Паўднёва-Каўкаская чыгунка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 40°9′34″ пн. ш. 44°30′41″ у. д. / 40.15944° пн. ш. 44.51139° у. д. / 40.15944; 44.51139

«Паўднёва-Каўкаская чыгунка»
арм. Հարավկովկասյան երկաթուղի
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Хутка, надзейна, зручна
Заснаваная 13 лютага 2008 (16 гадоў таму)
Краіна Армэнія
Разьмяшчэньне Ерэван
Адрас прасп. Тыграна Меца, д. 50[1]
Ключавыя фігуры Аляксей Мельнікаў (генэральны дырэктар), Арам Едзігаран (галоўны інжынэр)[2], Вячаслаў Паўлоўскі (старшыня)[3]
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі чыгуначныя перавозкі грузаў і людзей
Лік супрацоўнікаў
  • 4300 чал. (2008)
Матчына кампанія «Расейская чыгунка»

«Паўднёва-Каўкаская чыгунка» («ПКЧ») — чыгуначнае прадпрыемства Армэніі, заснаванае ў лютым 2008 году.

На 2022 год ажыцьцяўляла перавозку грузаў і людзей, у тым ліку міжгароднія і прадмесьцевыя, аказвала паслугі інфраструктуры і лякаматыўнай цягі, а таксама ажыцьцяўляла рамонт вагонаў і цягнікоў ды будаўніцтва інфраструктуры. Пастаянныя грузаперавозкі ўлучалі цэмэнт і збожжа, нафту і нафтапрадукты, хімічныя і мінэральныя ўгнаеньні. Працягласьць чыгункі складала 1252,5 км, зь якіх 759,8 км (60,6 %) былі галоўнымі шляхамі. Пры гэтым, эксплюатацыйная даўжыня чыгункі складала 693,7 км (55,3 %). Прапускная здольнасьць стыкавой станцыі Айрум ў бок Грузіі (Садахло) дасягала 18 параў цягнікоў за содні. Чыгунка была цалкам электрыфікаванай ды аснашчалася паўаўтаматычным блякаваньнем і сеткай сувязі. Прадпрыемства мела 74 станцыі, зь якіх выкарыстоўвалі 55. Шырыня каляіны складала 152 см. Чыгуначны парк налічваў 1302 грузавыя і 40 пасажырскіх вагонаў, а таксама 127 лякаматываў, сярод якіх былі самаходныя вагоны, цеплавозы і электравозы[4]. Прадмесьцевыя цягнікі хадзілі зь Ерэвану ў Гюмры, Арарат, Армавір, Севан і далей на Шоржу, а таксама ў Ерасх. Таксама 2 міжнародныя цягнікі накіроўвалі ў Грузію — з кастрычніка па чэрвень у Тбілісі і з чэрвеня па кастрычнік у Батумі, які ішоў 6 гадзінаў. Для продажу квіткоў на міжнародныя цягнікі выкарыстоўвалі аўтаматызаваную сыстэму. Грузы перавозілі ў 75 краінаў[5]. Хуткасьць руху пасажырскіх цягнікоў дасягала 100 км/гадзіна, а грузавых — 70 км/гадзіна. Даўжыня грузавых цягнікоў магла дасягаць 690 мэтраў, а пасажырскіх — 450 мэтраў. Напруга кантактнай сеткі складала 3300 вольт. Нагрузка на вось абмяжоўвалі 23-ма тонамі. Цеплавозы запраўлялі дызэльным палівам у лякаматыўных дэпо на станцыях Гюмры, Ерэван і Санаін[6].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя Ерэван (2012 год)

На 2022 год «Паўднёва-Каўкаская чыгунка» ўлучала:

  • 6 службаў — 1) бухгальтарскага і падатковага ўліку, 2) бясьпекі, 3) кіраваньня справамі, 4) прававую, 5) тэхнічнай палітыкі і ўкладаньняў, 6) фінансава-гаспадарчую;
  • 7 аддзелаў — 1) арганізацыі працы, заробнай платы і арганізацыйна-штатнай працы, 2) кіраваньня пэрсаналам, 3) маёмасьці, 4) міжнароднай супрацы, 5) першы, 6) сувязяў з грамадзкасьцю і сродкамі масавай інфармацыі, 7) унутранага аўдыту і кантролю;
  • дырэкцыяў — 1) інфраструктуры, 2) матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, 2) пасажырскіх перавозак, 3) перавозак, 4) рухомага складу;
  • апарат галоўнага рэвізора бясьпекі руху цягнікоў і скарбніца;
  • 3 цэнтры — 1) дыягностыкі, 2) інфармацыйна-вылічальны, 3) фірмовага транспартнага абслугоўваньня[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа «Паўднёва-Каўкаскай чыгункі» у Армэніі (2011 год)

