіканцэнтрат». У кнізе згадваецца, як верталёт, што трапіў у «камарыны плеш», пацярпеў крушэньне і быў сплюшчаны ў тонкі «блін». Сталкеры выяўляюць іх, кідаючы гайкі. [18]
- Муляжы або жывыя нябожчыкі — аўтаномныя блукаючыя целы людзей, пахаваных у Зоне да Наведваньня. Звычайна «муляжы» пакідаюць Зону і вяртаюцца ў дамы, дзе чалавек раней жыў. Згадваецца таксама, што асобныя часткі целаў «муляжоў» цалкам аўтаномныя. Часта іх памылкова называюць «хадзячымі мерцьвякамі». Рухі «муляжоў» нязґрабныя і рэзкія, нагадваюць рухі мэханічнай лялькі, інтэлект практычна на нулі. Намагаюцца імітаваць паўсядзённыя дзеяньні людзей. У кнізе згадваецца, як Рэдрык Шугарт і Сьцярвятнік Барбрыдж бачылі так званага «гэтага», які спачатку блукаў сярод магіл, а потым брыў уздоўж дарогі да гораду. Наступнага дня гэты прыйшоў да сябе дадому. Таксама да Рэдрыка Шугарта прыйшоў дадому ягоны бацька, памерлы задоўга да Наведваньня. Рэдрык намагаўся ўспрымаць яго як члена сям’і і пабіўся з санітарамі, якія зьбіраліся забраць бацьку для дасьледаваньняў.
- «Мясарубка» — сьмяротна небясьпечная анамалія. Пры патрапленьні ў ейнае поле дзеяньня прадмэт або істота мамэнтальна скручваецца, дэфармуецца і раздзіраецца на часткі. Вонкава амаль не прыкметная. «Мясарубка» знаходзіцца непасрэдна на падыходзе да Залатога шара. За ўвесь час існаваньня Зоны зь «мясарубкі» жывым выйшаў толькі адзін сталкер — Прыгажунчык Дыксан, які атрымаў пасьля гэтага мянушку «Сусьлік» (яго, зьнявечанага, выцягнуў з Зоны Барбрыдж). Па назіраньнях сталкераў, пасьля «спрацоўваньня» «мясарубка» на некаторы час становіцца неактыўнай. Гэтую асаблівасьць выкарыстоўваў сталкер Барбрыдж, прапускаючы ў мясарубку напарнікаў, якія нічога не падазравалі, і гэтым забясьпечваў бясьпечны праход для сябе.
- Пастухі — людзі-мутанты, якія жывуць у Зоне з дня Наведваньня. Мімаходзь згадваюцца Рэдрыкам Шугартам.
— А яшчэ кажуць, што ў Зоне быццам бы нехта жыве. Людзі нейкія. Не прышэльцы, а менавіта людзі. Быццам Наведваньне засьпела іх тут, і яны мутавалі… прыстасаваліся да новых умоваў. Вы чулі пра гэта, містэру Шугарце?
— Так, — сказаў Рэдрык. — Толькі гэта ня тут. Гэта ў гарах, на паўночным захадзе. Пастухі нейкія.
- «Пякучы пух» — нейкае шкоднаснае ўтварэньне, якое пераносіцца ветрам. Адно зь нешматлікіх, ад якога можна абараніцца нашэньнем ахоўнага касьцюма. Па незразумелай прычыне не выносіцца ветрам за межы Зоны.
- Серабрыстае павуціньне — тонкія бліскучыя ніткі невядомага паходжаньня, заўважаныя Рэдам у гаражы. Трываласьць нітак невялікая, прыкладна як у звычайнага павуціньня. Апісаны адзін выпадак сьмерці чалавека (Кірыл Паноў) ад разрыву сэрца, як мяркуецца, пасьля выпадковага сутыкненьня з павуціньнем праз ахоўны касьцюм. Сьмерць наступіла раптоўна, безь якіх-небудзь папярэдніх прыкмет, празь некаторы час пасьля выхаду з Зоны.
