Міхнаўка
| Міхнаўка лац. Michnaŭka | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Брагінскі |
| Сельсавет | Вуглоўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1769 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°53′15″ пн. ш. 30°16′52″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 11[1] чал. (2023) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2344 |
| Паштовы індэкс | 247624 |
| СААТА | 3203870061 |
| Нумарны знак | 3 |
| Міхнаўка на мапе Беларусі ± Міхнаўка | |
Мі́хнаўка[2] — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Вуглоўскага сельсавету. Рагазін
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Карона Каралеўства Польскага
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Ад нейкага часу і ў якісьці спосаб Міхнаўка, што месьцілася ў атачэньні Брагінскіх добраў, стала належаць князям Шуйскім, дзедзічам Хвойнікаў і Астраглядавічаў, але гэтаму супрацівіліся паны Ракіцкія — уласьнікі Брагіна. 1 лютага 1769 году князь Адам Шуйскі, староста загальскі, выступіў з судовай позвай да пана Міхала Ракіцкага, рэгента літоўскага, за руйнаваньне халуп і розных гвалтаў учыненьне ў вёсцы Міхнаўцы. 25 лютага таго году ад імя старосты ніжынскага князя Войцеха Шуйскага, апекуна, і князя Адама Шуйскага[b], заяўленыя пратэсты на адрас Міхала Ракіцкага за насланьне брагінскіх падданых на грунты вёсак Рашаўцы і Міхнавічы, халуп і хлявоў разбурэньне, сена і збожжа забраньне. 11 сакавіка да абвінавачаньняў дадаліся яшчэ «pszczoły pozabierania» і «boru zsieczenia» ў Міхнаўскіх угодзьдзях.
Канфлікт расьцягнуўся больш, як на паўтары дзесяцігодзьдзі. Старосты ніжынскія Шуйскія ў 1770 — 1780 гады падавалі судовыя позвы да будучага, а потым і сапраўднага кашталяна менскага Міхала Ракіцкага, да яго ўдавы Марыяны з Аскеркаў, да яе новага мужа Міхала Страшэвіча, маршалка упіцкага. Усё часьцей вялося пра неабходнасьць разьмежаваньня Хвойніцкіх і Брагінскіх добраў, а «яблыкам разладу» у справе выступала Міхнаўка. Скончылася нібы тым, што 16 траўня 1786 году брагінскі губэрнатар пан Солтан даслаў будучаму вялікаму абознаму ВКЛ Каралю Прозару[c] ліст, «zaręczaiący że poddani Słobczańscy do gruntow Michnowskich wdzierać się nie będą»[3]. Невядома, ці была Міхнаўка на той час паселішчам, бо ж вялося адно пра грунты.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793), Міхнаўка[d] — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у тэрытарыяльна ўпарадкаваным Рэчыцкім павеце спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[4].
Надалей, імаверна, наноў асаджаная людзьмі вёска, Слабада Міхнаўка стала называная ў мэтрычных кнігах Брагінскай Сьвята-Траецкай царквы, пачынаючы з 1824 году[5]. З кліравой ведамасьці тае царквы вядомы і ўладальнік. Ім быў граф маршал Людвік Міхалаў сын Ракіцкі, які, пасьля разьдзелу Брагінскіх добраў з братам Рафалам Алаізам, меў сваёй рэзыдэнцыяй двор Гарадзішча. Тады ў вёсцы Міхнаўцы было 8 двароў[e], якія насялялі 32 асобы мужчынскага і 32 жаночага полу верных[6].
У парэформавы пэрыяд вёска Міхнаўка адміністрацыйна належала да Брагінскай воласьці.
Згодна з кліравой ведамасьцю Сялецкай Праабражэнскай царквы, у 1903 годзе яе прыхаджанамі былі 39 асобаў мужчынскага і 49 жаночага полу, якія жылі за 7 вёрст у 15 і 1/4 двара[f] вёскі Міхнаўка[7]. На 1909 год вёску Міхнаўка складалі 25 двароў, які насялялі 232 жыхары[8].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Міхнаўка ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[9].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны. Фота Анатоля Бензярука.
- ^ Магчыма, ужо фармальна, бо староста загальскі зарана пакінуў сьвет жывых.
- ^ На той час ужо жанатаму з князёўнай Людвікай Канстанцыяй Шуйскай, спадчыньніцай Хвойніцкіх і Астраглядавіцкіх добраў.
- ^ Тады, імаверна, уяўляла зь сябе хіба ўрочышча, бо сярод паселішчаў некалькі дзесяцігодзьдзяў ня згадвалася.
- ^ Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе ня ўласна вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
- ^ Гл. вышэй.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Вуглоўскі сельсавет
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ AGAD. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 75-85
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 525. А. 76адв., 80-80адв., 82адв., 84. 1826 г. Спр. 527. А. 70адв., 71адв. 1827 г. Спр. 528. А. 101адв. etc.
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 13адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 29, 32адв.
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 124
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.