Партызанскі атрад атамана Ангела

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чырвоны курань сьмерці
Гады існаваньня 1917— снежань 1919
Уваходзіць у Зялёныя паўстанцы
Тып партызаны
конніца
Функцыя змаганьне з бальшавікамі й белагвардзейцамі
Колькасьць да 1000 чалавек
Дысьлякацыя Севершчына, Жытоміршчына
Войны Грамадзянская вайна ў Расеі
Грамадзянская вайна ва Ўкраіне
Вядомыя камандзіры Яўген Ангел

Партызанскі атрад атамана Ангела — баявы атрад узначалены Яўгенам Ангелам. Ангелаўцы сябе называлі «Чырвоны курань сьмерці».

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яўген Пятровіч Ангел паходзіў зь беднае сям’і, удзельнік Першае сусьветнае вайны, прайшоў школу прапаршчыкаў. У 1917 годзе, калі фронт амаль разваліўся, Яўген Ангел вярнуўся на Севершчыну, адкуль паходзіў, і арганізаваў атрад паўстанцаў.

Шлях атраду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паслья забойства вядомага на Чарнігаўшчыне паўстанца Шэкеры, Ангел падняў паўстаньне ў Ічні. Пасьля Ічнянскага паўстаньня да прыходу Дзянікіна Ангел, маючы ўзброеных 1000 чалавек, тэрарызаваў камуністаў і саўработнікаў, рабаваў цягнікі й падрываў лініі.

Атрад Ангела шмат займаўся рабежніцтвам. Падобных рэчаў Уладзімер Вінічэнка, які ўзначальваў Дырэкторыю, дараваць ня мог, а сам Ангел, які відавочна быў стыхійным анархістам, аніяк ня стрымліваў сваіх людзей у сыстэматычных рабаваньнях. Выбухнуў канфлікт: кіраўніцтва Дырэкторыі падпісала пастанову на арышт свавольнага атамана. Тады Яўген Ангел разарваў усе дачыненьні з Кіевам і пайшоў у «вольнае плаваньне». Ён быў таленавітым ваеначальнікам: ангелаўцы зацята білі й белагвардзейцаў, і бальшавікоў. Улюбёнай тактыкай ангелаўцаў сталі партызанскія засады й налёты. Такім чынам, напрыклад, атрад зьнішчыў злучэньне дзянікінцаў у 50 чалавек, маючы ў бойцы толькі 14.

Але ж неўзабаве канфлікт распачаўся й у самім «Чырвоным курані сьмерці». Частка ангелаўцаў заявіла пра падтрымку Дырэкторыі, і перайшла на бок кіеўскай улады. Ангел застаўся з 400 коньнікамі, але і з такім невялікім атрадам ён пасьпяхова граміў Чырвоную армію. Усё гэта выклікала вялікую занепакоенасьць старшыні Рэўваенсавета Льва Троцкага: атаман Ангел быў абвешчаны бандытам. У губэрнскія ЧК паляцелі шыфраваныя арыентоўкі з патрабаваньнем неадкладна зьнішчыць ангелаўцаў.

У 1919 годзе пасланцы Ангела прапаноўвалі Станіславу Булак-Балаховічу хаўрус супраць бальшавікоў, але той ім адмовіў.

Атрад харызматычнага атамана быў ліквідаваны ў сьнежні 1919 года на Жытоміршчыне. Сам Ангел быў паранены, патрапіў у палон, дзе яго й расстралялі. Але ж ягоныя паплечнікі працягвалі змаганьне. ЧК лавіла іх ажно да сярэдзіны дваццатых гадоў.

Галоўнай прычынай паразы Ангелавага «Чырвонага кураня сьмерці» стала страта даверу мясцовага насельніцтва з-за рабаваньняў сялянаў некаторымі паўстанцамі, а таксама запамяркоўная пазіцыя Яўгена Ангела ў гэтым пытаньні.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У атрадзе атамана Ангела былі ня толькі ўкраінцы – так, відную ролю адыгрываў Васіль Князевіч з Гомельшчыны, былы падпаручнік царскай арміі, якога Яўген Ангел ведаў яшчэ па школе прапаршчыкаў. У атрадзе было й нямала жанчынаў, якія са зброяй у руках змагаліся з чырвонымі і белымі нароўні з мужчынамі, што прайшлі Першую сусьветную вайну.

Бок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

І атаман Ангел, і ягоныя паплечнікі былі зацятымі ворагамі і рэстаўрацыі Расейскай імпэрыі, і савецкай улады. Яны храбра біліся з атрадамі дзянікінцаў і чырвонаармейцаў нават тады, калі ворагаў было значна больш. Але палітычныя сымпатыі атамана былі вельмі ўжо непасьлядоўнымі. Сьпярша Яўген Ангел падтрымаў гетмана Паўла Скарападзкага, аднак неўзабаве перайшоў на бок ягоных ворагаў — Дырэкторыі. Але Сямён Пятлюра з Уладзімерам Вінічэнкам таксама сталі для Ангела ворагамі. Імаверна, гэта зьвязана з тым, што змаганьне зь белымі і чырвонымі ангелаўцы арганічна спалучалі з рабаваньнем простага народу, за шчасьце якога яны й змагаліся.

Вонкавя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]