Натальля Судлянкова
Натальля Судлянкова | |
Дата нараджэньня | 9 чэрвеня 1964[1] (61 год) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Занятак | журналістка, прадпрымальніца, адмысловец па сувязях з грамадзкасьцю |
Натальля Судлянкова (па мужу пэўны час Шаўко[2], нар. у 1964 г.) — беларуская прадпрымальніца, палітычная дзяячка, журналістка; пазьней прарасейская прапагандыстка ў Чэхіі, абвінавачаная ў супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў інтэлігентнай сям’і, маці была дацэнтам МДЛУ, выкладчыцай амэрыканскай літаратуры.
У 1980-я гг. была ўдзельніцай моладзевай суполкі «Талака», пазьней — Беларускага народнага фронту, у якім займала пасаду скарбніка і была набліжанай асобай да Зянона Пазьняка. Пазьней была членам Аб’яднанай грамадзянскай партыі[2].
У пачатку 1990-х гг. занялася прадпрымальніцтвам. У 1997 годзе абвінавачаная ў махлярстве, у 1999 г. зьехала зь Беларусі і атрымала палітычны прытулак у Чэхіі[2].
У Чэхіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 2005 г. супрацоўнічала зь беларускай службай «Радыё Свабода», пазьней, у 2007 г. — з расейскай службай Чэскага радыё.
Пазьней далучылася да арганізацый расейскай дыяспары, узначаліла расейскамоўную газэту «Пражский телеграф», заснаваную Гандлёва-прамысловай палатай Расеі. Выступала камэнтатарам у СМІ з пазыцый афіцыйнай расейскай прапаганды, у тым ліку пасьля пачатку збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў 2014 г.[2][3]
Аказвала паслугі ў сфэры грамадзкіх сувязяў расейскаму дзяржаўнаму канцэрну «Росатом»[2], расейскаму алігарху Алішэру Усманаву[4], расейскай чыгунцы (РЖД) і яе колішняму кіраўніку Ўладзіміру Якуніну, расейскай касьмічнай агенцыі «Роскосмос»[3]. Займалася іншымі бізнэсовымі праектамі[2].
Выкрыцьцё, санкцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2025 годзе была дададзеная да санкцыйнага сьпісу Чэхіі і загад пакінуць тэрыторыю краіны[2].
Паводле чэскіх праваахоўных органаў, супрацоўнічала з расейскай выведкай (ГРУ), адкуль атрымлівала грошы, заданьні[4] і інструкцыі[2]. Міністар замежных справаў Чэхіі ахарактарызаваў яе як «ключавога супрацоўніка ГРУ, які шмат гадоў прыхавана і сьвядома працаваў на ГРУ». Судлянкова абвінавачвалася ў распаўсюдзе прапаганды ў галіне бясьпекі і энэргетыкі[4].
Разам з Судлянковай у санкцыйны сьпіс дададзены супрацоўнік ГРУ Аляксей Шаўроў, які, паводле чэскай контарвыведкі, быў яе куратарам[3].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Двойчы была замужам, мае трох дзяцей.
Другі муж — Міхаіл Чапелаў, афіцэр КДБ Беларусі, які, паводле СМІ, вёў яе справу ў другой палове 90-х[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ OpenSanctions
- ^ а б в г д е ё ж з Ад БНФ да ГРУ. Хто такая Наталля Судлянкова, якой чэхі загадалі пакінуць краіну — Наша Ніва, 04.04.2025
- ^ а б в Из Праги на два фронта — Центр «Досье», 04.04.2025
- ^ а б в Чехия выдворит обвиненную в связях с ГРУ белоруску Судлянкову, жившую в стране с 1999 года и некоторое время работавшую на «Радио Свобода»