- Цені — анамальныя цені ад асьветленых прадмэтаў у Зоне. Як правіла, знаходзяцца не з таго боку прадмэтаў, часта цень накіраваны да сонца. Магчыма, гэтая зьява бясьпечная, але сталкеры ўсё роўна яе пазьбягаюць.
- «Чортавая капуста» — згадваецца толькі аднаго разу, як нейкае небясьпечнае ўтварэньне, што выстрэльвае шкоднасныя часьціцы. Ад «пляўкоў» засьцерагае нашэньне ахоўнага касьцюма.
У кнізе таксама апісваецца шмат іншых зьяваў, якія ня маюць назвы.
Цікава, што ўплыў Зоны адбіваецца нават на тых гармонтцах, якія і блізка да яе не падыходзілі. Зь некаторых часоў сталі заўважаць, што як толькі эмігрант з Гармонта, які прысутнічаў пры Наведваньні, пасяляецца ў іншым горадзе, у гэтым горадзе рэзка павялічваецца колькасьць катастрофаў і няшчасных выпадкаў. Пасьля гэтага эміграцыю з Гармонта забаранілі.
Артэфакты Зоны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прызначэньне прадмэтаў, знойдзеных у Зоне, нягледзячы на дваццаць гадоў вывучэньня, застаецца невядомым. Доктар Пільман лічыў, што чалавецтва, выкарыстоўваючы некаторыя артэфакты, проста «забівае цьвікі мікраскопамі».
- «Белы абруч» (назва ўмоўная, магчыма, тэрмін «белая вярцячка», што згадваецца ў жаргоне сталкераў, таксама абазначае гэты аб’ект) — белае кольца зь лёгкага мэталу. Калі насадзіць яго на вось і зьлёгку раскруціць, яно працягвае рух да таго часу, пакуль ня будзе спынена сілай. Першы знойдзены ў Зоне «вечны рухавік». Спачатку быў памылкова прыняты за «бранзалет» (гл. ніжэй), аднак адрозьніваецца колерам, вагой і дыямэтрам. У кнізе згадваецца адзіны асобнік гэтага аб’екта (знойдзены Шугартам).
- «Бранзалеты» — мэталічныя кольцы, што дабратворна ўплываюць на здароўе чалавека.
- «Залаты Шар» («Машына жаданьняў») — аб’ект, які мае форму залацістага або чырвонага шара. Паводле легендаў, мае здольнасьць выконваць жаданьні, але не любыя, а толькі найпатаемнейшыя. Аднак ніякіх простых доказаў гэтых уласьцівасьцяў у кнізе не даецца.
- «Пустышка» («гідрамагнітная пастка», «аб’ект 77-Б») — два мэталічныя дыскі, прастора паміж якімі нічым (акрамя паветра) не запоўненая, але якія пры гэтым захоўваюць узаемнае разьмяшчэньне пры адвольных нагрузках. У кнізе згадваюцца «малыя пустышкі» (магчыма, ёсьць і вялікія). Была знойдзеная і адпраўленая на дасьледаваньне як мінімум адна «пустышка» са зьмесьцівам — вязкай вадкасьцю сіняга колеру.
- «Сьвярба» — прылада, выгляд і форма якой у кнізе не апісаныя. У актыўным стане (для ініцыяцыі дастаткова сьціснуць яе паміж пальцамі) нейкім чынам узьдзейнічае на людзей і жывёл, выклікаючы пачуцьці страху і дыскамфорту. На думку Рэдрыка Шугарта, першымі «сьвярбу» адчуваюць сабакі.
- «Сьмерць-лямпа» — прылада, якая выпрацоўвае выпраменьваньне невядомай прыроды, што згубна ўплывае на зямныя арганізмы. У кнізе згадваецца толькі аднойчы:
— Восем гадоў таму сталкер на імя Стэфан Норман і па мянушцы Акулярык вынес з Зоны нейкую прыладу, якая прадстаўляла сабой, па чутках, нешта накшталт сыстэмы выпраменьвальнікаў, сьмертаносна дзеючых на зямныя арганізмы. Згаданы Акулярык гандляваў гэты агрэгат інстытуту. У цане яны не сышліся, Акулярык сышоў у Зону і не вярнуўся. Дзе знаходзіцца цяпер агрэгат — невядома.
