Нараеўшчына
| Нараеўшчына лац. Narajeŭščyna | |
| Дата заснаваньня: | перад 1670 годам |
| Краіна: | Беларусь |
| Вобласьць: | Гомельская |
| Раён: | Мазырскі |
| Сельсавет: | Козенскі |
| Насельніцтва: |
|
| Часавы пас: | UTC+3 |
| Тэлефонны код: | +375 2351 |
| Паштовы індэкс: | 247767 |
| СААТА: | 3235812036 |
| Нумарны знак: | 3 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 52°01′17″ пн. ш. 29°12′02″ у. д. / 52.02139° пн. ш. 29.20056° у. д.Каардынаты: 52°01′17″ пн. ш. 29°12′02″ у. д. / 52.02139° пн. ш. 29.20056° у. д. |
Нараеўшчына на мапе Беларусі ± Нараеўшчына | |
Нараеўшчына[a][2] — вёска ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Козенскага сельсавету.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Таксама сустракаецца назва Нароўшчына[2][3][4][5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Найранейшыя пакуль зьвесткі пра паселішча сустрэтыя ў рэестрах двайнога і трайнога падымнага Мазырскага павету 1670 году. У першым выпадку сказана, што пан Базыль Абуховіч выплачваў з 14 дымоў з добраў сваіх Сядзельнікаў, Акунінкі, Narozniow[b] 14 злотых. У другім дадалася яшчэ частка Абухаўшчыны, але падатак выплачваўся з тых жа 14 дымоў і мусіў складаць 21 злоты[c][6].





Значна пазьней у дакумэнце пад назвай «Akt popisu powiatu Mozyrskiego» 1765 году згаданая «okolica Narejowszczyzna». Тады ў ёй жылі шляхецкія радзіны — Робакі (прозьвішча-лідар), Зублевічы, Зайкоўскія, Вяраксы, Арлоўскія, Рудзееўскія[7].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Нараеўшчына апынулася ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні.
У «Ведамасьці аколічнага шляхецтва Нараеўшчыны» 1795 году ўтрымліваюцца зьвесткі пра жыхароў 20 двароў названай аколіцы. Як і раней, колькасна пераважалі Робакі[d]. Яшчэ тут жылі Ляўковічы, Стахоўскія, Дзерангоўскія, Вяраксы, Паноўскія, Багушэўскія, Ганецкія, Цехановічы, Вайніловічы. Жонкі гаспадароў паходзілі з радзінаў Рагачэўскіх, Чаркоўскіх, Бярнацкіх, Ставіцкіх, Апокаў, Банчальскіх, Гразных, Дамброўскіх, Залескіх. Большасьць шляхты абодвух полаў, з-за адсутнасьці падданых, самі займаліся земляробствам. Некаторыя былі на ўслугах. Мікалай Вяракса знаходзіўся на службе ў Сухавічах у тамтэйшых базылянаў, Міхал Цехановіч, Аўгустын Паноўскі, Юзаф Багушэўскі — на службе эканамічнай[8].
На тапаграфічнай мапе Менскай губэрні, выдадзенай у 1846 годзе паводле здымкі генэрала-маёра А. К. Фіцінгофа, пазначаная аколіца Нараеўшчына.
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што дваране аколіцы Нараеўшчына, якіх агулам налічвалася 85 асобаў, былі вернымі парафіі Мазырскага касьцёлу сьвятога Міхала[9].
Ад парэформавага пэрыяду Нараеўшчына адміністрацыйна належала да Слабады Скрыгалаўскай воласьці.

У мазырскай кнізе «Памяць» прыведзеныя зьвесткі з крыніцы пад назвай «Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г.». Паводле яе, у аколіцы Нараўшчына[e] тады налічвалася 14 гаспадароў з былых аднадворцаў, прыпісаных да Слабады Скрыгалаўскай воласьці[10].
У 1871 годзе пабачыла сьвет падрыхтаваная І. А. Стрэльбіцкім «Специальная карта Европейской России» — самая дакладная за ўсё XIX ст. На ёй таксама пазначанае паселішча пад назвай Нараеўшчына.
Паводле перапісу 1897 году, у Нараеўшчыне — 16 двароў з 53 жыхарамі[5].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Нараеўшчына ў складзе Слабады Скрыгалаўскай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[11].

У 1917 годзе ў Нараеўшчыне налічвалася 120 жыхароў. На 1925 год — 24 двары. у 1929 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас. дзейнічала школа, у якой на 1935 год было 25 вучняў[5].
З 1938 году — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Міхаіл Барысаў (1923—2012) — лётчык марской авіацыі, Герой Савецкага Саюзу (1945), падпалкоўнік
- Міхаіл Мураўёў (1919—1981) — Герой Савецкага Саюзу (1944)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ На сайце Мазырскага райвыканкаму вёска з насельніцтвам 5921 чалавек па-расейску названая Наровчизной[1].
- ^ У дакумэнтах сустракаюцца назвы скрыўленыя да непазнавальнасьці, але ў гэтым выпадку бліжэйшых варыянтаў інтэрпрэтацыі няма.
- ^ У адрозьненьне ад двайнога падымнага 1670 г., сумы трайнога пабору ня ўказаныя, але вядома, што адзіны пабор з дыму складаў 15 грошаў, г. зн. паўзлоты.
- ^ Адзін зь іх Станіслаў, сын Казімера, у расейскамоўнай частцы названы сынам Кузьмы. І гэта не адзіны выпадак падобнага свавольства часоў Расейскай імпэрыі.
- ^ Гэта — як толькі ня вынік творчасьці ўкладальнікаў мазырскай «Памяці», дык — ці ня першы выпадак, калі з назвы паселішча зьнікла літара «е» і, адпаведна, націск зрушаны з трэцяга складу на перадапошні.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Сельвыканкамы Мазырскага РВК
- ^ а б Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 5. Д / Я. С. Глінскі [і інш.]; навук. рэд. А. Рахуба. — Мінск: Беларусь, 2018. — 847 с. — ISBN 978-985-01-1252-1 С. 807
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 2 / [рэд. Г.П. Ляхава, Ю.М. Несцяроўская, Т.М. Пракаповіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. — 347, [4] с., іл. ISBN 978-985-508-245-4. С. 279
- ^ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1986. — 240 с. С. 117
- ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 111
- ^ Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11. Ap. 1. B. 748. L. 2295, 2296
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 1771. Воп. 1. Спр. 2. А. 76-77
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр.181. А. 615-624
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 422
- ^ Памяць: Мазыр. Мазырскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укладальнікі: М. А. Капач, В. Р. Феранц. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1997. С. 93
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 111