Міхась Явар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Явар (неадназначнасьць), Карась (неадназначнасьць).
Міхась Явар
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 8 лістапада 1903(1903-11-08)
Памёр 27 чэрвеня 1933(1933-06-27) (29 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Творы ў Вікікрыніцах

Міхась Явар, сапр. Міхаіл Карась (27 лютага 1903, в. Мінявічы, цяпер Мастоўскі раён27 чэрвеня 1933) — беларускі паэт, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пад час Першай сусьветнай вайны, з 1915 году зьехаў зь сям’ёй у бежанства. Па вяртаньні на Бацькаўшчыну пачаў рыбачыць на Нёмане[1] і прадаваць рыбу гандлярам у мястэчку Лунна. Меў толькі тры клясы адукацыі.

Пісаў вершы, арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песьнямі і танцамі, сьпяваў сам. У 1920-я быў сябрам БСРГ. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым і культурным руху перасьледаваўся польскімі ўладамі[1].

У гады крызысу даведзены да адчаю, хворы на сухоты, скончыў жыцьцё самагубствам, застрэліўшыся на беразе Нёману[1].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкаваўся ў «Беларускай газэце»[1], часопісе «Шлях моладзі», заходнебеларускіх газэтах, некаторыя яго вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах[1]. Паэтычная спадчына Явара амаль не захавалася, перад сьмерцю куфэрак зь вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. Пад час нямецка-савецкай вайны Вінцука шукалі немцы і яго жонка, баючыся, зьнішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікаванае ў заходнебеларускім друку (напрыклад паэмы «Шляхам цярністым», «Думы ў адзіноце», «За сэрцам»). Верш Явара «Паклон чалавечаму страданьню» ўключаны Уладзімерам Калесьнікам у анталёгію «Ростані волі».

Асноўная тэма паэзіі Явара — пратэст супраць жорсткіх умоваў жыцьця, бядоты, зьневажаньня чалавека працы. Аптымізмам прасякнутыя вершы пра прыгажосьць роднага краю, прыроды («О Неман мой мілы»), у любоўнай лірыцы пераважалі трагічныя матывы («Думы ў адзіноце»)[1].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • у кн.: «Сцягі і паходні». Мн., 1965

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё Явор Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 714. — 737 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 227. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1)
  • Чыгрын С. Жыў паэт з сумнай душою // Ніва № 31(2464), 3 жніўня 2003 г.