- «Чорныя пырскі» («аб’ект К-23») — невялікія чорныя ўтварэньні, маюць форму шарыка. Пучок сьвятла, які ў іх трапляе, выходзіць з затрымкай і на ніжэйшай частасьці. Прымяняюцца ў ювэлірнай справе. Існуе таксама меркаваньне, паводле якога гэтыя ўтварэньні зьяўляюцца гіганцкімі вобласьцямі прасторы зь іншай мэтрыкай, якія прынялі пад узьдзеяньнем нашай прасторы кампактную трохмерную форму.
- «Шпількі» — невялікія аб’екты, якія нагадваюць шпільку. Пры пэўных умовах пачынаюць выпраменьваць пасьлядоўнасьці колераў бачнага спэктру.
- «Этак» — «вечная батарэйка», малагабарытная невычэрпная крыніца электрычнай энэргіі. Артэфакт знайшоў шырокае прымяненьне ў тэхніцы і прывёў да адмовы ад вуглевадароднага паліва. Пры пэўных умовах размнажаецца дзяленьнем. Аднаго «этака» дастаткова, каб прыводзіць у рух легкавы аўтамабіль.
У аповесьці таксама згадваюцца іншыя артэфакты, аднак безь якіх-небудзь апісаньняў:
- «Газаваная гліна» — апісвалася толькі ў эпізодзе, дзе сталкер Рэдрык Шугарт выкладваў хабар на стол у сябе дома. Знаходзілася ў слоіку.
- «Грымучая сурвэтка».
- «Губка» — мае здольнасьць запісваць сны і прайграваць іх іншаму чалавеку.
- «Іголкі».
- «Рачыныя вочы».
- «Рухомы магніт».
- «Сіняя панацэя» — магчыма, зьяўляецца адным з тыпаў «квазібіялягічнае масы», якія згадваюцца Валянцінам Пільманам у размове з Рычардам Нунанам і дазволілі зьдзейсьніць вялікі скачок у мэдыцыне.
- «Сучыя бразґоткі».
Узнагароды і намінацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1978: Узнагарода Джона Кэмпбэла, другое месца за кнігу году.[19]
- 1978: Пасьля выпуску «Пікніка на ўзбоччы» ў ЗША браты Стругацкія сталі пачэснымі ўдзельнікамі «Таварыства Марка Твэна» за «выбітны ўклад у жанр фантастыкі».
- 1979: На скандынаўскім кангрэсе фантастычнае літаратуры кніга была ўзнагароджаная прэміяй Жуля Вэрна за «Найлепшую кнігу году».
- 1981: На Шостым францускім фэстывалі фантастыкі ў Мэцы браты Стругацкія былі ўзнагароджаныя на найлепшую замежную кнігу году.
Адаптацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Экранізацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першай экранізацыяй стаў фільм «Сталкер» Андрэя Таркоўскага 1979 року. Сцэнар фільму быў напісаны Таркоўскім сумесна з братамі Стругацкімі. Стругацкія перапісвалі сцэнар неаднаразова, у выніку фінальная вэрсія, якая выкарыстоўвалася ў фільме, ня мела амаль нічога агульнага ні з пачатковай вэрсіяй сцэнару, ні з самой аповесьцю.
У 2000 годзе кінакампанія Columbia pictures аб’явіла пра намер зрабіць высокабюджэтную экранізацію над назвай «Пасьля Наведваньня» (па-ангельску: After the Visitation), у якасьці пастаноўшчыкаў былі запрошаныя Глен Морган і Джэймс Вонг[20]. У 2006 годзе замест іх у праект быў запрошаны рэжысёр Дэвід Якабсан[21][22]. Таксама была агучаная інфармацыя, што адну з роляў павінен выканаць Джон Траволта[23]. Пазьней запіс пра гэты праект быў выдалены з IMDB.com
У 2012 годзе незалежная кінакампанія Pilman Radiant Pictures выклала на YouTube вынік пяцігадовай працы над індзі-фільмам Vyöhyke (Зона) па матывах аповесьці Стругацкіх[24].
