Міхаіл Ясень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міхаіл Гольдман»)
Міхаіл Ясень
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Міхаіл Аронавіч Гольдман[1]
Псэўданімы Міхаіл Ясень
Нарадзіўся 18 жніўня 1924
Менск, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Памёр 10 траўня 2006
Менск, Беларусь
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці інжынэр-канструктар
Гады творчасьці 1951—2001
Жанр паэзія, песьня
Мовы беларуская, расейская
Значныя творы песьні «Гісторыя аднаго каханьня» і «Мы яшчэ сустрэнемся з вамі»
Узнагароды
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Мэдаль «За адвагу»
Мэдаль «За адвагу»
срэбраны мэдаль Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР (1966), Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Беларусі

Міхаі́л Я́сень (1924, Менск, цяпер Беларусь — 2006, Менск, Беларусь) — беларускі паэт-песеньнік.

Напісаў звыш 100 вершаў, большасьць зь якіх паклалі на музыку амаль 50 кампазытараў. Каля 40 песьняў на яго вершы стварыў Леанід Захлеўны, у тым ліку песьні «Гісторыя аднаго каханьня» і «Буйніцкае поле». Сумесна з Валянцінай Сярых напісаў лірычную песьню «Мы яшчэ сустрэнемся з вамі», якая атрымала пашырэньне ў беларускіх асяродках Амэрыкі. У 2001 годзе выдаў кнігу вершаў «Пісьмо з 45-га». Быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі за заслугі ў разьціцьці нацыянальнай культуры.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў 8-гадовую школу ў Менску, дзе захапляўся творамі Якуба Коласа, Янкі Маўра і Зьмітрака Бядулі. Пасьля навучаўся ў Менскім будаўнічым тэхнікуме. На пачатку Нямецка-савецкай вайны разам зь сям’ёй пешшу дайшоў да Барысава. Пазьней уладкаваўся на завод у Сталінградзе (Расейская СФСР). У жніўні 1942 году пайшоў у Чырвоную армію, дзе служыў артылерыйскім выведнікам, сувязістам і тапографам. У 1942—1944 гадох знаходзіўся на Волхаўскім фронце, дзе браў удзел у прарыве блякады Ленінграда і прыступе лініі Манэргэйма ў Фінляндыі. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені і мэдалём «За адвагу». Да красавіка 1947 году служыў у Савецкай зоне акупацыі Нямеччыны[2]. Пасьля дэмабілізацыі скончыў у Менску школу работніцкай моладзі і Беларускі політэхнічны інстытут[3]. Працаваў інжынэрам-канструктарам. Атрымаў 15 аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходніцтвы. У 1966 годзе стаў ляўрэатам Усесаюзнага конкурсу тэхнічнай творчасьці і быў ўзнагароджаны срэбраным мэдалём Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР[2].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1950-х гадоў пачаў пісаць вершы і гумарэскі, калі працаваў рэдактарам насьценнай газэты ў Беларускім політэхнічным інстытуце. На прапанову пісьменьніцы Алены Васілевіч пачаў ставіць пад творамі псэўданім Ясень. Яго вершы на музыку пачалі класьці кампазытары Ісак Ронькін і Зьміцер Смольскі. Вядомасьць набыла песьня «Абэліскі». За 50 гадоў напісаў звыш 100 вершаў. Супрацоўнічаў з амаль 50 кампазытарамі, сярод якіх былі: Яўген Цікоцкі, Уладзімер Алоўнікаў, Леанід Захлеўны, Уладзімер Буднік, Эдуард Зарыцкі, Віктар Войцік, Уладзімер Солтан, Эдуард Казачкоў і Валянціна Сярых. Надзвычай плённай была супраца з Захлеўным, які стварыў каля 40 песьняў на словы Ясеня. Сярод іх былі: «Гісторыя аднаго каханьня», «Буйніцкае поле», «Перамога», «Дзявятае мая», «Бацькоў не забывай», «Міласэрнасьць» і «Вяргіня»[2]. У 1966 годзе сьпявак Віктар Вуячыч перамог на 1-м Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве зь песьняй «Памяць сэрца» на словы Міхаіла Ясеня і музыку Ігара Лучанка[4].

Сумесна з Валянцінай Сярых напісаў лірычную песьню «Мы яшчэ сустрэнемся з вамі», якая атрымала пашырэньне ў беларускіх асяродках Амэрыкі[5]. За савецкім часам найбольш вядомай была песьня «Майскі вальс» паводле яго верша, бо ў 1985 годзе яе выканаў Яраслаў Еўдакімаў на «Песьні году» па Цэнтральным тэлебачаньні СССР[6]. У 2001 годзе выдаў кнігу вершаў «Пісьмо з 45-га»[5]. У 2004 годзе сумесна з кампазытарам Віктарам Войцікам напісаў па-беларуску песьню «Сьнегіры»[7]. Быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі за заслугі ў разьціцьці нацыянальнай культуры[3].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2013 годзе сьпявак Сяргей Харэвіч, які працаваў у Народным хоры імя Цітовіча, выдаў дыск зь беларускамоўнай песьняй «Каб убачыць цябе» на верш Міхаіла Ясеня[5]. Таксама ў альбом увайшла беларускамоўная песьня «На вуліцах Менска» на верш Ясеня і музыку Мікалая Сацуры[8].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Ваганаў. Сурвэткі на памяць // Газэта «Наша ніва», 20 верасьня 2014 г. Праверана 27 лістапада 2021 г.
  2. ^ а б в Ясень Міхаіл (сапраўднае Гольдман Міхаіл Аронавіч) // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2014 г. Праверана 27 лістапада 2021 г.
  3. ^ а б 18 жніўня // Партал «Крыніца інфо», 18 жніўня 2014 г. Праверана 27 лістапада 2021 г.
  4. ^ Вуячыча «Нэрв» // Культура : газэта. — 22 жніўня 2009. — № 34 (902).
  5. ^ а б в Міхась Шавыркін. Каб убачыць цябе // Зьвязда : газэта. — 25 студзеня 2014. — № 14 (27624). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Сяргей Будкін, Віктар Сямашка. Топ 100 // Музычны партал «Тузін гітоў», 2021 г. Праверана 27 лістапада 2021 г.
  7. ^ Міхась Шавыркін. Сьнегіры // Жырандоля. — 26 ліпеня 2014. — № 21 (238).
  8. ^ Міхась Шавыркін. На вуліцах Менска // Зьвязда : газэта. — 14 траўня 2016. — № 90 (28200). — С. 13. — ISSN 1990-763x.