Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў
Рэшткі сядзібы
Рэшткі сядзібы
Краіна Беларусь
Вёска Багданава
Каардынаты 54°10′40.51″ пн. ш. 26°06′56.37″ у. д. / 54.1779194° пн. ш. 26.1156583° у. д. / 54.1779194; 26.1156583Каардынаты: 54°10′40.51″ пн. ш. 26°06′56.37″ у. д. / 54.1779194° пн. ш. 26.1156583° у. д. / 54.1779194; 26.1156583
Архітэктурны стыль клясыцызм
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў
Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў
Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў
Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Рушчыцаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII стагодзьдзя ў Багданаве. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка. Твор архітэктуры клясыцызму і традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаўся з старога драўлянага і новага мураванага палацаў (захаваліся падмуркі), двух вялікіх гаспадарчых будынкаў (цяпер кароўнікі), сьвірану і парку.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ф. Рушчыц. Стары палац, 1908 г.

Сядзіба ў Багданаве існавала з другой паловы XVІ ст., калі яе разам зь вёскай заснаваў Багдан Сапега. У 1653 годзе яна перайшла да дачкі Казімера Мікалая Сапегі Барбары Валовіч. Потым сядзібай валодалі Пацы, Даніловічы, Чаховічы. Каля 1690 году ў Багданаве збудавалі апошні драўляны палац. За Чаховічамі ў 1697, 1742 і 1776 гадох складаліся інвэнтары сядзібы. Па сьмерці Віктара Чаховіча сядзіба перайшла да яго сына Казімера (памёр у 1834 годзе). У канцы XVIII ст. Казімер Чаховіч збудаваў мураваны палац.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ф. Рушчыц. Гняздо (мур), 1908 г.

Па сьмерці ўдавы Казімера сядзібу прадалаі Фэрдынанду Рушчыцу (1786—1848), адвакату, жанатаму з Ганнай Чаховіч. Потым сядзібай валодалі яго сын Эдвард Фэрдынанд, жанаты з Альбінай Мюнх, унук Фэрдынанд, вядомы мастак, які нарадзіўся ў сядзібе ў 1870 годзе і рэгулярна прыязджаў сюды будучы студэнтам Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, прафэсарам Школы выяўленчых мастацтваў у Варшаве, Кракаўскай акадэміі мастацтваў, катэдры малярства Віленскага ўнівэрсытэту. Тут жылі яго сёстры Вольга і Ганна. У 1912 годзе Фэрдынанд Рушчыц прыбудаваў да мураванага палаца вэранду. У сядзібе прайшлі апошнія яго чатыры гады жыцьця. Пэйзажы Багданава знайшлі адлюстраваньне ў работах «Зямля», «Млын», «У сьвет», «Эмігранты», «Вясна», «Зімняя казка», «Млын уночы».

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ф. Рушчыц, 1905 г.

У ліпені 1944 году сядзіба згарэла[1].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляны палац — помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Гэта быў прастакутны зруб зь лістоўніцы.

Мураваны палац (меў назвы мур, скарбец) — помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта быў 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з портыкам на двух калёнах. З паўночнага боку да яго далучалася вэранда, дах якой абапіраўся на шэсьць філяраў. Мураваны палац быў халодным, жылым быў драўляны палац. У кабінэтах, залях (зялёнай і жоўтай) і сталовым пакоі разьмяшчаліся мастацкія зборы, мастацкая майстэрня, бібліятэка, архіў. У доме былі кафляныя печы, каміны, люстры, мэбля першай паловы ХІХ ст. Асаблівую каштоўнасьць мелі сямейныя партрэты Рушчыцаў, Чаховічаў, Мунхаў, карціны Фэрдынанда Рушчыца і яго вучняў (за 1904—1907 гады). Захоўвалася таксама скульптура. У бібліятэцы налічвалася каля пяці тысячаў тамоў, сярод іх старажытныя выданьні на пэргаміне XVІ ст., кнігі на лацінскай, францускай, нямецкай, польскай і іншых мовах, у асноўным з права, гісторыі і літаратуры[2].

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэйзажны парк плошчай каля 4 га разьмяшчаўся вакол палацаў і ўздоўж ручая, прытока ракі Альшанкі. Існаваў стаў з выспай. Дрэвастой высокай якасьці месьціўся ў выглядзе невялікіх групаў і адзінкавых дрэваў на перасечаных тэрасах ручая. Цэнтральная ўязная алея працягласьцю 240 м вяла да драўлянага палаца на ўзвышшы.

У афармленьні параднай часткі парка, уязной алеі выкарыстоўваецца бяроза. З двух бакоў алеі разьмяшчаліся баскеты з садамі (цяпер тэрыторыя забудовы). Другі, заходні заезд у сядзібу афармляецца кляновай алеяй, а перад палацам — ядлоўцам. Акцэнтам пэрспэктывы на шляху абедзьвюх алеяў быў касьцёл Сьвятога Міхаіла.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Минского края. — Минск, 2000. С. 143.
  2. ^ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Минского края. — Минск, 2000. С. 142.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  613Г000080