13 лютага 2008 году ў Ерэване Міністэрства транспарту і сувязі Армэніі і «Расейская чыгунка» заключылі Канцэсійную дамову аб перадачы чыгункі Армэніі «Паўднёва-Каўкаскай чыгунцы» на 30 гадоў з правам працягу на 10 гадоў пасьля 20 гадоў паводле згоды бакоў. 1 чэрвеня 2008 году «Паўднёва-Каўкаская чыгунка» пачала дзейнасьць. Памер яе ўкладаньняў складаў 572 млн даляраў[4]. Паводле артыкула 5-2 Дамовы, «Паўднёва-Каўкаская чыгунка» мела штогод плаціць Міністэрству транспарту і сувязі Армэніі 2 % валавага даходу. Пры гэтым, згодна з артыкулам 2-3 Міністэрства транспарту і сувязі Армэніі мела часткова пакрываць страты «Паўднёва-Каўкаскай чыгункі» ад перавозкі людзей, у тым ліку на 30% з 2016-га па 2038 год[7]. 31 ліпеня 2009 году на станцыі Ерэван адчынілі Музэй чыгункі Армэніі[8].

У 2009 годзе пусьцілі кантэйнэрны цягнік з грузінскага Поці на станцыю Кармір Блур у Ерэване, які стаў хадзіць двойчы на тыдзень. Працягласьць яго руху складала 30 гадзінаў. За 2008—2038 году дамовіліся ўкласьці 174,5 млрд драмаў, зь якіх 122,3 млрд драмаў — у інфраструктуру і 52,2 млрд драмаў — у вагоны і цягнікі. За 2008—2021 гады ўклалі 137 млрд драмаў, зь якіх 70 % пайшло на рамонт інфраструктуры. За гэты час адрамантавалі 499,5 км (68,8 %) шляхоў пры даўжыні эксплюатацыйных шляхоў у 726 км. Пры гэтым, 197 км шляхоў адрамантавалі капітальна. Замянілі звыш мільёну шпалаў, зь іх 540 616 жалезабэтонных і 533 485 драўляных. Таксама ажыцьцявілі рамонт 70 стрэлачных пераводаў, 59 пераездаў і 40 мастоў. Сярод іншага, асучасьнілі шляхавыя машынныя станцыі і базу мэханізаванай дыстанцыі шляху ў Санаіне, а таксама перабудавалі Ванадзорскі, Гюмрыйскі і Ерэванскі чыгуначныя вакзалы. Пагатоў, выканалі рамонт 429,6 км кантактнай сеткі і 48 падстанцыяў, аднавілі 9 цягавых падстанцыяў, у тым ліку ключавыя «Памбак» і «Калтахчы». Урэшце, правялі 135 км оптавалаконнай лініі сувязі на дзялянцы СеванЗод. Улетку 2012 году ўкаранілі інтэрнэт-продаж квіткоў на міжнародныя цягнікі. У 2016 годзе ўпершыню перавезьлі грузавыя кантэйнэры з Эўропы ў Іран. У 2017 годзе набылі электрацягнікі ЭП2Д, якія сталі хадзіць па маршруце Ерэван—Гюмры і Ерэван—Ерасх. У 2020—2021 гадох адрамантавалі сілавыя трансфарматары на цягавых падстанцыях Ані і Ерэван. Сярод іншага, набылі 60 самаходных вагонаў, 10 акумулятарных электравозаў на аснове чэхаславацкіх цеплавозаў ЧМЭ3-179 і 12 электравозаў пастаяннага току ВЛ10. Адрамантавалі 20 электравозаў ВЛ10 і 3 цеплавозы ЧМЭЗ, 700 грузавых і 27 пасажырскіх вагонаў. У 2021 годзе ў расейскага «Трансмашхолдынгу» набылі 35 адзінак шляхавай тэхнікі для шляхавай машыннай станцыі ў Масісе і мэханізаванай дыстанцыі шляху ў Санаіне. Сярод набытай тэхнікі былі друзаачышчальная машына, выправачна-падбівачныя рыхтавальныя машыны, транспартна-пагрузачныя мотавозы, казлавыя краны, шляхавы цягавы модуль, сьнегаўборачная машына, укладачны кран, грузападымальны электрамагніт і прычапная плятформа з кранам-маніпулятарам[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кантакты (арм.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  2. ^ а б Цэнтральны апарат (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  3. ^ Рада кіраўнікоў (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  4. ^ а б Пра нас (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  5. ^ а б Дзейнасьць (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Інфраструктура чыгуначнага транспарту агульнага карыстаньня (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Канцэсійная дамова па перадачы чыгуначнай сыстэмы Рэспублікі Армэнія ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», створанага ААТ «Расейская чыгунка» (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Музэй чыгункі Армэніі (рас.) // ЗАТ «Паўднёва-Каўкаская чыгунка», 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]