Перайсьці да зьместу

Пэдэрастыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пэдэрастыя (ад стар.-грэц.: παις — «дзіцё», «хлопчык», і ἐραστής — «кахаючы», гэта значыць «каханнье да хлопчыкаў») — любоўныя ці сэксуальныя адносіны паміж мужчынам і хлопчыкам, у сучаснай гутарковай і, раней, літаратурнай мове гэтым тэрмінам часта пазначаецца мужчынская гомасэксуальнасьць наагул. Тым ня менш, калі дакладна, панятак мае вузкае гістарычнае азначэньне[1].

Слова «пэдэрастыя» паходзіць ад каранёў παις (па-грэцку «хлопчык» і наагул «дзіця», што па сэнсе прыкладна адпавядае сучаснаму панятку «непаўналетні» — паўналецьце ў Элядзе наставала з 18 гадоў) і ἐραστής (каханак). У новаэўрапейскі ўжытак слова paederastia (з грэцкай παιδεραστεια) увайшло ў XVI стагодзьдзі, было запазычанае з дыялёгу Плятона «Баль» для абазначэньня сэксуальнай сувязі паміж сталым мужчынам з аднаго боку і падлеткам ці юнаком зь іншага[2]. Але паколькі пэдэрастыя, ці «грэцкае каханьне», была найбольш распаўсюджанай і адзінай, што знайшло адлюстраваньне ў культуры, формай мужчынскіх гомасэксуальных адносінаў, да XIX стагодўьдзя часткова ў Эўропе тэрмін набыў значэньне мужчынскай гомасэксуальнасьці наагул[3].

Пэдэрастыя ў міталёгіі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Міты прыпісвалі пэдэрастычныя адносіны багам: Зэўс выкраў Ганімэда, Апалён кахаў цэлы шэраг цудоўных юнакоў. Пэдэрастыя прыпісвалася і героям: палюбоўнікамі Гэракла называлі возьніка, пляменьніка героя Іялая, а таксама Гіла, арганаўта Паліфема і Састрата; Ахіл і Патрокл у клясычную эпоху адназначна ўспрымаліся і апісваліся як любоўная пара (хоць у Гамэра простых указаньняў на гэта няма)[4]. Звычайна лічылася, што звычай кахаць хлопчыкаў увёў фіванскі цар Лай, бацька Эдыпа, які закахаўся ў цудоўнага хлопчыка Хрысіпа і выкраў яго; зрэшты, Тымей прыпісвае ўвядзеньне гэтага звычаю крыцянам. Нарэшце, у Паўночнай Грэцыі вынаходнікам пэдэрастыі лічыўся сьпявак Арфэй, які адмовіўся ад жанчынаў пасьля страты каханай Эўрыдыкі[5].

  1. Robert Flacelière, «La pédérastie dans la Grèce antique», Revue des Études Grecques, vol. 93, no 442,‎ 1980, p. 498–503.
  2. Claude Calame, L'Éros dans la Grèce antique, Paris, Belin, 1996 (ISBN 2701121604)
  3. Robert Flacelière, «La pédérastie dans la Grèce antique», Revue des Études Grecques, vol. 93, no 442,‎ 1980, p. 498–503.
  4. Nicolas Cartelet, Aux origines de la pédérastie. Petites et grandes histoires homosexuelles de l'Antiquité grecque, Paris, La Musardine, 2016 (ISBN 2842717732)
  5. Dynes, Wayne R., Encyclopedia of Homosexuality, Garland Pub., 1990, 536 p.