Перайсьці да зьместу

Народная партыя за свабоду і дэмакратыю

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Народная партыя за свабоду і дэмакратыю
Выява лягатыпу
Дата заснаваньня 24 студзеня 1948
Штаб-кватэра
Ідэалёгія кансэрватыўны лібэралізм[d] і праэўрапеізм[d]
Моладзевая арганізацыя Youth Organisation Freedom and Democracy[d]
Колькасьць 20 902[2]
Афіцыйны сайт vvd.nl (нід.)

Народная партыя за свабоду і дэмакратыю (па-нідэрляндзку: Volkspartij voor Vrijheid en Democratie) — кансэрватыўна-лібэральная палітычная партыя ў Нідэрляндах. НПСД, папярэднікам якой была Партыя свабоды, уважаецца правацэнтрысцкай партыяй, якая спрабуе спрыяць прыватнаму прадпрымальніцтву і эканамічнаму лібэралізму[3].

Партыя была заснаваная 24 студзеня 1948 году. З 1948 па 1952 гады Народная партыя за свабоду і дэмакратыю брала ўдзел у шырокай урадавай кааліцыі пад кіраўніцтвам Партыі працы ў кабінэце прэм’ер-міністра Вілема Дрээса.

Лідэр партыі з 2006 па 2023 гады Марк Рутэ 14 гадоў служыў прэм’ер-міністрам Нідэрлянаў.

У 1952—1958, 1965—1967, 1973—1977, 1981—1982 і 1989—1994 гадах партыя была ў апазыцыі. З 1994 па 2002 гады яна зноў была ва ўрадавай кааліцыі разам з Партыяй працы і партыяй Дэмакраты 66. Пасьля парламенцкіх выбараў 2002 і да 2007 году яна таксама была часткай урадавай кааліцыі, якую ачольваў лідэр партыі Хрысьціянска-дэмакратычны заклік Ян Пэтэр Балькенэндэ. 2 верасьня 2004 году з партыі выйшаў дэпутат Геэрт Вільдэрс, які ачольваў затым правую Партыю свабоды.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2010 году партыя атрымала найбольшую колькасьць месцаў (31 месца) і ачоліла правацэнтрысцкую кааліцыю разам з партыяй Хрысьціянска-дэмакратычны заклік, якую падтрымлівала ў парлямэнце Партыя свабоды Вільдэрса. Лідэр партыі Марк Рутэ 14 кастрычніка 2010 году стаў першым прэм’ер-міністрам ад Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю. Пасьля ўсеагульных выбараў 2012 году партыя ўвайшла ў кіроўную кааліцыю з Партыяй працы ў якасьці малодшага партнэра па кааліцыі. Рутэ зноў стаў прэм’ер-міністрам, сфармаваўшы правацэнтрысцкі ўрад. У сакавіку 2021 году партыя зноў стала пераможцам на ўсеагульных выбарах, атрымаўшы 34 з 150 месцаў. Прэм’ер-міністар Рутэ, які быў ва ўладзе з 2010 году, сфармаваў свой чацьверты кааліцыйны ўраду[4].

Па распадзе кабінэту Рутэ праз разнагалосьсі наконт міграцыйнай палітыцы былі прызначаныя новыя выбары. Тым часам палітык пакінуў пасаду лідэра партыі, саступіўшы яе Дылян Ешылгёз.

Партыя апісваецца як кансэрватыўна-лібэральная[5], лібэральна-кансэрватыўная[6][7] і кансэрватыўная[8][9]. У час з 2006 па 2012 гады ёй прыпісвалі схільнасьць да клясычнага лібэралізму[10] і лібэртарыянства[11][12].

Самая партыя вызначае сябе, як партыю, якая грунтуецца на лібэральнай філязофіі. Традыцыйна яна ўважаецца самым гарачым прыхільнікам «свабоднага рынку» з усіх нідэрляндзкіх палітычных партыяў, прапагандуючы палітычны, эканамічны, клясычны і культурны лібэралізм. У адрозьненьне ад гэтага, з 1945 году яна дапамагала будаваць сацыяльную дзяржаву. Пасьля 1971 году яна стала больш папулісцкай, але некаторыя кансэрватыўныя лібэральныя элемэнты захаваліся[13].

  1. ^ https://www.kvk.nl/orderstraat/product-kiezen/?kvknummer=40409353
  2. ^ Ledentallen Nederlandse politieke partijen per 1 januari 2025 — 2025.
  3. ^ T. Banchoff (1999). «Legitimacy and the European Union». Taylor & Francis. — С. 123. — ISBN 978-0-415-18188-4.
  4. ^ «Dutch election: PM Mark Rutte claims victory and fourth term». BBC News.
  5. ^ Sarah DeLange; Tom Louwerse; Paul ‘Thart; Carolien Van Ham, eds. (2024). «The Oxford Handbook off Dutch Politics». Oxford University Press. — С. 439. — ISBN 978-0-19-887551-2.
  6. ^ Liubomir K. Topaloff (2012). «Political Parties and Euroscepticism». Springer. — С. 21. — ISBN 978-1-137-00968-5.
  7. ^ José M. Magone (2017). «The Statecraft of Consensus Democracies in a Turbulent World: A Comparative Study of Austria, Belgium, Luxembourg, the Netherlands and Switzerland». Taylor & Francis. — С. 112. — ISBN 978-1-315-40785-2.
  8. ^ Waterfield, Bruno (16.12.2021). «Mark Rutte heading for fourth term as Dutch prime minister». The Times.
  9. ^ «Dutch Justice Minister Yeşilgöz seeks to lead outgoing PM Rutte’s party». Reuters.
  10. ^ Kenneth Benoit; Michael Laver (2006). «Party Policy in Modern Democracies». Routledge. — С. 112. — ISBN 1-134-20618-6.
  11. ^ Sterling, Toby (18.05.2006). «Dutch forced to rethink decision on Somali-born MP». The Guardian.
  12. ^ «Dutch government stands down». Irish Examiner.
  13. ^ Andeweg R.B. and G.A. Irwin (2002). «Government & Politics in the Netherlands». Palgrave. — С. 48

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]