Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх (Дашкаўка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх
Палац Жукоўскіх
Палац Жукоўскіх
Краіна Беларусь
Вёска Дашкаўка
Каардынаты 53°44′14″ пн. ш. 30°16′22″ у. д. / 53.73722° пн. ш. 30.27278° у. д. / 53.73722; 30.27278Каардынаты: 53°44′14″ пн. ш. 30°16′22″ у. д. / 53.73722° пн. ш. 30.27278° у. д. / 53.73722; 30.27278
Архітэктурны стыль эклектыка і архітэктура мадэрну[d]
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Жукоўскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XIX — пачатку XX ст. у Дашкаўцы. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне колішняга мястэчка, на высокім беразе ракі Дняпра. Твор архітэктуры эклектыкі з элемэнтамі мадэрну. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба. Н. Орда, 15 жніўня 1877 г.

Сядзіба пачала фармавацца ў другой палове XIX ст. У жніўні 1877 году тут спыняўся мастак Напалеон Орда, які замаляваў тагачасны палацава-паркавы комплекс. У пачатку XX ст. збудавалі цяперашні мураваны палац.

За савецкім часам тут разьмясьцілася экспэрымэнтальная база «Дашкаўка», абласная станцыя хімізаваньня сельскай гаспадаркі і Магілёўская дзяржаўная сельскагаспадарчая досьледная станцыя. Пры чыстцы става ў 1968 годзе зьнішчылі выспу, што месьцілася пасярод яе.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інтэр’ер палаца, 1917 г.

Помнік архітэктуры эклектыкі з элемэнтамі мадэрну. Мае асымэтрычную кампазыцыю. Асноўны прастакутны ў пляне аб’ём накрываецца пакатым вальмавым дахам. На паўднёвым фасадзе 5-гранны эркер, завершаны паўшатром. Да ўсходняга тарца асноўнага аб’ёму далучаецца невялікая 1-павярховая прыбудова з 1-схільным дахам і масіўны 3-ярусны вежападобны аб’ём. Паверхі аддзяляюцца прафіляванымі цягамі. Рытм рознавялікіх прастакутных аконных праёмаў адвольны, вызначаецца ўнутранай структурай і памерамі памяшканьняў. Частка паўднёнага фасада паміж эркерам і прыбудовай, якая адпавядае параднай залі ўнутры, рытмічна падзяляецца трыма аркавымі аконнымі праёмамі.

Унутраны плян анфілядны. З уваходнага вэстыбюлю на другі паверх вядуць драўляныя сходы. Парадная заля перакрываецца люстраным скляпеньнем з пляфонам, аздобленым ляпнымі разеткамі. Пэрымэтрам залі ідзе ляпны фрыз з расьлінным арнамэнтам у выглядзе кветак, пладоў і лісьцяў. Уваходныя праёмы завяршаюцца трыкутнымі сандрыкамі з ракавінамі ў тымпанах і ляпнымі картушамі з выявамі экзатычных зьвяроў[1].

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба, да 1918 г.

Асноўнай кампазыцыйнай восьсю, арыентаванай у кірунку ўсход — захад, ідзе цэнтральная ўязная алея, парадная частка парку зь вялікім (дыямэтрам 54 м) колам і палац, збудаваны на краі тэрасы. Сымэтрычна палацу, падкрэсьліваючы вось пэрспэктывы, разьмяшчаюцца дзьве кулісы зь елкі звычайнай, пасаджаныя кветнікам дыямэтрам 4 мэтры. Вонкавая пара кулісаў складаецца зь невялікіх групаў таполі белай.

Пярэдні плян абалоны Дняпра ўтваралі старыцы зь перакінутымі цераз пратокі дэкаратыўнымі масткамі і будынак вадзянога млына. Стромкі схіл тэрасы над абалонай пакрываўся дываном газона з групамі кустоў і адзіночнымі дрэвамі. З гэтага боку парк практычна ня мае межаў і зьліваецца з маляўнічымі абалонавымі далечынямі.

Пэйзажная частка парку знаходзіцца з паўночнага боку ўязной алеі. На процілеглай тэрыторыі (паўднёвая частка сядзібы) быў вялікі пладовы сад. Паркавыя насаджэньні выцягнулія ўздоўж уязной алеі. Дамінантнае становішча займае стаў, у цэнтры якога ад пачатку знаходзілася выспа. Пераважнай пародай была бяроза. Яна расьце ў выглядзе невялікіх сьветлых масіваў або ўтварае мяшаныя насаджэньні з асінай, дубам, клёнам рознага веку. Экзоты ў парку нешматлікія. Захаваліся адзіночныя дрэвы конскага каштана, кусты сьпірэі, паркавых ружаў, іргі каласістай, рабіньніку рабіналістага ды іншыя. Агулам налічваецца 34 найменьні[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Менск, 1986. С. 290.
  2. ^ Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  513Г000491