Палітычны крызіс ва Ўкраіне (2006)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Паліты́чны кры́зіс ва Ўкраі́не пачаўся ў сакавіку 2006 року ў выніку парлямэнцкіх выбараў, на якіх ніводная з партыяў не атрымала вырашальнай дзелі. Стварэньне кааліцыі зацягнулася на чатыры месяцы і скончылася прызначэньнем на пасаду прэм’ер-міністра лідэра Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. Працэс пошуку кампрамісу між парлямэнцкімі фракцыямі атрымаў гіранічную назву «кааліцыяда»[1][2].

Падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 сьнежня 2004 року была зьмененая канстытуцыя: Украіна з прэзыдэнцка-парлямэнцкай станавілася парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай. Гэтыя зьмены набывалі моц акурат перад парлямэнцкімі выбарамі 2006 року[3]. Кабінэт Міністраў адгэтуль меў прызначаць не прэзыдэнт, а «правячая кааліцыя», якую маглі ствараць выключна фракцыі партыяў, што перамаглі на выбарах; такім чынам выключаўся ўдзел наваствораных фракцыяў і дэпутатаў, якія перайшлі ў іншую фракцыю. Перамогу на выбарах атрымала «аранжавая кааліцыя», якую складалі Блёк Юліі Цімашэнкі, «Наша Ўкраіна» і сацыялісты. Юлія Цімашэнка як лідэр найбольш прадстаўнічай фракцыі кааліцыі мела заняць пасаду прэм’ер-міністра, аднак пагадненьне адкладалася з тае прычыны, што каманда прэзыдэнта Віктара Юшчанкі жадала бачыць на пасадзе кіраўніка ўраду свайго прадстаўніка Пятра Парашэнку. Аляксандар Мароз пры гэтым прэтэндаваў на пасаду сьпікера парлямэнту.

Урэшце 22 чэрвеня было абвешчана пра дасягненьне кансэнсусу: прэзыдэнт пагадзіўся на кандыдатуру Цімашэнкі на пасадзе прэм’ер-міністра пры ўмове прызначэньня Пятра Парашэнкі сьпікерам парлямэнту. Астатнія міністэрскія пасады былі разьмеркаваныя паміж прадстаўнікамі кааліцыйных фракцыяў.

27 чэрвеня Партыя рэгіёнаў і Камуністычная партыя Ўкраіны, якія не атрымалі ніводнае кіроўнае пасады, абвясьцілі пра сыход у «цьвёрдую апазыцыю» і з 29 чэрвеня пачалі блякаваньне залі паседжаньняў Рады, каб не дапусьціць галасаваньня па кандыдатурах прэм’ер-міністра і старшыні Рады. Праз пэўны час прадстаўнікі «аранжавай» кааліцыі пад ціскам Юшчанкі вымушаныя былі пайсьці на перамовы з апазыцыяй. 6 ліпеня было паведамлена пра дасягненьне кампрамісу і спыненьне блякады паседжаньняў. Нечакана Аляксандар Мароз выставіў сваю кандыдатуру супраць Парашэнкі і быў падтрыманы, акрамя чальцоў сваёй фракцыі, дэпутатамі Партыі рэгіёнаў і камуністамі. Фракцыі «Нашай Украіны» і БЮТ адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах сьпікера, абвінаваціўшы Мароза ў здрадзе і развале кааліцыі.

На наступны дзень пасьля перамогі Аляксандра Мароза была створаная новая, «антыкрызісная» кааліцыя ў складзе фракцый Партыі рэгіёнаў, Сацыялістычнай і Камуністычнай партыяў. Пасьля адкліканьня подпісу Аляксандра Мароза пад пагадненьнем пра стварэньне «аранжавае» кааліцыі апошняя скончыла дзейнасьць, не праіснаваўшы і двух тыдняў. На пасаду прэм’ера быў вылучаны лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч, а фракцыя Юліі Цімашэнкі апынулася ў апазыцыі да «антыкрызіснай» кааліцыі, Віктара Юшчанкі і нават да «Нашай Украіны», якая фармальна не ўвайшла ў кааліцыю з Партыяй рэгіёнаў, аднак атрымала амаль палову міністэрскіх пасадаў у фармаваным урадзе.

