Міхаіл Сямёнавіч Варанцоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхаіл Сямёнавіч Варанцоў
(па-расейску: Михаил Семёнович Воронцов)
19 (30) траўня 17826 (18) лістапада 1856 (74 гады)
Партрэт М. С. Варанцова пэндзлю Джорджа Доў.
Вайсковая галерэя Зімовага Палацу, Дзяржаўны Эрмітаж (Санкт-Пецярбург)
Месца нараджэньня Санкт-Пецярбург
Месца сьмерці Адэса
Прыналежнасьць Расейская імпэрыя
Званьне генэрал-фэльдмаршал
Бітвы/войны Пултуск, Фрыдлянд, Смаленск, Барадзіно, Дэнэвіц, Дрэздэн, Ляйпцыг Краон
Узнагароды ордэн сьв. Георгія 4-й кл. № 650 (1804), ордэн сьв. Георгія 3-й кл. № 228 (1812), ордэн сьв. Георгія 2-й кл. № 64 (1814).
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Варанцоў.

Міхаі́л Сямёнавіч Варанцо́ў (1782—1856) — расейскі дзяржаўны дзеяч, граф, а з 1845 году найсьвятлейшы князь, генэрал-фэльдмаршал, генэрал-ад’ютант; ганаровы сябра Пецярбурскай Акадэміі навук (1826); навароскі і бэсарабскі генэрал-губэрнатар (1823—1844). Спрыяў гаспадарчаму разьвіцьцю краю, разбудове Адэсы й іншых местаў. У 1844—1854 гадах намесьнік на Каўказе. Сын С. Р. Варанцова.

Першыя гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхаіл Варанцоў нарадзіўся 19 (30) траўня 1782 году ў Санкт-Пецярбургу, дзяцінства і маладосьць правёў пры бацьку, Сямёну Раманавічу, у Лёндане, дзе атрымаў выдатную адукацыю.

Выхаваны Сямёнам Раманавічам у лібэральным заходнеэўрапейскім духу (вядомае выказваньне С. Р. Варанцова аб падзелах Рэчы Паспалітай, як аб агідных ідэі справядлівасьці і абразьлівых у дачыненьні да грамадзкага меркаваньня Заходняе Эўропы).

У маленстве быў запісаны ў бамбардзір-капралы ляйб-гвардыі Праабражэнскага палку, а ў 4 гады ад веку ўзьведзены ў прапаршчыкі.

Вярнуўся ў Расею ў 1801 годзе.

Пачатак вайсковай кар’еры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1803—1804 гадах удзельнічае ў вайне на Каўказе. У 1805 годзе ўдзельнічае ў дэсантнай апэрацыі ў швэдзкай Памяраніі. У 1806 і 1807 гадах вызначаецца ў бітвах з французамі. У 1809—1811 гадах Варанцоў прымае ўдзел у Турэцкіх кампаніях.

Айчынная вайна і замежны паход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Расейска-францускую вайну 1812 году Варанцоў прымаў удзел у бітве пад Смаленскам і пры Барадзіне, быў паранены. Пасьля аздараўленьня вярнуўся ў войска і ўдзельнічаў у замежным паходзе расейскіх войскаў.

У кампанію 1814 году Варанцоў пры месьце Краоне бліскуча вытрымаў бітву супраць самога Напалеона. З 1815 да 1818 году Варанцоў быў камандзірам акупацыйнага корпусу ў Францыі.

Генэрал-губэрнатар Наваросіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вяртаньні ў Расею Варанцоў камандаваў 3-м пяхотным корпусам, а 7 траўня 1823 году прызначаны новароскім генэрал-губэрнатарам і паўнамоцным намесьнікам Бесарабскай вобласьці. Тут праявіліся яго адміністрацыйны і гаспадарчы таленты.