11 верасьня 2015 зьявілася інфармацыя, што кінакампанія WGN America аб’явіла пра пачатак працы над сэрыялам па кнізе «Пікнік на ўзбоччы». Ідэю меліся рэалізаваць сцэнарыст Джэк Паглен і рэжысэр Алан Тэйлар[25]. Галоўную ролю меўся сыграць актор Мэцью Гуд[26] Напачатку 2017 году быў выкладзены афіцыйны трэйлер[27], на якім можна было ўбачыць лягатып тэлеканалу AMC. Аднак неўзабаве пасьля гэтага зьявілася інфармацыя, што тэлеканал адмовіўся ад далейшай рэалізацыі праекту і выставіў яго на продаж[28].
Таксама на IMDB зьявіўся запіс пра мультыплікацыйны праект «Zona»[29], запуск якога плянаваўся на 2017 год.
Іншыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аматарскія Roguelike-відэагульні для ДВК (1988) і ZX Spectrum — «Сталкер» (1997) і «Zone the Last Stalker» (1999)
- Савецкі радыёспэктакль «Пікнік на ўзбоччы» 1990 году. Сюжэты захаваны са скарачэньнямі і скажэньнямі імёнаў (так, горад Гармонт ператварыўся ў Мармонт, а Маслак Кацюша стаў Канашам). У ролі Шугарта — Мікалай Карачанцаў. Таксама ў ролях — Уладзімер Кашпур (Барбрыдж), Юры Васільеў (Кірыл), Леанід Кулагін (Лемхэн), Георгі Тараторкін (тэкст ад аўтара).
- У 2003 годзе фінская кампанія Circus Maximus спрадзюсавала тэатральную вэрсію «Пікніка на ўзбоччы», названую «Stalker»[30].
- У 2007 годзе выйшла кампутарная гульня «S.T.A.L.K.E.R.: Shadow of Chernobyl», якая выкарыстоўвала ідэі кнігі й фільму. 22 жніўня 2008 году выйшла другая кампутарная гульня сэрыі — «S.T.A.L.K.E.R.: Clear Sky». У 2009 годзе выйшла трэцяя гульня «S.T.A.L.K.E.R.: Call of Pripyat». Нягледзячы на вялікую колькасьць адсылак да раману Стругацкіх (ад асноўных тэрмінаў «сталкінг», «хабар», ажно да ідэнтычнага найменьня большасьці анамаліяў), распрацоўшчыкі гульні ніяк не згадалі пра ўклад творчасьці пісьменьнікаў у свой праект з-за праблемаў з аўтарскімі правамі.
- Настольная ролевая гульня Stalker RPG, распрацаваная Віле Вуорэла з дазволу Барыса Стругацкага, была апублікаваная ў 2008 годзе выдавецтвам Burger Games на фінскай і ў 2012 годзе — на ангельскай мове[31].
Сцэнар «Машына жаданьняў»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы варыянт сцэнару, напісаны Стругацкімі для будучага фільму Таркоўскага. Апублікаваны ў поўным зборе твораў выдавецтва «Текст». Таксама калісьці быў разьмешчаны на афіцыйным сайце братоў Стругацкіх. Мае шмат агульнага з зыходным творам. Цікавы тым, што ў ім разглядаецца адзін з альтэрнатыўных варыянтаў завяршэньня сюжэту: сталкер дайшоў да месца выкананьня жаданьняў, у напаўнепрытомным стане папрасіў чагосьці, чаго сам не разабраў, і апынуўся дома. Там ён убачыў, што ягоная дачка засталася хворай, а зь вялікага меха на ягоным плячы сыплюцца грошы.