Цягам ліпеня прэзыдэнт Віктар Юшчанка адмаўляўся прадставіць на разгляд парлямэнту кандыдатуру аднаго са сваіх галоўных палітычных апанэнтаў, Віктара Януковіча, на пасаду прэм’ер-міністра. Прэзыдэнт спрабаваў пагражаць роспускам Вярхоўнае рады, аднак яго стрымлівала ўсьведамленьне таго, што ў выпадку новых выбараў Партыя рэгіёнаў можа набраць яшчэ больш галасоў; зь іншага боку, разуменьне гэтага разьвязала рукі Януковічу, які пачаў дыктаваць свае ўмовы і адмаўляўся ісьці на якія-кольвек саступкі. У выніку Юшчанка прапанаваў усім парлямэнцкім партыям падпісаць «Унівэрсал нацыянальнай еднасьці(uk)», які б замацаваў прынцыпы дзейнасьці новага ўраду. Аднак за час ягонай падрыхтоўкі прэзыдэнт саступіў Віктару Януковічу амаль па ўсіх ключавых пытаньнях — інтэграцыі Ўкраіны ў НАТО, удзелу ў Адзінай эканамічнай прасторы, статусе расейскай мовы і пытаньні царквы. 3 жніўня 2006 року ўнівэрсал падпісаны ў сакратарыяце прэзыдэнта з удзелам усіх парлямэнцкіх фракцыяў, акрамя БЮТ.

4 жніўня 2006 року Віктар Януковіч быў зацьверджаны Вярхоўнай Радай на пасадзе прэм’ер-міністра. 8 жніўня ў склад Кабінэту міністраў увайшлі 8 прадстаўнікоў фракцыі «Нашай Украіны», аднак гэта яшчэ ня скончыла «кааліцыяду». Ужо праз два месяцы, 16 кастрычніка, лідэр фракцыі Раман Бясьсьмертны заявіў пра пераход «Нашай Украіны» ў апазыцыю і выхад ейных прадстаўнікоў са складу ўраду[4][5].

Новы парлямэнцкі крызіс вырашыўся датэрміновымі выбарамі ў 2007 року. На іх прадстаўнікі «аранжавай» кааліцыі, якія не скарысталіся перамогай на папярэдніх выбарах, атрымалі яшчэ большыя паразы. Найбліжэйшае атачэньне Віктара Юшчанкі (Пятро Парашэнка, Яўген Чэрваненка, Раман Бясьсьмертны) ўвогуле не было ўключанае ў выбарчыя сьпісы «Нашай Украіны»; Аляксандар Мароз і СПУ ня трапілі ў Вярхоўную Раду празь непераадоленьне «прахаднога бар’еру»; «Наша Ўкраіна» набрала ўдвая меней галасоў, чым БЮТ. Пасьля гэтых выбараў была ўтвораная кааліцыя Блёку Юліі Цімашэнкі з «Нашай Украінай — Народнай Самаабаронай», а Цімашэнка стала прэм’ер-міністаркай.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Лебедь, Наталия (22 кастрычніка 2012) Вони ділили апельсин, або Коаліціада по-українськи(укр.) Политика. Обозреватель. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  2. ^ Хоменко, Святослав (7 лістапада 2014) Спроба номер сім: історія коаліцій по-українськи(укр.). BBC Україна. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  3. ^ Шанковський, Олег (17 сьнежня 2008) Українська коаліціада: чотири об’єднання за два роки(укр.). ТСН. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  4. ^ «Наша Україна» пішла в опозицію разом зі своїми міністрами(укр.) Gazeta.ua Праверана 13 красавіка 2017 г.
  5. ^ Макарчук, Ольга (4 кастрычніка 2006) Наша Україна в опозиції(укр.). BBC. Праверана 13 красавіка 2017 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]