Прагулка на сёмуху (апэрацыя)
Апэрацыя «Прагулка на сёмуху» (па-нямецку: Unternehmen Pfingstausflug) — кодавая назва карнай апэрацыі нямецкіх войск супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Бягомельскім, Плешчаніцкім, Барысаўскім і частцы прылеглых да іх раёнаў 22 красавіка — 12 траўня 1944 году.
Хада апэрацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Апэрацыя праводзілася сіламі 4-й палявой арміі, падпарадкаванымі на час апэрацыі 3-й танкавай арміі Групы арміяў «Цэнтар» (632-і й 931-ы пяхотныя, 313-ы грэнадзёрскі, 31-ы паліцэйскі палкі, артылерыйскі дывізіён, роты самаходных гармат і бронемашын і іншыя спэцыяльныя падразьдзяленьні). Разглядалася нямецкім камандаваньнем як адна зь лякальных падрыхтоўчых перад буйной карнай апэрацыяй «Баклан». Ваенна-апэратыўнай мэтай апэрацыі зьяўлялася выцясьненьне «бандыцкіх груп», якія знаходзіліся ў раёне Плешчаніцы — Радашкавічы — Докшыцы, у паўночную частку зоны «Менск-паўночны», як карнікі называлі Барысаўска-Бягомельскую партызанскую зону, што блякавала ўсе асноўныя камунікацыі 3-й танкавай арміі. Баявыя дзеяньні разгарнуліся ў міжрэччы Бярэзіны, Цны, Гайны, галоўным чынам уздоўж дарогі Зэмбін — Бягомель.
Адначасова з 4 напрамкаў праціўнік адцясьніў партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі» і 24 красавіка партызаны вымушаны былі адступіць у раён вёсак Сялец — Рэчкі — Божадары Бягомельскага раёну. Сюды па загаду камандзіра партызанскага злучэньня Барысаўска-Бягомельскай зоны Р. Н. Мачульскага пачалі рухацца брыгады «Жалязьняк» і «Беларусь». 28 красавіка абʼяднаныя сілы 3 партызанскіх брыгад атакавалі карнікаў і нанесьлі ім страты ў жывой сіле. Пасьля некалькіх дзён баёў партызаны былі вымушаны адысьці на поўнач да вёсак Зарэчча, Ніўкі Бягомельскага раёну, але праціўніку не ўдалося замацавацца й партызаны вярнулі страчаныя пазыцыі, сталі ствараць у непасрэднай блізкасьці ад нямецкіх гарнізонаў новую лінію абароны. За час апэрацыі карнікі страцілі больш за 900 чалавек забітымі, 7 танкаў, 14 аўтамашын, бронетранспартэр, 2 бронемашыны, 16 павозак з боепрыпасамі й іншым, спалілі 11 вёсак, захапілі 1663 мужчыны й 1390 жанчынаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Пасэ, У. С. Прагулка на сёмуху // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 505-506. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
- Пасэ, У. С. «Прагулка на сёмуху» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1999 Т. 5: М — Пуд. — С. 559.