Існуе таксама вэрсія, апублікаваная ў альманаху «Зборнік навуковай фантастыкі» 1981 году (выпуск 25). Гэтая вэрсія трохі бліжэйшая да існуючай экранізацыі. Вядома, пэўная канцоўка «Машыны жаданьняў не адмяняе магчымасьці „дадумваньня“ фіналу „Пікніка на ўзбоччы“ кожным чытачом па-свойму. Апісаны ў сцэнары сталкер — ня Рэдрык Шугарт.
Працягі і перайманьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Лук’янаў, „Стары з узбочча“ (аповесьць, 2008).
- Аляксандар Лук’янаў, „Трэйлер Старога“ (аповесьць, 2010).
- Кір Булычоў, „Выратуйце Галю!“ (апавяданьне, 1990)[32].
- Леанід Кудраўцаў, „І паляўнічы“ (апавяданьне, анталёгія „Час вучняў“, 1996)
- Мікалай Раманецкі, „Абцяжараныя шчасьцем“ (апавяданьне, анталёгія „Час вучняў“, 1996)
- Мікіта Філатаў, „Пазалочаны шар“ (апавяданьне, анталёгія „Час вучняў — 3“, 2000)
- Сяргей Стралецкі, „Сэрца Зоны“ (апавяданьне, 2008)[33].
- „Хрысталюдзі“, фантастычная аповесьць. Аматарскі пераклад раману Д. Ўіндэма „Хрызаліды“, які выйшаў у 1955 годзе, зь нязначнымі ўстаўкамі „пад Стругацкіх“.
- Сяргей Тармашоў, сэрыя романаў „Арэал“ (АСТ, 2011—2015).
- Кнігі і апавяданьні, прысьвечаныя сталкерам і напісаныя пад уплывам сэрыі гульняў S.T.A.L.K.E.R.
- Дзьмітры Сілаў, „Пікнік на ўзбоччы: Шчасьце для ўсіх“. Першы раман у сэрыі „Пікнік на ўзбоччы“, пазыцыянуецца як прамы працяг гісторыі Шугарта. 2013.
- Чайна М’ёвіль, „Рэйкі“. Сьвет кнігі скрайне падобны на Зону. У адным эпізодзе герой разглядае артэфакт, падобны на пустышку».
- Майк Гелпрын, «Гармонт. Нашыя дні» (АСТ, Астрель-СПб, 2014).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Стругацкий Борис Комментарии к пройденному. СПб.: Амфора, 2003..
- ^ Владимир Борисов. (2006) Голос жителя Земли Новое литературное обозрение Праверана 2011-04-15 г. Архіўная копія ад 2012-02-12 г.
- ^ а б АНТ Скаландис. Братья Стругацкие. — М.: АСТ, 2008. — 704 с.
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Пикник на обочине: Фантастическая повесть / Худож. Г. Ковенчук, Ш. Клаичю // Аврора. — 1972. — № 7. — С. 28—43; № 8. — С. 38—51; № 9. — С. 38—51; № 10. — С. 42—51.
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Пикник на обочине: Отрывок из повести // Антология. — М.: Молодая гвардия, 1973. — С. 112—151. — (Библиотека современной фантастики. — Т. 25).
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Пикник на обочине: Фантастическая повесть // Молодежь Эстонии. — 1977. — 2; 3 (С. 4); 6; 7; 8; 9; 10; 13; 14; 15 (С. 4); 16; 17; 20 (С. 4); 21 (С. 4); 22 (С. 4); 23; 24; 27; 28; 30; 31 дек. — С. 3; 1978. — 3; 4; 5; 6; 7; 10; 11; 12; 13; 14 (С. 4); 17; 18; 19; 20; 21 (С. 4); 24; 25; 26; 27; 28; 31 (С. 4) студ. — С. 3. — 1; 3; 4; 7; 9; 10 (С. 4) лют. — С. 3.
- ^ Strugatsky, Arkady and Boris. Roadside Picnic / Tale of the Troika (Best of Soviet Science Fiction) translated by Antonina W. Bouis. New York: Macmillan Pub Co, 1977, 245 pp. ISBN 0-02-615170-7. LCCN: 77000543.
