Носьбіты эспэранта ад нараджэньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Носьбіты эспэранта ад нараджэньня (на эспэранта: Denaskaj Esperanto-parolantoj, таксама denaskuloj) — дзеці бацькоў-носьбітаў эспэранта як аднае з моваў зносінаў. Звычайна адзін з бацькоў абірае эспэранта асноўнай мовай для зносінаў зь дзіцём, і такім чынам дзіця авалодвае гэтай мовай так, як іншыя дзеці авалодваюць роднай нацыянальнай мовай. Радзей ролю настаўніка мовы бярэ на сябе іншы родзіч, напрыклад бабуля. Звычайна такія дзеці з маленства ведаюць дзьве, тры ці некалькі моваў. Таксама здараецца, што бацькі ўжываюць эспэранта ў зносінах паміж сабой, і тады дзіця, якое жадае разумець, пра што размаўляюць бацькі міжсобку, часта таксама вучыцца разумець эспэранта.

Бацькі з аднолькавай роднай мовай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна лічыцца, што падобныя дзеці жывуць у сем’ях, дзе бацькі зьяўляюцца прадстаўнікамі розных нацыянальнасьцей, гавораць на розных мовах, і якія пазнаёміліся на эспэрантамоўных сустрэчах. Такія выпадкі сапраўды шматлікія, аднак часьцей адбываецца так, што абодва з бацькоў носьбітаў эспэранта з нараджэньня не размаўляюць на эспэранта зь дзецьмі, бо жадаюць перадаць ім мовы, родныя для бацькоў; у асобных выпадках, калі бацькі-прадстаўнікі розных нацыяў жывуць у краінах, дзе размаўляюць на іншай мове, і баяцца, што вывучэньне эспэранта, якая стане чацьвертай мовай для дзіцяці (разам з мовамі бацькоў і нацыянальнай мовай краіны), будзе занадта цяжкім. Звычайна адзін з бацькоў, найчасьцей бацька, абірае ўжываньне эспэранта ў зносінах зь дзіцём. Матывам можа быць узбагачэньне ведаў і досьведу дзіця, а таксама жаданьне зрабіць магчымым ягоны ўдзел у сацыяльных кантактах бацькоў зь іншымі асобамі-носьбітамі эспэранта ды іхнімі дзецьмі.

Моўны ўзровень[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узровень валоданьня мовай такіх асобаў вельмі розны. Рэгулярны ўдзел у эспэрантамоўных сустрэчах дае магчымасьць свабоднага авалоданьня мовай. Чалавек, які вывучыў эспэранта ў маленстве, можа ў дарослым узросьце як удзельнічаць у эспэрантысцкім руху, так і не. Нават самыя добрыя носьбіты эспэранта з нараджэньня валодаюць мовай не нашмат лепей у параўнаньні з элітай эспэрантыстаў, для якіх мова не зьяўляецца роднай, і не адыграюць такой кіруючай ролі, якую маюць носьбіты звычайных моваў, для якіх яны ёсьць роднымі. Па падліках, каля 1% ад колькасьці рэгулярна размаўляючых на эспэранта зьяўляюцца носьбітамі мовы з нараджэньня. Паміж 200 супрацоўнікаў Вікіпэдыі, якія вызначылі прынамсі 3 узровень валоданьня эспэранта, 9 чалавек (г. зн. каля 4,5%) — носьбіты мовы з нараджэньня (зьвесткі на жнівень 2008). Носьбіты мовы з нараджэньня ня ёсьць «рабамі» і не абавязаныя заставацца ў эспэрантамоўным руху. Яны — найпазьней у юнацтве — вольныя выбраць, што ім рабіць.

Першым носьбітам эспэранта ад нараджэньня была Эмілія Гастон, якая нарадзілася 2 чэрвеня 1904. У 1935 року ў эспэрантамоўнай газэце «Hungara Heroldo» было напісана, што баўгарскі эспэрантыст Барыс Васільеў мае двухгадовую дачку Лаўру, якая была «ўнікальнай эспэрантысткай, што ня ведае іншых моваў». Існуюць носьбіты мовы ад нараджэньня ў другім і трэцім пакаленьні. Для носьбітаў мовы ад нараджэньня існуюць сустрэчы, напрыклад Міжнародныя дзіцячыя кангрэсы, якія праводзяцца адначасова з Сусьветнымі кангрэсамі эспэрантыстаў, сустрэчы эспэрантысцкіх сем’яў, выдаюцца дзіцячыя эспэрантамоўныя часопісы.