Перайсьці да зьместу

Міхась Ключановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Ключановіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 лістапада 1901(1901-11-20)
Памёр 1938
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт

Міхаі́л Васі́левіч Ключано́віч (20 лістапада 1901, Старобін — студзень 1938, Казаская ССР) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, паэт. Псэўданім — Міхаіл.

Сын Васіля і Вольгі. Праваслаўны. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну (1920). Скончыў Слуцкую беларускую гімназію(d).

У канцы 1920 року прыехаў у Лодзь, запісаўся ў школу падхарунжых. У 1921 навучаўся ў афіцэрскай школе ў Быдгашчы. Пасьля пасяліўся ў вёсцы Пузічы Лунінецкага павету. У 1922 року высланы з памежнай зоны па падазрэньні ў «антыдзяржаўнай дзейнасьці».

Пасяліўся ў Пінску, пачаў працаваць касірам у кінатэатры «Казіно». Неўзабаве адкрыў публічную расейскую бібліятэку і кнігарню. Падтрымліваў сувязь зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, заснаваў мясцовыя аддзелы Грамады, Каапэратыўнага банку, Змаганьня. Пасьля трапіў пад уплыў расейскага манархізма і спыніў беларускую дзейнасьць.

Ягоная бібліятэка стала галоўным асяродкам мясцовага прарасейскага руху. У 1930 року агітаваў за сьпіс «Расейскіх людзей» на выбарах у мескую раду. Спрабаваў стварыць хрысьціянскі манархічны гурток, браў удзел у выданьні газэтаў «Пад небам Палесься(d)» (1931—1932), «Пінскі голас».

4 сакавіка 1933 року пазбаўлены права пражываньня на тэрыторыі Палескага ваяводзтва, у выніку чаго 6 сакавіка перайшоў савецка-польскую граніцу. Увосені 1933 року зьняволены ў Менскую мескую турму, а пасьля высланы ў Казахстан.

Працаваў бугальтарам у вёсцы Сарыягач Туркестанскай вобласьці. 15 верасьня 1937 року арыштаваны НКУС, 8 студзеня 1938 прыгавораны да сьмяротнага пакараньня за «шпіянаж».

Рэабілітаваны ў 1989 року.

  • Хрыстовы золак. Вільня, друкарня імя Фр. Скарыны (1923)
  • Два Дерева (1924)
  • Древо Жизни (1925)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]