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Неназначенные встречи: Научно-фантастические повести / Ю. Смелков, «Человек настоящего — человек будущего» (послесл.); Худож. В. Гошко. — М.: Молодая гвардия, 1980. — 352 с, ил. — (Библиотека советской фантастики).
- ^ а б в Светлана Бондаренко (сост.). Неизвестные Стругацкие: От «Отеля» до «За миллиард лет…»: черновики, рукописи, варианты. — М.: АСТ, 2006. — 640 с.
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. За миллиард лет до конца света: Повести / Худож. П. Караченцов. — М.: Советский писатель, 1984. — 416 с, ил.
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Повести / Ю. Андреев, «Чтобы не наступил конец света!» (послесл.); Худож. В. Мишин. — Л.: Лениздат, 1988. — 496 с, ил. — (Повести ленинградских писателей).
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Отель «У погибшего альпиниста». Пикник на обочине: Повести / Худож. В. Любаров. — М.: Юридическая литература, 1989. — 256 с, ил.
- ^ Стругацкий А., Стругацкий Б. Посещение: Повести / Худож. В. Любаров. — М.: Юридическая литература, 1989. — 256 с, ил. — (Волшебный фонарь).
- ^ «Пікнік на ўзбоччы» па-беларуску Праверана 18 ліпеня 2017 года г.
- ^ OFF-LINE интервью с Борисом Стругацким. Октябрь 2003: «Паводле задумы аўтараў гэта, хутчэй за ўсё, Канада. Ці якая-небудзь Аўстралія. Словам — брытанская ў мінулым калёнія».
- ^ «Сам факт Наведваньня зьяўляецца найбольш важным адкрыцьцём ня толькі за мінулыя трынаццаць гадоў, але і за ўвесь час існаваньня чалавецтва».
- ^ Мянушкі сталкераў, якія загінулі ў Зоне, вылучаныя курсівам
- ^ У фільме Таркоўскага па матывах твору да гаек прывязвалі белыя бінты, каб іх было лепш відаць у палёце.
- ^ The John W. Campbell Award Праверана 24 июня 2009 года г. Архіўная копія ад 2012-02-12 г.
- ^ 'Visitation' rights for 'Destination' duo. Variety. Праверана 2011-04-15 г. Архіўная копія ад 2012-02-12 г.
- ^ Helmer on a 'Picnic'. Variety. Праверана 4 лістапада 2008 г. Архіўная копія ад 2012-02-12 г.
- ^ Jacobson Plans a 'Picnic'
- ^ Аналитики: Из «Пикника на обочине» американцы сделают очередную «Матрицу»
- ^ Vyöhyke, Зона — Фільм цалкам з ангельскімі субтытрамі на YouTube
- ^ 'Terminator Genisys' Alan Taylor returning to TV with 'Roadside Picnic' adaptation at WGN America Праверана 2015-09-16 г.
- ^ Wochit Entertainment (2016-06-27) Matthew Goode Lands Lead Role In Sci-Fi Pilot 'Roadside Picnic' Праверана 2017-03-12 г.
- ^ WingedRocket VideoGames (2017-02-18) Roadside Picnic Trailer AMC 2017 S.T.A.L.K.E.R. TV Series Праверана 2017-03-12 г.
- ^ Американцы передумали экранизировать «Пикник на обочине» Стругацких. Российская газета.
- ^ Проект "Zona"
- ^ Stalker. Circus Maximus. Праверана 4 лістапада 2008 г. Архіўная копія ад 2012-02-12 г.
- ^ Burger Games Homepage
- ^ Булычев К. Спасите Галю!: Рассказ // НФ: Сборник научной фантастики. — Вып. 34. — М.: Знание, 1991. — С. 169—186. (Пасьля неаднаразова перавыдаваўся)
- ^ Стрелецкий С. Сердце Зоны: Рассказ // „Полдень. XXI век“. — 2008. — Апрель. — С. 25-50.