Перайсьці да зьместу

Паўстаньне Багдана Хмяльніцкага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўстаньне Багдана Хмяльніцкага
Дата: студзень 1648 — сакавік 1654
Месца: Рэч Паспалітая
Прычына: узмацненьне польскага фэадальнага прыгнёту ў землях зь пераважна праваслаўным насельніцтвам Рэчы Паспалітай, памяншэньне казацкіх прывілеяў
Вынік: паслабленьне Рэчы Паспалітай, стварэньне незалежнай казацкай дзяржавы, пачатак новай вайны Расеі з Рэччу Паспалітай

Паўстаньне Багдана Хмяльніцкага, таксама вядомае як Казацка-сялянскае паўстаньне або Хмяльніччына — найбуйнейшае нацыянальна-вызвольнае, антыфэадальнае і рэлігійнае паўстаньне 1648—1657 гадоў ва Ўкраіне супраць улады Рэчы Паспалітай, а таксама супраць прыгнёту польскай і польска-украінскай шляхты, каталіцкага і уніяцкага духавенства. Паўстаньне пад правадырствам гетмана Запароскага войска Багдана (Зіновія) Хмяльніцкага прывяло да стварэньня Гетманшчыны — казацкай дзяржавы, і карэнна зьмяніла палітычную мапу Ўсходняй Эўропы.

Перадумовы паўстаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Прычыны паўстаньня былі шматвяковымі і комплекснымі. Галоўнымі зь іх былі сацыяльна-эканамічны прыгнёт сялянаў і мяшчанаў, які выяўляўся ў жорсткай эксплюатацыі і павелічэньні паншчыны. Істотную ролю адыграў рэлігійны прыгнёт праваслаўнага насельніцтва пасьля Берасьцейскай уніі (1596), што прывяло да перасьледу праваслаўнага духавенства і перадачы храмаў уніятам. Нацыянальны прыгнёт выяўляўся ў абмежаваньні правоў украінскай (рускай) эліты і палітыцы палянізацыі. Беспасярэднай падставай стала парушэньне правоў казакоў, у тым ліку скарачэньне рэестравага (прызнанага ўладамі) казацтва і самавольства польскіх чыноўнікаў на землях Нізавога войска.

Хада паўстаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У студзені 1648 году Багдан Хмяльніцкі, былы чыноўнік рэестравага казацтва, уцёк у Запарожскую Сеч. Атрымаўшы падтрымку запароскіх казакоў, ён склаў вайсковы хаўрус з Крымскім ханствам. Вясной 1648 году паўстанцкае войска разьбіла польскія авангарды ў бітвах пад Жоўтымі Водамі і Корсунем. Гэтыя перамогі выклікалі агульнанародны выбух і масавае далучэньне сялянаў да паўстаньня, якое хутка ахапіла тэрыторыі Левабярэжнай, Правабярэжнай і Заходняй Украіны. У верасьні 1648 году паўстанцы разьбілі каралеўскае войска пад Піляўцамі.

Збораўскі мір і новы этап вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1649 годзе пасьля ўпартай аблогі Збаража і бітвы пад Зборавым быў падпісаны Збораўскі дагавор. Ён значна пашырыў казацкі рэестар і самакіраваньне на тэрыторыі Кіеўскага, Чарнігаўскага і Брацлаўскага ваяводзтваў. Аднак умовы міру не задаволіліа ані адзін бок, і ваенныя дзеяньні аднавіліся. У 1651 годзе пасьля паразы паўстанцкага войска пад Берастэчкам быў падпісаны Белацаркоўскі дагавор, які значна абмяжоўваў папярэднія дасягненьні казакоў.

Пераяслаўская Рада і хаўрус з Маскоўскай дзяржавай

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У гэтай складанай сытуацыі Хмяльніцкі актыўна шукаў замежнай падтрымкі. Ключавой падзеяй стала Пераяслаўская Рада 8 (18) студзеня 1654 году. На ёй было прынята рашэньне аб прыняцьці пратэкцыі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча і скліканьні прысягі на вернасьць. Гэты акт стаў асновай для дамовы паміж Гетманшчынай і Маскоўскай дзяржавай («Сакавіцкія артыкулы»).

Завяршэньне паўстаньня і наступствы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Пачалася Маскоўска-польская вайна (1654—1667), у якую была ўцягнутая Гетманшчына. Паўстаньне перарасло ў паўнамаштабны міжнародны канфлікт. У 1657 годзе, незадоўга да сьмерці, Хмяльніцкі падпісаў Карускую дамову з Швэцыяй і Трансыльваніяй. Паўстаньне фактычна скончылася па сьмерці Багдана Хмяльніцкага 27 ліпеня (6 жніўня) 1657 году.

Наступствы паўстаньня былі велізарнымі, як то стварэньне казацкай дзяржавы Гетманшчыны, пачатак крызісу, вядомага як Руіна (1657–1687), значнае саслабленьне Рэчы Паспалітай, пачатак працяглай Маскоўска-польскай вайны і ўзмацненьне ўплыву Маскоўскай дзяржавы ва левабярэжнай Украіне. Адбыліся глыбокія сацыяльныя зрухі: часовае зьнікненьне паншчыны, зьнішчэньне шматлікіх шляхецкіх маёнткаў, а таксама аднаўленьне правоў Праваслаўнай царквы. Паўстаньне Багдана Хмяльніцкага застаецца адной з ключавых і сымбалічных падзеяў у гісторыі Ўкраіны.