Натуральны прырост
Натуральны прырост — рознасьць між колькасьцю народжаных і памерлых за пэўны прамежак часу.
Адмоўнае значэньне паказьніка называюць натуральнай стратай. Абодва паказьнікі разьлічваюць у абсалютным выглядзе і ў адносным — у разьліку на 1000 чалавек (у праміле — ‰)[1].
Будова насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Паступальная. Большая доля дзяцей да 14 гадоў, чым пажылых у веку за 60 гадоў дае высокі натуральны прырост. Ён адпавядае пашыранаму ўзнаўленьню насельніцтва і сустракаецца пераважна ў разьвіцьцёвых краінах (Малаві, Тайлянд і Парагвай).
- Устойлівая. Ураўнаважаныя долі насельніцтва ў веку да 15 і звыш 60 гадоў вядуць да адсутнасьці натуральнага прыросту. Гэта адпавядае простаму ўзнаўленьню насельніцтва і сустракаецца ў разьвітых краінах з вялікім перасяленчым прыростам і шэрагу разьвіцьцёвых краінаў (Аўстралія, Чылі і Эквадор).
- Заняпадная. Доля насельніцтва ў веку звыш 60 гадоў большая за 12 % выклікае натуральную страту. Яна адпавядае звужальнаму ўзнаўленьню насельніцтва і пераважае ў разьвітых краінах (Грэцыя, Японія і Нямеччына)[2].
Дэмаграфічны пераход
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У 1909 годзе францускі дэмограф Адольф Ляндры напісаў пра зьмяненьне відаў узнаўленьня ў залежнасьці ад жыцьцёвых і гаспадарчых умоваў. У 1945 годзе амэрыканскі дэмограф Фрэнк Наўтстайн прапанаваў дэмаграфічны пераход у якасьці тлумачэньня такіх зьмяненьняў, якія адбываюцца ў 4 ступені.
- Першая. Высокі ўзровень нараджальнасьці і сьмяротнасьці выклікаюць нізкі натуральны прырост. Гэта было ўласьціва першабытнаму грамадзтву.
- Другая. Рост працягласьці жыцьця паніжае сьмяротнасьць, што павялічвае натуральны прырост да найвышэйшага значэньня за кошт захаваньня высокай нараджальнасьці. Гэта ўласьціва большасьці краінаў Афрыкі і найменш разьвітым краінам Азіі. Запасы харчаваньня на выпадкі засухі, голаду і паводак ствараюць умовы для прыросту за кошт пераходу ад зьбіральніцтва да земляробства.
- Трэцяя. Хуткае зьніжэньне нараджальнасьці за кошт спаронаў і супрацьзачаткавых сродкаў пры працягу зьніжэньня сьмяротнасьці скарачае натуральны прырост. У ХХІ стагодзьдзі такое становішча мела большасьць краінаў Лацінскай Амэрыкі і асобныя краіны Азіі.
- Чацьвертая. Далейшае зьніжэньне нараджальнасьці пры ўзрастаньні сьмяротнасьці пад уплывам старэньня насельніцтва выклікае спыненьне натуральнага прыросту. Упершыню гэта зазнала Эўропа. У 1990-я гады ў такіх умовах апынуліся краіны Паўночнай Амэрыкі, як то ЗША і Канада, а таксама Паўднёвай Амэрыкі (Уругвай і Аргентына), а таксама Японія, Аўстралія і Новая Зэляндыя. На пачатку ХХІ стагодзьдзя такія рысы напаткалі большасьць разьвітых краінаў[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
За 1990—1999 гады натуральны прырост у ЗША зьменшыўся з 7,9 да 5,8 праміле, у Канадзе — ад 8 да 4,8, у Францыі — ад 4,1 да 3,3, а ў Вялікабрытаніі — ад 2,8 да 1,6. У 1999 годзе ў Нямеччыне, Італіі й Швэцыі натуральная страта склала -0,8, -0,4 і -0,3 адпаведна[4].
У 2019 годзе натуральнаму руху сусьветнага насельніцтва быў уласьцівы прырост, які склаў — 12 ‰. За 1950–2015 гады адбылося скарачэньне прыросту. У разьвіцьцёвых краінах ён складаў 14 ‰, а ў разьвітых — 1 ‰. Афрыка была мацерыком з найбольшым натуральным прыростам насельніцтва — 26 ‰. У Паўднёвай Амэрыцы паказьнік складаў 11 ‰, у Азіі праз разьбежку ў гаспадарчым разьвіцьці — 10 ‰, а ў Паўночнай Амэрыцы — 2 ‰. У Эўропе назіралася натуральная страта (або натуральнае зьмяншэньне) — 1 ‰, бо сьмяротнасьць перавышала нараджальнасьць. Найбольшае значэньне натуральнага прыросту насельніцтва адзначалася ў Нігеры — 38 ‰. Найбольшае натуральнае зьмяншэньне насельніцтва ў Эўропе было ўласьціва Баўгарыі — 7 ‰. Ад 1993 году ў Беларусі таксама адбывалася натуральнае зьмяншэньне, якое павялічвалася да 2005 году. У 2019 годзе яно склала 2,8 ‰ пры натуральным прыросьце ў горадзе і зьмяншэньні на вёсцы[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У 1950 годзе натуральны прырост у Беларусі склаў 135 220 чалавек[5]. У 1950-я гады ў Беларускай ССР сьмяротнасьць зьніжалася, а сярэдняя працягласьць жыцьця расла. Таму ў 1960 годзе натуральны прырост насельніцтва Беларусі склаў 146 200 чалавек за год. Затым назіралася адваротнае зьмяненьне[6]. У 1965 годзе прырост скараціўся да 95 709 чалавек, а ў далейшым найбольш працягваўся ў гарадах[5]. У 1970-я гады прырост упаў удвая параўнальна з 1950-мі гадамі[4].
