Студзеньскія падзеі ў Вільні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Падзеі ў Вільні (1991)»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сту́дзеньскія падзе́і (па-летувіску: Sausio įvykiai) — падзеі, зьвязаныя з інтэрвенцыяй Савецкай Арміі ў Летуву ў студзені 1991 году. У выніку дзеяньняў савецкіх вайскоўцаў загінула 14 асобаў, а больш за 600 былі параненыя.

11 сакавіка 1990 году Летува абвесьціла незалежнасьць, у адказ Савецкі Саюз ўвёў танкі ў сталіцу краіны — Вільню. 13 студзеня 1991 году Савецкая армія пачала штурм  тэлевізійнай вежы, якую абаранялі цывільныя людзі, перадусім студэнты. Летувісы абаранялі ад штурмуючых жаўнераў Міхаіла Галаватава ўваход у студыю, у якой да апошняй хвіліны трансьлявалася праграма вольнай Летувы. Людзі клаліся на зямлю, ствараючы жывы ланцуг перад гусеніцамі танкаў. У той дзень у Вільні загінула 14 асобаў (13 цывільных і 1 савецкі салдат; 15 асобаў памерла ў лютым), а больш за 700 былі параненыя. На наступны дзень мноства людзей прыйшло разьвітацца з забітымі.

Штурм парлямэнту не адбыўся. 21 жніўня 1991 пацярпеў паразу ў Маскве жнівеньскі путч, і савецкае войска пакінула тэлевізійную вежу.

Беларусы ў студзеньскіх падзеях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абаронцы летувіскай незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазыцыі і простыя беларускія грамадзяне прымалі актыўны ўдзел у абароне незалежнасьці суседняй краіны. Сяргей Дубавец быў узнагароджаны мэдалём Летувы «13 студзеня» за «адвагу і самаадданасьць, праяўленыя пры абароне незалежнасьці Летувы».

13 студзеня 1991 году раніцай дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі Заяву з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў Масквы. Вярхоўны Савет адмовіўся прымаць якую-небудзь заяву адносна тых падзеяў, пакуль не атрымае больш падрабязныя зьвесткі. Была створана камісія, якая павінна была ехаць у Вільню. У яе склад ўвайшлі: Валянцін Голубеў, Генадзь Карпенка, Сяргей Шабашоў (дэпутат ад вэтэранаў, былы першы сакратар Віцебскага абкаму), Аляксандар Лукашэнка, а ўзначаліў дэлегацыю Ніл Гілевіч. Тым часам у перапынку Пазьняк сабраў паседжаньне апазыцыі, дзе вырашылі накіраваць уласную дэлегацыю ў складзе Барыса Гюнтара, Ігара Пырха і Сяргея Навумчыка. Апазыцыйныя палітыкі хутка патрапілі ў Вільню і адразу зьявіліся ў парлямэнце, які рыхтаваўся да штурму. Сяргей Навумчык выступіў перад дэпутатамі са словамі падтрымкі ад фракцыі БНФ у ВС БССР[1].

Абаронцы савецкага ладу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Справа паводле падзеяў 13 студзеня была перададзена ў суд 19 чэрвеня 1996 году. За падзеі, у выніку якіх загінулі 14 літоўскіх грамадзянаў, 23 жніўня 1999 году былі пакараныя Міколас Буракявічус, Юазас Ермалавічус, Юазас Куаляліс, Ляонас Барташавічус, Станісловас Міцкявічус і Яраслаў Пракаповіч, яшчэ 23 застаюцца падазраванымі ў гэтай справе[2][3].

15 студзеня 1994 году беларускія праваахоўныя ворганы выдалі Летуве былых кіраўнікоў кампартыі ЛССР Міколаса Буракавічуса і Юозаса Ермалавічуса, якіх абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту ў студзені 1991 году. Камуністы знаходзіліся ў Беларусі нелегальна. Гэта выклікала вялікі рэзананс сярод большасьці дэпутатаў ВС РБ — былой савецкай намэнклятуры. З-за гэтага 26 студзеня Станіслава Шушкевіча адправілі ў адстаўку[4].

Уладзімер Усхопчык, які ў 1991 годзе камандаваў дывізіяй савецкіх войскаў, сіламі якое Масква спрабавала спыніць рух летувінаў да незалежнасьці. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа ў Летуве. У 2000 годзе генэрал-лейтэнант Усхопчык быў прызначаны намесьнікам міністра абароны Беларусі, што выклікала нэгатыўную рэакцыю ў Летуве. Акрамя Ўсхопчыка беларускія ўлады далі прытулак іншым удзельнікам тых падзяў, якія абаранялі савецкі лад ў ЛССР. У Віцебску ў 2000-я на дзяржаўнай пасадзе працаваў былы сакратар ЦК кампартыі Летувы Швед; бізнэсам у Беларусі займаўся былы камандзір віленскага АМАПу — Макутыновіч. У Беларусі жывуць Катляроў, Юненя ды іншыя, каго летувіны падазраюць у арганізацыі ўзброеных сутычак[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]