Пётра Сыч
Пётра Сыч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 18 студзеня 1912 |
Памёр | 20 чэрвеня 1964 (52 гады) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналіст, мэмуарыст, пісьменьнік |
Узнагароды |
Пётра Сыч (18 студзеня 1912 — 20 чэрвеня 1964) — пісьменьнік, мэмуарыст, журналіст Радыё Свабода.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пётра Сыч (поўнае імя Пётра Альфрэд Сыч) нарадзіўся ў сям’і Марыяна і Марыі Сычоў у вёсцы Батурына. Ахрысьцілі яго ў мястэчку Ільлі Вялейскага павету. Пачатковую школу скончыў у роднай вёсцы, а сяміклясную — у вёсцы Хаценчыцы.
У 1929 годзе пачаў вучобу ў Віленскім унівэрсытэце на факультэце філязофіі, але праз два гады быў вымушаны кінуць вучобу з прычыны хваробы маці (тады ўжо ўдавы). Ад гэтага часу пачаў журналісцкую працу ў віленскіх польскамоўных газэтах. Адначасова з публіцыстыкай Пётра Сыч распачаў і пісьменьніцкую дзейнасьць. Першы верш, на польскай мове, быў надрукаваны ў 1932 годзе ў віленскай газэце «Голас люду». І пад артыкуламі, і пад мастацкімі творамі падпісваўся як Петрэк Вілейскі, а пазьней — крыптонімам «пс» або сваім сапраўдным прозьвішчам. Быў блізка знаёмы з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Браніславам Тарашкевічам.
Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напачатку Другой сусьветнай вайны, у 1939 годзе, Пётру Сыча мабілізавалі ў польскае войска. Патрапіў у савецкі палон у Ашмянах, але здолеў уцячы. Пазьней быў арыштаваны бальшавікамі й пасаджаны ў Вялейскую турму, пасьля перавезены ў Полацак, дзе й атрымаў прысуд — 10 гадоў лягеру.
Быў сасланы ў лягер у Комі. У лягерох шмат хварэў, пакутаваў ад невыносных умоваў зьняволеньня, але выжыў — мабыць, таму, што яго ў рэшце рэшт прызначылі мастаком (і ён маляваў партрэты лягернага начальства). У верасьні 1941 году на падставе дамовы Сікорскага-Майскага як польскі грамадзянін Пётра Сыч быў перакінуты спачатку ў Надволжжа, потым у Самарканд, дзе стваралася польская армія генэрала Ўладыслава Андэрса. Пётра Сыч як і тысячы іншых беларусаў з заходняй Беларусі далучыўся да войска польскага генэрала. Андэрс не зьбіраўся ваяваць на баку Саветаў і прыклаў шмат намаганьняў, каб вывесьці сваю армію з тэрыторыі СССР, што зрабіць яму ўдалося зь вялікай цяжкасьцю толькі пасьля таго, як Вялікая Брытанія перакінула частку сваіх войскаў зь Сярэдняга Ўсходу на змаганьне зь японцамі. Месца ангельцаў і заняў Другі польскі корпус, як пачалі называць армію Андэрса ў Іране.
Іран, Ірак, Палестына, Эгіпэт, Лібан, Італія — такі баявы шлях прайшлі жаўнеры гэтага корпусу да Монтэ-Касына, а разам зь імі і паручнік Пётра Сыч, які браў удзел у баёх пад Монтэ-Касына. Быў чатыры разы паранены.
Адзначаны ўзнагародамі розных краінаў: брытанскімі — Зоркай Італіі, Зоркай 1939—1945, Мэдалём вайны 1939—1945 і Мэдалём Абароны, польскімі — Крыжам Монтэ-Касына № 45039, Мэдалём Войска, Ганаровай адзнакай за раненьні і інш[1].
Радыё Свабода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па заканчэньні вайны корпус генэрала Андэрса быў пераведзены ў Ангельшчыну. Там Пётра Сыч з 1946 году далучыўся да беларускай працы. У 1951 годзе пераехаў у Нямеччыну, дзе рэдагаваў сатырычны часапіс «Шарсьцень» і супрацоўнічаў з газэтай «Бацькаўшчына», што выдавалася ў Мюнхэне. Стаў адным з самых першых супрацоўнікоў Радыё Свабода (тады Радыё «Вызваленьне»).
