Польска-чэхаславацкая вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Польска-чэхаславацкая вайна
Cieszyn, Pomnik Legionistów Śląskich 1.jpg
Помнік сылескім легіянэрам у Цешыне
Дата: 23 студзеня28 ліпеня 1920
Месца: Цешынская Сылезія, Орава і Сьпіш
Прычына: Спрэчкі пра падзел Цешынскай Сылезіі, Оравы і Сьпішу.
Вынік: Перамога Чэхаславаччыны
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Заходняя Цешынская Сылезія, Орава і бо́льшая частка Сьпішу адышлі да Чэхаславаччыны.

Усходняя Цешынская Сылезія і частка Сьпішу адышлі да Польшчы.
Супернікі
Польшча ПольшчаЧэхаславаччына Чэхаславаччына
Камандуючыя
Сьцяг Польшчы Францішак ЛатынікСьцяг Чэхаславаччыны Ёзэф Шнайдарак
Колькасьць
4000 дабраахвотнікаў16 000 жаўнераў
Страты
92 забітыя44—53 забітыя

По́льска-чэхаслава́цкая вайна́ (па-польску: Wojna polsko-czechosłowacka), у чэскай гістарыяграфіі Сямідзё́нная вайна́ (па-чэску: Sedmidenní válka) — пагранічны канфлікт у 19191920 між Польшчай і Чэхаславаччынай. Разгарэўся з-за спрэчкі датычна прыналежнасьці Цешынскай Сылезіі, Оравы і Сьпішу. У выніку інтэрвэнцыі чэхаславацкіх войскаў рэгіён быў уключаны ў склад Чэхаславаччыны і з тае пары пачаў называцца Заволжам.

Прычыны канфлікту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па Першай сусьветнай вайне як Польшча, так і Чэхія са Славаччынай пачалі працэсы ўсталяваньня сваёй дзяржаўнасьці. У 1918 року супольным рашэньнем тэрыторыя Цешынскае Сылезіі была часова падзеленая паводле этнічнага крытэру з умовай наступнай ратыфікацыі гэтага рашэньня ўрадамі абодвух дзяржаваў.

Чэскі бок не пагадзіўся з такім рашэньнем, матывуючы гэта тым, што спрэчная тэрыторыя з 1339 року зьяўлялася часткаю Багеміі. Акрамя таго, праз гэтыя землі праходзіла стратэгічна важная для Чэхаславаччыны чыгунка Багумін — Кошыцы, якая зьяўлялася адзіным чыгуначным шляхам між Чэхіяй і Славаччынай, над якой намагалася ўсталяваць кантроль наваствораная Вугорская Савецкая Рэспубліка. Акрамя таго, спрэчная вобласьць мела багатыя паклады каменнага вугалю і разьвітую цяжкую прамысловасьць.

Чэхаславацкі ўрад не прызнаў рашэньня Пілсудзкага пра прызначэньне выбараў у Заканадаўчы Сойм, якія меліся адбыцца ў тым ліку і на тэрыторыі, часова прызнанай належнай да Польшчы. Урад Рэчы Паспалітай не пайшоў на саступкі, і Чэхаславаччына распачала ў раёне Цешына[1] канцэнтрацыю войскаў, складзеных з вэтэранаў I сусьветнай вайны.

Баявыя дзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаславацкія легіянэры з Францыі на Цешыне (1919)

У сярэдзіне студзеня 1919 чэскія войскі перайшлі мяжу і занялі Сьпіш і Ораву, узяўшы верх над слабейшымі польскімі падразьдзяленьнямі. Далей, скарыстаўшыся занятасьцю Польшчы ў вайне з Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікай, 23 студзеня войскі колькасьцю 16 тысячаў жаўнераў з бронецягніком і артылерыяй увайшлі ў Цешынскую Сылезію[2]. Ім супрацьстаялі паляўнічыя аддзелы, складзеныя зь мясцовых шахтэраў і польскай моладзі, а таксама нешматлікія аддзелы польскай самаабароны колькасьцю каля 1500 чалавек. Ужо ў першы дзень чэхі занялі Багумін і прымусілі абаронцаў адступаць у бок Віслы.

На наступны дзень былі занятыя Карвіна, Суха і Ябланкаў, а 26 студзеня пасьля сутычкі палякі былі выбітыя з Стонавы. Назаўтра чэхі занялі Цешын, Галешаў, Германіцы, Устрань і Нерадзім.