Паўднёвы фасад палацу ў Алупцы
Лізавета Ксавер’еўна Варанцова, з Браніцкіх

Варанцову абавязаны: Адэса — пашырэньнем гандлёвага значэньньня і павелічэньнем дабрабыту; Крым — разьвіцьцём і ўдасканаленьнем вінаробства, уладкаваньнем выдатнай шашы ўздоўж паўднёвага берагу паўвыспы, разьвіцьцём земляробства і лесагадоўлі. Таксама ім пабудаваны Варанцоўскі палац у Алупцы.

Ім запачаткаваная ў Наваросіі гадоўля танкарунных авечак.

Пры ім жа ў 1828 годзе атрымала пачатак параходзтва па Чорным моры.

За часоў губэрнатарства графа Варанцова ў Кішынёве, а затым пад ягоным даглядам у Адэсе знаходзіўся ў высылцы (1820—1824) А. С. Пушкін. З прычыны таго, што ў Пушкіна завязаўся раман з жонкай губэрнатара Елізаветай Ксавер’еўнай, народжанай графіняй Браніцкай (дачкой Францішка Ксавэрыя Браніцкага) граф зрабіўся аб’ектам шматлікіх зьедлівых, хоць далёка не заўсёды справядлівых эпіграмаў Пушкіна: «Сказали раз царю, что наконец…», «Полу-милорд, полу-купец…», «Певец Давид хоть ростом мал…», «Не знаю где, но не у нас…»; Пушкін высьмейвае ў іх ганарлівасьць, сэрвільнасьць (на ягоны погляд) і англаманію губэрнатара.

Каўкаская вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1844 годзе Варанцоў быў прызначаны галоўнакамандуючым войскаў на Каўказе і намесьнікам каўкаскім, зь неабмежаванымі паўнамоцтвамі і захаваньнем папярэдніх пасадаў. Пад ягоным кіраўніцтвам былі праведзеныя апэрацыі супраць Шаміля. Далейшыя дзеяньні дазволілі заняць Дагэстан і касьпійскае ўзьбярэжжа (за што Варанцоў і быў уганараваны тытулам найсьвятлейшага князя).

Пры гэтым прымаў меры па замірэньні Каўказу. Арганізоўваў будаўніцтва інфраструктуры. Быў прыхільнікам паважлівага стаўленьня да тутэйшых мусульманаў. Лічыў больш выгадным для Расеі абвяшчэньне Шаміля князем Дагэстана.

У 1848 годзе Варанцовым быў заснаваны порт Ейск.

Апошнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1853 году Варанцоў пакінуў пасаду на Каўказе і вярнуўся ў Адэсу. 26 жніўня 1856 году ў дзень каранацыі імпэратара Аляксандра II Варанцоў быў узьведзены ў чын генэрал-фэльдмаршала.

Памёр Варанцоў 6 (18) лістапада 1856 году ў Адэсе. На доўгія гады захавалася ў расейскіх войсках на Каўказе прымаўка: «Да Бога высока, да цара далёка, а Варанцоў памёр».

Варанцову ўзьведзеныя помнікі ў Тыфлісе і ў Адэсе.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • М. П. Щербинин. Биография генерал-фельдмаршала Князя Михаила Семеновича Воронцова. СПб., Типография Эдуарда Веймара, 1858.
  • Архив князя Воронцова. Под редакцией П. И. Бартенева. Т. 1-41. СПб., Типография А. И. Мамонтова и компаньонов, 1870.
  • Удовик, В. Воронцов. М., 2004 (Жизнь замечательных людей).
  • Rhinelander, L. H. Viceroy Vorontsov’s Administration of the Caucasus // Transcaucasia: Nationalism and Social Change. Essays in the History of Armenia, Azerbaijan, and Georgia. Ed. by R. G. Suny. Ann Arbor (MI), 1983 (2nd rev. ed., 1996), 87-104.
  • Rhinelander, A. L. (1990). Prince Michael Vorontsov: Viceroy to the Tsar. Montreal: McGill-Queen’s University Press. ISBN 0-7735-0747-7
  • Robbins, Richard G. «Review: Prince Michael Vorontsov: Viceroy to the Tsar». The American Historical Review, Vol. 96, No. 4(Oct., 1991), P. 1243—1244. http://www.jstor.org/stable/2165141

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]