Прыпыненьне працы ўраду ЗША (2018—2019)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прыпыненьне працы ўраду ЗША ў 2018—2019 гадах, шатдаўн (па-ангельску: United States federal government shutdown of 2018-2019) — другое прыпыненьне за 2018 год, якое працягвалася па стане на студзень 2019 году. Распачалося 22 сьнежня 2018 году пасьля прыняцьця Палатай прадстаўнікоў пастаяннай рэзалюцыі аб фінансаваньні ўраду Злучаных Штатаў. Закрыцьцё адбылося, калі Кангрэс ЗША і прэзыдэнт Дональд Трамп не змаглі дамовіцца аб своечасовым выдзяленьні дастатковых сродкаў на 2019 фінансавы год, што прывяло да спыненьня фінансаваньня для дзевяці выканаўчых дэпартамэнтаў[1]. Гэта закранула каля чвэрці дзяржаўных службаў дзе працуюць 800 000 супрацоўнікаў[2]. Гэта самае працяглае прыпыненьне работы ўраду за ўсю гісторыю ЗША, хоць яно распаўсюджваецца не на ўвесь фэдэральны ўрад, а толькі на 25% ведамстваў, што ніжэй, за шатдаўн 2013 году[3].

Прыпыненьне адбылася з-за неразьвязанага пытаньня будаўніцтва муру на граніцы з Мэксыкай. Прэзыдэнт Трамп настойваў на вылучэньні 5,6 млрд даляраў з фэдэральных фондаў[4][5][6]. Дэмакраты ж у Палаце прадстаўнікоў ЗША адхілілі гэтае патрабаваньне, спаслаўшыся на ранейшае перадвыбарнае абяцаньне Трампа аб тым, што Мэксыка заплаціць за сьцяну. Палата, кантралюемая дэмакратамі, прагаласавала за прыняцьце закона аб асыгнаваньнях, які б зноў не прадугледжваў выдзяленьне сродкаў ураду для будаўніцтва муру. Тым ня менш, Трамп вярнуўся да патрабаваньня аб выдзяленьні сродкаў для муру і заявіў, што ён накладзе вета на любы законапраект, які не прадугледжвае гэтага. Лідэр большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл, у сваю чаргу, заблякаваў кантраляваны рэспубліканцамі Сэнат ЗША ад разгляду любых далейшых законаў аб асыгнаваньнях, якія Трамп не падтрымае, нават законапраект, які ён раней дазволіў прыняць[7][8].

Кангрэс па стане на канец сьнежня быў гатовы выдаць на гэтыя мэты толькі 2,5 млрд даляраў: 2,1 млрд непасрэдна на будаўніцтва і 400 млн на «экстранае рашэньне праблемаў у галіне міграцыі»[9].

Па стане на 15 студзеня 2019 году (EST) прыпыненьне працягвалася 25-ы дзень і перасягнула 21-дзённы шатдаўн 1995—1996 гадоў, стаўшы самым працяглым для фэдэральнага ўраду ў гісторыі ЗША[10].

Разам з прыпыненьнем працы ўраду часова перасталі функцыянаваць шматлікія сайты, якія падтрымліваюцца дзяржаўнымі агенцтвамі[11]. Больш за сотню сайтаў сталі недаступныя з-за таго, што не былі своечасова абноўленыя SSL-сэртыфікаты для шыфраванага доступу[12].

25 студзеня Трамп пагадзіўся падтрымаць праект закону аб 3-х тыднёвым фінансаваньні ўраду[13]. Пры гэтым, калі Кангрэс не дасягне пагадненьня па пытаньні выдзяленьня фінансаваньня для муру да 15 лютага, магчыма паўторнае прыпыненьне фінансаваньня, альбо ўвядзеньне рэжыму нацыянальнай надзвычайнай сытуацыі.

S&P Global Ratings напрыканцы студзеня ацэньвала, што ў выніку частковага прыпыненьня працы фэдэральнага ўраду ЗША ў 2018—2019 гадах эканоміка дзяржавы панесла страты ў памеры больш за 6 мільярдаў даляраў[14].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]