Паўстаньне Бар-Кохбы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўстаньне Бар-Кохбы
Месца

Паўстаньне Бар-Кохбы — выступ Юдэяў (132—135) супраць рымскага панаваньня за іімпэратарам Адрыянусам. Паўстаньне ўзначаліў Сіман, які назваў сябе Бар-Кохбаю (сынам зоркі). Паўстаньне было спробаю аднаўленьня жыдоўскай дзяржаўнасьці. Часам завецца таксама Трэцяй юдэйска-рымскай вайной.

Падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Непасрэднай прычынай да пачатку паўстаньня магло стаць рашэньне цэзара Адрыянуса ў 129 року пра пабудову на месцы разбуранага Ерусалімскага храму сьвятыні Юпітэра Капіталійскага ці забарона пад страхам сьмерці жыдам праводзіць абразаньне, якое рымляне разглядалі формай самакалецтва накшталт кастрацыі.

Паўстаньне ўзначаліў Сіман Бар-Кохба, якога жыды лічылі Мэсіяй, што адновіць незалежнасьць Ізраілю. У выніку бітваў паўстанцы вызвалілі ўсю тэрыторыю правінцыі зь Ерусалімам і руінамі Сьвятыні, на якіх былі адноўленыя ахвярапрынашэньні. Цэнтрам паўстаньня стала фартэцыя Бэтар, агулам было вызвалена каля 50 цьвердзяў і 1000 местаў і вёсак. За адмову выракчыся веры і прызнаць мэсіяй Сімана Бар-Кохбу паўстанцы перасьледавалі і забівалі хрысьціянаў[1].

Паўстаньне Бар-Кохбы было задушанае рымскім палкаводцам Юліем Сэверам, адкліканым з Брытаніі. У 135 року ягонае войска ўвайшло ў Юдэю. Улетку паў Ерусалім, апошняй кропкай супраціву заставалася фартэцыя Бэтар на паўднёвы захад ад Ерусаліму, дзе разьмяшчаўся Сынэдрыён і сам Бар-Кохба. Амаль усе абаронцы разам з правадыром былі замардаваныя, рэшта прададзеная ў рабства.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агулам у Юдэі загінулі 580 000 жыдоў, разбураныя 50 цьвердзяў і 985 местаў і вёсак[2], на Храмавай гары пастаўленая сьвятыня Юпітэра і статуя Адрыяна. Ерусалім быў перайменаваны ў Калёнію Элію Капіталіну, а Юдэя — у Сырыю Палестынскую. Юдаізм быў забаронены.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Юстын Мучанік. 'Апалёгія' I, 31
  2. ^ The 'Five Good Emperors' (анг.) The High Point Праверана 27 студзеня 2016 г.