Пэтэр Плянцыюс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэтэр Плянцыюс
па-нідэрляндзку: Pieter Platevoet
Дата нараджэньня 1552
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 15 траўня 1622(1622-05-15)[1][2]
Месца сьмерці
Занятак астраном, картограф, тэоляг, клерык, стваральнік інструмэнтаў, географ
Навуковая сфэра Астраномія, багаслоўе, картаграфія
Дзеці Jeremias Plancius[d] і Daniel Plancius[d][3]
Сайт de.wikisource.org/wiki/A…
nl.wikipedia.org/wiki/Pe…

Пэ́тэр Пля́нцыюс (па-лацінску: Petrus Plancius; 155215 траўня 1622) — галяндзкі астраном, картограф і рэлігійны дзяяч. Вывучаў тэалёгію ў Нямеччыне і Ангельшчыне. Ва ўзросьце 24 гадоў стаў сьвятаром Нідэрляндзкай рэфармацкай царквы.

Праз магчымасьць перасьледу Інквізыцыяй, Плянцыюс вымушаны быў зьбегчы з Брусэлю ў Амстэрдам, калі горад трапіў у валоданьне Гішпаніі ў 1585 годзе. Там ён праявіў цікавасьць да астраноміі і картаграфіі. У яго быў доступ да марскіх мапаў, якія часта прывозілі з Партугаліі, таму ён хутка быў прызнаны дасьведчаным у пракладцы марскіх шляхоў да Індыі. Плянцыюс сьвята верыў у магчымасьць пракладаньня Паўночнага морскага шляху праз Паўночную Амэрыку, але сьмерць Вілема Барэнца ў час свайго трэцяга падарожжа ў 1597 годзе разбурыла ўсе надзеі на існаваньне магчымасьці гэтага шляху.

У гонар Плянцыюса названая малая плянэта 10648 Плянцыюс.

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1592 годзе Пэтэр Плянцыюс апублікаваў сваю найвядомейшую мапу сьвету пад назвай Nova et exacta Terrarum Tabula geographica et hydrographica (па-беларуску: Новая і дакладная геаграфічная і гідраграфічная мапа сьвету). Акрамя мапаў ён публікаваў журналы і навігацыйныя падручнікі, побач з распрацоўкай новага спосабу вызначэньня даўгаты. Пагатоў ён пачаў выкарыстоўваць у навігацыйных мапах мэркатарскую праекцыю.

Ён быў адным з пачынальнікаў галяндзкай Ост-Індзкай кампаніі, для якой ён нарысаваў больш як 100 мапаў.

Плянцыюс быў блізка знаёмы з Гэнры Гудзонам, дасьледнікам Новага сьвету.

Астранамічныя дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1589 годзе Пэтэр Плянцыюс у супрацы з Якабам Флёрысам ван Лянгрэнам(en) стварыў 32,5-сантымэтровы глёбус нябеснай сфэры. Дзякуючы дробным зьвесткам пра адметнасьці паўднёвага неба, на неба ўпершыню былі нанесеныя сузор’і Крыж, Паўднёвы Трыкутнік, а таксама Магеланавы Воблакі: Вялікае і Малое.

У 1595 годзе ён папрасіў Пітэра Дырксона Кейсэра, галоўнага лёцмана карабля «Hollandia», занатаваць свае назіраньні, каб запоўніць белыя плямы на небе побач з паўднёвым нябесным полюсам. Кейсэр памёр у наступны год на Яве (экспэдыцыя панесла шмат стратаў), але ягоны каталёг з 135 зорак,[4] імаверна складзены з дапамогай дасьледніка Фрэдэрыка дэ Гаўтмана, пасьпяхова трапіў да Плянцыюса. Зоркі з таго каталёгу былі разьмеркаваныя паміж 12 новымі паўднёвымі сузор’ямі[5] і выяўленыя на 35-см нябесным глёбусе, створаным у канцы 1597 году (або пачатку 1598). Гэты глёбус быў створаны ў супрацы з амстэрдамскім картографам Ёдакам Хондыюсам.

Сузор’і Плянцыюса збольшага былі асацыяваныя з жывёламі і цікавымі рэчамі, пра якія пісалі ў падарожных кнігах яго сучасьнікі: Пчала (лац. Apis; пазьней перайменаваная ў Муху Лякайлем), Райская Птушка (лац. Apus), Хамэлеон (лац. Chamaeleon), Залатая Рыба (лац. Dorado), таксама Меч-Рыба), Журавель (лац. Grus), Паўднёвая Гідра (лац. Hydrus), Індзеец (лац. Indus), Пава (лац. Pavo), Фэнікс (лац. Phoenix), Тукан (лац. Tucana) і Лятучая Рыба (лац. Volans).

Гэтыя сузор’і, разам з Голубам, уведзеным Плянцыюсам у 1592 годзе, былі ўнесеныя Ёганам Баерам у 1603 годзе ў яго атляс зорнага неба «Uranometria».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Petrus Plancius — 2009.
  2. ^ Petrus Plancius // RKDartists (нід.)
  3. ^ а б Catalog of the German National Library (ням.)
  4. ^ Knobel, E. B. On Frederick de Houtman's catalogue of southern stars, and the origin of the southern constellations // Monthly Notices of the Royal Astronomical Society. — 1917. — № 77. — С. 414—432.
  5. ^ Scouting the southern sky / CHAPTER ONE continued... (анг.) Ian Ridpath's Star Tales Праверана 4 студзеня 2013 г.