У канцы студзеня Антанта змусіла Чэхаславаччыну спыніць агрэсію, і 3 лютага 1919 у Парыжы бакі падпісалі польска-чэскі ўклад пра ўсталяваньне дэмаркацыйнай лініі ўздоўж кошыцка-багумінскай чыгункі. Такім чынам, да чэскага боку перайшла частка тэрыторыі зь Цешынам і Фрыштатам[3]. Аднак канчаткова чэскія войскі пакінулі польскую тэрыторыю толькі 24 лютага пасьля неаднаразовых пагрозаў заходніх дзяржаваў.

Аднак у сакавіку 1920 року канфлікт разгарэўся з новай сілай. Масавыя выступы палякаў у Цешынскай вобласьці змусілі ўрад Чэхаславаччыны ўвесьці на гэтай тэрыторыі ваеннае становішча тэрмінам на 1 месяц. У сярэдзіне траўня ў сувязі з новымі хваляваньнямі ваеннае становішча было ўведзенае зноў. Скарыстаўшыся цяжкім становішчам Польшчы, якая ў той час удзельнічала ў вайне з бальшавікамі, чэхаславацкі міністар замежных справаў Эдвард Бэнеш фарсіраваў на канфэрэнцыі ў Спа ўлетку 1920 падзел Цешынскай Сылезіі без правядзеньня плебісцыту. Польшча, пераляканая пэрспэктывай вайны на два фронты, пайшла на саступкі. 28 ліпеня да Чэхіі адышла частка дэмілітарызаванае зоны, тэрыторыя Цешынскай Сылезіі зь местамі Тржынец, Карвіна, Ябланкаў і паўднёвай часткай Цешына, а таксама большасьць спрэчнае тэрыторыі Сьпішу і Оравы.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магіла польскіх жаўнераў, палеглых пад Стонавай 26 студзеня 1919 року

Большая частка спрэчных земляў плошчаю 1280 км² і насельніцтвам 295,2 тыс. чалавек (139 тыс. палякаў, 113 тыс. чэхаў, 34 тыс. немцаў), у тым ліку тэрыторыі пад адміністрацыяй польскай Нацыянальнай рады Цешынскага княства з 179 тысячамі чалавек (123 тыс. палякаў, 32 тыс. чэхаў, 22 тыс. немцаў) апынулася ў межах Чэхаславаччыны. Усходняя частка Цешынскай Сылезіі — 44% тэрыторыі плошчаю 1002 км² з 139,6 тыс. чалавек — засталася Польшчы.

У выніку чэхізацыі ўжо ў 1921 року па выніках перапісу насельніцтва палякаў на чэскай частцы Цешынскай Сылезіі налічвалася 69 тысячаў[4]. На частцы чэскай тэрыторыі зь пераважна польскім насельніцтвам паўстала гэтак званае Заволжа — частка Фрыдэцкага, Фрыштацкага і Цешынскага паветаў разам з паловаю Цешыну, які атрымаў назву Чэскі Цешын.

У выніку канфлікту пагоршыліся стасункі паміж абодвума дзяржавамі. У 1938 року Польшча анэксавала Заволжа, калі Чэхаславаччына апынулася ў падобнай безвыходнай сытуацыі, атакаваная нацысцкай Нямеччынай.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Andrzej Leszek Szcześniak. Historia 1918—1939, Innowacja, Warszawa 1993.
  2. ^ Tomasz Janowicz. Czesi. Studium historyczno-polityczne. Wojna o Śląsk Cieszyński, Wydawnictwo ANTYK, 2010, ISBN 978-83-89920-56-5.
  3. ^ Grzegorz Gąsior. «Zaolzie. Polsko-czeski spór o Śląsk Cieszyński 1918—2008», Ośrodek KARTA 2008, ISBN 978-83-612-8311-9.
  4. ^ Historia Śląska, red. Marek Czapliński, Wrocław 2002, s. 351.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Grzegorz Gąsio. «Zaolzie. Polsko-czeski spór o Śląsk Cieszyński 1918—2008», Ośrodek KARTA 2008, ISBN 978-83-612-8311-9
  • Tomasz Janowicz. «Czesi. Studium historyczno-polityczne. Wojna o Śląsk Cieszyński», Wydawnictwo ANTYK 2010, ISBN 978-83-89920-56-5
  • Marek Kazimierz Kamiński. Konflikt polsko-czeski 1918—1921, Neriton 2001. ISBN 83-88973-05-3
  • Jerzy Szczurek. Z wielkich dni Śląska Cieszyńskiego V., O milicjach ludowych w latach 1918—1920, Cieszyn 1933.
  • J. Wiechowski. «Spór o Zaolzie 1918—1920 i 1938», Warszawa 1990.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]