Падзеньне камуністычнага ладу ў Альбаніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Падзе́ньне камуністы́чнага рэжы́му ў Альба́ніі адбылося апошнім сярод эўрапейскіх дзяржаваў, ня лічачы савецкіх рэспублік, пачаўшыся ў сьнежні 1990 року са студэнцкіх дэманстрацыяў.

11 красавіка 1985 року сканаў Энвэр Ходжа, які кіраваў камуністычнай Альбаніяй чатыры дзесяцігодзьдзі. У 1989 пачаліся забурэньні ў Шкодры, дзе людзі намерваліся скінуць помнік Ёсіфу Сталіну, пазьней пратэсты перакінуліся на іншыя месты. Урэшце кіроўны рэжім правёў частковую лібэралізацыю, у тым ліку прадаставіў у 1990 року магчымасьць выяжджаць за мяжу. Пачаліся спробы навязваньня стасункаў з вакольным сьветам.

У сакавіку 1991 прайшлі першыя вольныя выбары, і хоць на іх перамагла кіруючая Альбанская партыя працы, аднак усеагульны страйк і вулічныя сутычкі змусілі камуністаў сфармаваць кааліцыйны ўрад зь некамуністычнымі партыямі. На выбарах у сакавіку 1992 року былыя камуністы на фоне эканамічнага каляпсу і сацыяльных хваляваньняў атрымалі паразу.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па ходжавай сьмерці ў 1985 року да ўлады прыйшоў Раміз Алія, які праводзіў палітыку на захаваньне камуністычнага ладу адначасна з правядзеньнем рэформаў па ўратаваньні эканомікі, якая хутка занепадала пасьля спыненьня падтрымкі ад былых камуністычных дзяржаваў. З гэтай мэтаю Алія дазволіў інвэстыцыі ад капіталістычных фірмаў і пачаў пашыраць дыпляматычныя стасункі з заходнеэўрапейскімі краінамі[1].

Падчас рэвалюцыяў 1989 року мноства альбанцаў ня мелі інфармацыі пра падзеі з-за ізаляванасьці дзяржавы. Большасьць грамадзянаў нават ня чулі пра падзеньне Бэрлінскага муру ў лістападзе 1989 року[2]. З часам палітычная актыўнасьць абудзілася ў розных сэгмэнтах альбанскага грамадзтва, пачалася антыўрадавая агітацыя. Найбольш актыўнымі апынуліся асобныя інтэлектуалы і рабочая кляса — традыцыйнае апірышча камуністычных рухаў — а таксама моладзь, якая стамілася ад працяглай ізаляцыі і абмежаваньняў[1].

Зьяўленьне апазыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адказ на патрабаваньні Алія дазволіў грамадзянам выяжджаць за мяжу, што дагэтуль было забаронена, скараціў паўнамоцтвы Сігурымі (сакрэтнай паліцыі), аднавіў свабоду веравызнаньня і зрабіў пэўныя крокі да вольнага рынку. У сьнежні 1990 пад аграмадным ціскам студэнтаў і працоўных урад дазволіў стварэньне незалежных палітычных партыяў, што азначала канец камуністычнай манаполіі[1].

У СССР у гэты час Міхаіл Гарбачоў праводзіў палітыку галоснасьці і перабудовы, а ў Румыніі ў выніку рэвалюцыі быў забіты камуністычны лідэр Нікалае Чаўшэску. Алія быў вымушаны праводзіць далейшыя радыкальныя рэформы, каб ня стаць наступным. Таму ён падпісаў Хэльсынскія пагадненьні, якія забавязвалі Альбанію паважаць правы чалавека. Упершыню з 1944 року ўрад правёў 31 сакавіка 1991 вольныя выбары. На іх перамагла кіроўная партыя.

Тым ня меней, было відавочна, што гэты факт ня здольны спыніць пераход да дэмакратыі. Камуністы здолелі захаваць кантроль над урадам, аднак праз два месяцы пасьля ўсеагульнага страйку саступілі. Быў сфармаваны «камітэт нацыянальнага ўратаваньня», які таксама быў скасаваны праз паўгады. З кожнай саступкай апазыцыі абсалютны кантроль дзяржавы над грамадзтвам слабеў. З-за эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай нестабільнасьці былі расфармаваныя яшчэ некалькі ўрадаў, пакуль на выбарах у сакавіку 1992 року не перамагла антыкамуністычная апазыцыя на чале з Дэмакратычнай партыяй. Алія склаў паўнамоцтвы прэзыдэнта, і гэтую пасаду заняў Салі Бэрыша, першы дэмакратычны кіраўнік Альбаніі пасьля біскупа Фана Нолі.

Посткамуністычны ўрад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, відавочна, сутыкнуўся з мноствам праблемаў. Дэмакратычная партыя абяцала правесьці рэформы, аднак яны ці праходзілі павольна, ці ня здолелі вырашыць праблемы, таму людзі расчараваліся ў надзеях на хуткі росквіт дзяржавы. На выбарах у чэрвені 1996 Дэмакратычная партыя сфальшавала вынікі, каб атрымаць абсалютную большасьць.

У 1997 року ўрад апынуўся недзеяздольным у выніку краху фінансавае піраміды і квітненьня карупцыі, з-за чаго ў краіне выбухнулі пратэсты і забурэньні. Урад накіраваў на спыненьне пратэстаў войскі, аднак спроба здушыць паўстаньне правалілася з-за карупцыі ва ўзброеных сілах. Таму дзеля абароны сваіх грамадзянаў, дыпляматычных місіяў ды іншых замежнікаў былі вымушаныя ўмяшацца сілавікі іншых дзяржаваў.

У адпаведнасьці зь пераходным асноўным законам, прынятым у 1991 року, у 1998 Альбанія ратыфікавала посткамуністычную канстытуцыю, якая абвясьціла дэмакратычную сыстэму кіраваньня, заснаваную на вяршынстве закону і гарантыі абароны фундамэнтальных правоў чалавека.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Remzi Lani. ALBANIA: NINE YEARS AFTER (анг.) // AIM TIRANA, 16 сьнежня 1999 г. Праверана 25 сакавіка 2015 г.
  2. ^ Albania and the European Union: the tumultuous journey towards integration. — С. 21.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Aleksander Meksi. Dhjetor '90: Dokumente dhe materiale. — Tirana: UET Press, 2010. — ISBN 978-99956-39-40-2

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]