Царква Нараджэньня Маці Божай (Шарашоў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Славутасьць
Царква Нараджэньня Маці Божай
Šarašoŭ, Kamianieckaja. Шарашоў, Камянецкая (1915).jpg
Краіна Беларусь
Мястэчка Шарашоў
Каардынаты 52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.55472° пн. ш. 24.21417° у. д. / 52.55472; 24.21417Каардынаты: 52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.55472° пн. ш. 24.21417° у. д. / 52.55472; 24.21417
Канфэсія уніяцтва
Першае згадваньне 1517 год
Асноўныя даты:
1517першыя згадкі
1760перабудаваная
1960-язруйнаваная
Дата скасаваньня сярэдзіна XX стагодзьдзя
Будынкі:
Рэліквіі і сьвятыні Шарашоўскае Эвангельле
Стан зруйнаваная
Царква Нараджэньня Маці Божай на мапе Беларусі
Царква Нараджэньня Маці Божай
Царква Нараджэньня Маці Божай
Царква Нараджэньня Маці Божай

Царква́ Нараджэ́ньня Ма́ці Бо́жайуніяцкая царква ў Шарашове. Вядомая з пачатку XVI стагодзьдзя, у 1760 року перабудаваная. Зруйнаваная за савецкім часам. Была выбітным помнікам драўлянага дойлідзтва Белавескага рэгіёну.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя зьвесткі пра царкву адносяцца да 1517 року, калі берасьцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласьніка Шарашова Юрыя Ільлініча, надаў царкве фундуш.

У 1760 року царква перабудаваная. У 1780 г. царква займела ўнікальны іканастас, упрыгожаны 20 абразамі.

У 1803 року згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганьням шарашоўскага сьвятара Антона Прыбышэвіча (польск. Antoni Przybyszewicz), які служыў у царкве Нараджэньня Маці Божай зь сьнежня 1775 па сьнежань 1793 гг., і князя Адама Чартарыскага яна была адноўленая.

У 1818 року царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красьніку і Ялове.

З 1833 цягам 15 рокаў у царкве вёў набажэнствы на беларускай мове выкладчык Віленскага ўнівэрсытэту Міхась Баброўскі. У гэты час напрастольным тут было рукапіснае Эвангельле канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў. Цяпер гэтае Эвангельле разам з абразамі з іканастасу царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

З 1839 шарашоўская парафія пераведзеная ў праваслаўе, а царква пераасьвячаная ў гонар Усьпеньня Багародзіцы[1].

За польскім часам закінутая[2].

На пачатку 1960-х рокаў зруйнаваная савецкай уладай, а дошкі зь яе былі выкарыстаныя для пабудовы хатаў у Пружане[3].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У апісаньні за 1725 рок пазначаны добры стан драўляных сьценаў, новы гонтавы дах і купал зь вялікім крыжам; вакол будынку разьбяны кружганак «старасьвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічаныя пазалочаны дэізыс(en), разьбяныя царскія вароты з эвангелістамі і выявай Вячэры Гасподняй. Па левым баку разьбяны алтар з выявамі сьвв. Пятра і Паўла; Вялікі алтар з выявамі трох сьвяціцеляў(el); а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне[4].

У апісаньні за 1757 рок называюцца разьбяны алтар Пятра і Паўла са слупкамі, гзымсамі, флёрэсамі і іншай разьбой і двума анёлкамі.

Уяўленьне пра выгляд царквы пасьля перабудовы можна атрымаць зь візыты 1809 року: мела шэсьць калёнаў, купал-сыгнатурка, пакрыты гонтай. Уваход у царкву праз адну зь дзьвюх сакрыстыяў (рызьніц). Перад прэзьбітэрыюмам галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной працы пастаўлены разьбяны вялікі алтар у цыборы(en). Алтар расьпісаны розьнымі фарбамі, па левым яго баку знаходзіцца ахвярнік (мэнса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разьбяныя, пазалочаныя і месцамі пасрэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох эвангелістаў і Зьвеставаньне. Каля варотаў знаходзяцца два разьбяныя алтары з мэнсамі: правы з абразам Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Божай Маці[4].

Рэліквіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Званіца.

Іканастас і напрастольнае Эвангельле Прачысьценскай царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Уяўляе цікавасьць абраз тыпу «Нараджэньне Хрыстовае», якое трактуецца як «Пакланеньне каралёў». Ясьлі зь Дзіцём пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой выяўлены Язэп. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсьле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны[5].

Незвычайна трактаванае таксама Зьвеставаньне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзьвеставаньне». На ім выяўленая Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль зь вясёлкавага сэгмэнту выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігураў традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Сьвятога Духа[6].

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000655

У 1799 року ля царквы паўстала званіца, збудаваная без адзінага цьвіка. На ёй выбіты надпіс з часам збудаваньня: «Roku 1799 mca iula dnia 27».

Званіца — помнік стылю клясыцызм, двух’яруснае квадратнае ў пляне (5,3x5,6 м) збудаваньне вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоек з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай[7].

Ад 1990 року знаходзіцца на кансэрвацыі. Унесеная ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ігар Лашук. (12 лютага 2008) Развіццё культу Беззаганнага Зачацця Маці Божай у Беларусі. Рыма-каталіцкі касьцёл на Беларусі. Праверана 27 студзеня 2012 г.
  2. ^ Dr. Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem: Polskie Towarzystwo Krajoznawcze, 1935. — С. 45.
  3. ^ Юры Жыгамонт. (22 ліпеня 2011) Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев(рас.) Новыя падарожжы дылетанта. СТБПраверана 27 студзеня 2012 г.
  4. ^ а б Трыфанава Н. Я. З гісторыі шарашоўскай царквы Нараджэньня Багародзіцы і яе ўнутранага аздабленьня Сообщения Национального художественного музея Республики Беларусь, выпуск 5, 2004. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі БеларусьПраверана 27 студзеня 2012 г.
  5. ^ Аляксандар Ярашэвіч. «І нарадзіла Сына свайго…» Сюжэты Божага Нараджэння ў старабеларускім мастацтве Catholic.by. Наша вера 4/1999. Праверана 27 студзеня 2012 г.
  6. ^ Аляксандар Ярашэвіч. «І пачула голас…» Сюжэты Звеставання ў беларускім мастацтве Catholic.by. Наша вера 1 (11)/2000. Праверана 27 студзеня 2012 г.
  7. ^ Дойлідства Беларусі. Частка 6 (Р—Я) Юркаў куточак Праверана 27 лістапада 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]