У лютым 1954 году з Канады ў Мюнхэн прыехаў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, каб распачаць працу па стварэньні беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленьне», і ён адразу запрасіў у штатныя супрацоўнікі Пятра Сыча. Сустрэча ў Мюнхэне была ня першай. Улетку 1940 году Вінцэнт Жук-Грышкевіч і Пятро Сыч разам сядзелі ў савецкай турме ў Полацку і з таго часу пасябравалі. Кіраўнік Беларускай рэдакцыі добра ведаў пра адданасьць Пятра Сыча беларускай справе і лічыў, што менавіта такія людзі і павінны ствараць беларускае незалежнае радыё. Пятро Сыч зь вялікім энтузіязмам узяўся за новую працу, укладаў у яе ўвесь свой талент і душу. Ён быў аўтарам тэксту звароту, зь якім самы першы раз выйшла да слухача 20 траўня 1954 году беларуская рэдакцыя Радыё «Вызваленьне», цяперашняя «Свабода». Называўся ён «Азымут сэрца».
Памёр Пётра Сыч у Нямеччыне 20 чэрвеня 1964 году. Пахаваны на могілках Перлахер Форст ў Мюнхэне.[2]
Як сьведчыць Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пётра Сыч «меў багатую, чульлівую мастацкую натуру, адораную рознымі здольнасьцямі. Быў ён пісьменьнікам, і публіцыстам, і паэтам, і маляром — з задаткамі да скульптуры. На вялікі жаль, гэтыя здольнасьці не знайшлі належнага афармленьня ў сыстэматычнай адукацыі, культываваньні, і таму наш мастак да канца жыцьця застаўся мастаком-дылетантам. Жыцьцёвыя нягоды білі моцна нашага Петруся й не далі магчымасьці сканцэнтравацца, разьвіцца ў аднэй, найбольш адпаведнай яму галіне. Таму хіба што на дне душы ягонай затаілася нейкая прыніжанасьць, няўпэўненасьць у свае сілы, а мо’ й крыўда на свой жыцьцёвы лёс».
«Сьмерць і салаўі»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пра перажытае пад Монтэ-Касына Пятро Сыч наважыўся распавесьці толькі напрыканцы жыцьця, у кнізе «Сьмерць і салаўі».
Нарыс Пётры Сыча «Сьмерць і салаўі» прысьвечаны адной з вызначальных стратэгічных апэрацыяў Другой сусьветнай вайны — бітве пад Монтэ-Касына ў студзені — траўні 1944 году. Перамога ў гэтай бітве адкрыла альянтам дарогу на Рым, стварыла ўмовы дзеля вызваленьня Італіі ад фашызму. У Беларусі, як і ўвогуле ў савецкай гісторыяграфіі мінулай вайны, бітва пад Монтэ-Касына замоўчвалася. Так, напрыклад, у артыкуле БелСЭ «Другая сусьветная вайна» (т. 4, с. 278—281) падзеі пад Монтэ-Касына нават ня згадваюцца. А між тым, там ваявалі тысячы беларусаў — салдатаў і афіцэраў Другога корпусу генэрала Андэрса.
«Сьмерць і салаўі» ўпершыню ўбачыла сьвет у газэце «Бацькаўшчына» ў 1963—1964 гадох, але не было закончаным, бо аўтар заўчасна памёр. Эльза Сыч — жонка Пятра Сыча — пастаралася каб выдаць мэмуарны твор асобнай кнігай і таксама, каб «апавяданьне мела й заканчэньне, хоць і зь іншай рукі».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Юры Грыбоўскі, Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна — Афіцэр-беларус з-пад Монтэ-Касіна
- ^ Гардзіенка, Натальля PK50.Памінальная картка Пётры Сыча Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьмерць і салаўі. Успаміны афіцэра-Беларуса спад Монтэ-Касыно — поўны тэкст твору
- Азымут Сэрца. Пётра Сыч — самы першы матэрыял, які прагучаў на хвалях Радыё Свабода
- На хвалі Свабоды: Год 1954
- Лявон Юрэвіч. Кароткая біяграфічная нататка пра Пётру Сыча
- Зьвесткі пра Пётру Сыча і армію Андэрса, надрукаваныя ў часапісе «Дзеяслоў»
- Пётра Сыч у спісе ахвяраў камунізму на сайце martyraloh.org
- Беларусы ў бітве пад Монтэ Касына (да 60-й гадавіны падзеі)