Таму да 1989 году натуральны прырост панізіўся да 50 000 чалавек[6]. У 1992 годзе адбыўся апошні прырост на 11 300 чалавек. Пасьля гэтага да 2002 году насельніцтва скарацілася на 3 %[4]. За 1989—1999 гады нараджальнасьць зьменшылася з 15,1 да 9,3 на 1000 чалавек, што зрабіла яе ніжэйшай за ўзровень сьмяротнасьці, якая вырасла з 10,2 да 14,2 на 1000 чалавек. Гэта выклікала звужанае ўзнаўленьне насельніцтва, што прывяло да дэпапуляцыі. Натуральная страта была найбольшай у сельскай мясцовасьці, дзе ўпершыню стала назірацца ў Віцебскай вобласьці[6]. У 2001 годзе натуральная страта дасягнула 48 200 чалавек[4]. Пасьля 2005 году натульная страта пачала скарачацца. У 2013—2017 гадох нараджальнасьць перавышала 12 дзяцей на 1000 чалавек, што было вышэйшым паказьнікам за сярэдні па Эўропе. Таксама ў 2010—2017 гадох сьмяротнасьць зьнізілася з 14,4 да 12,6 на 1000 чалавек[6].
У 2015 годзе натуральная страта скарацілася ўтрая параўнальна зь 2014 годам да 998 чалавек. Натуральны прырост назіраўся ў Менску і Берасьцейскай вобласьці на 5528 і 1136 чалавек адпаведна. Прырост адзначаўся ў 83-х гарадах і 24-х гарадкіх пасёлках[7]. У наступнае дзесяцігодзьдзе страта павялічвалася. У красавіку 2025 году Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі абнародаваў значэньне натуральнай страты за 2024 год, якая склала 56 186 чалавек пры нараджальнасьці 58 938 дзяцей (6,5 ‰) і сьмяротнасьці 115 124 чалавек (12,6 ‰)[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Кацярына Анціпава. § 6. Дэмаграфічныя працэсы і іх геаграфія // Геаграфія. Сацыяльна-эканамічная геаграфія сьвету : вучэб. дапам. для 10 кл. / уклад. Вольга Гузава, рэд. і перакл. Т.К. Славута, маст.рэд. Канстанцін Шастоўскі. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2020. — С. 45. — 219 с. — 11 210 ас. — ISBN 978-985-599-136-7
- ↑ Кацярына Анціпава. § 7. Полаўзроставая структура насельніцтва сьвету // Геаграфія. Сацыяльна-эканамічная геаграфія сьвету : вучэб. дапам. для 10 кл. / уклад. Вольга Гузава, рэд. і перакл. Т.К. Славута, маст.рэд. Канстанцін Шастоўскі. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2020. — С. 49. — 219 с. — 11 210 ас. — ISBN 978-985-599-136-7
- ↑ Кацярына Анціпава. § 8. Тэорыя дэмаграфічнага пераходу // Геаграфія. Сацыяльна-эканамічная геаграфія сьвету : вучэб. дапам. для 10 кл. / уклад. Вольга Гузава, рэд. і перакл. Т.К. Славута, маст.рэд. Канстанцін Шастоўскі. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2020. — С. 54—55. — 219 с. — 11 210 ас. — ISBN 978-985-599-136-7
- 1 2 3 4 Нас стала меней // Газэта «Наша ніва», 27 сьнежня 2002 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- 1 2 Васіль Харэўскі. Беларуская вёска на мяжы тысячагоддзя // Беларускі калегіюм, 10 красавіка 2016 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- 1 2 3 4 Міхаіл Брылеўскі, Алеся Клімовіч. § 23. Нараджальнасьць, сьмяротнасьць і натуральны прырост. Міграцыя насельніцтва // Геаграфія Беларусі : вучэб. дапам. для 9 кл. / рэд. Т.К. Славута, перакл. Н.М. Касьцюкевіч, маст. В.Ю. Лагун і Канстанцін Шастоўскі. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2019. — С. 116. — 248 с. — 15 640 ас. — ISBN 978-985-599-056-8
- ↑ Натуральны прырост насельніцтва зафіксаваны ў мінулым годзе ў 83 гарадах і 24 пасёлках Беларусі // Газэта «Радзіма» (Глуск), 7 красавіка 2016 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ↑ Аляксандра Рэквісава. Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў зьвесткі аб нараджальнасьці і сьмяротнасьці // Партал «Наша ніва», 21 траўня 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Алеся Клімовіч, Іван Каляда, Валянціна Крыкала, Сьвятлана Бакач. Нараджальнасьць, сьмяротнасьць і натуральны прырост. Міграцыя насельніцтва // Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс Беларусі, 2022 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |