Міхал Варанецкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міхась Варанецкі»)
Міхал Варанецкі
Нарадзіўся23 сьнежня 1908(1908-12-23) (115 гадоў)
Памёр
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Варанецкі.

Міха́л Ві́ктаравіч Варане́цкі (па-польску: Michał Woroniecki CM[1]; 23 сьнежня 1908, Новая Вільня, Расейская імпэрыя — 10 чэрвеня 1998, Горадня, Беларусь) — беларускі каталіцкі сьвятар польскага паходжаньня, місіянэр-лазарыст. Першы духоўны айцец гарадзенскай Вышэйшай духоўнай сэмінарыі[2].

Служыў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Пасьля ўлучэньня іх у склад СССР вырашыў працягнуць служэньне. Па вайне быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці і сасланы на прымусовыя працы ў Казаскую ССР. Вызвалены праз 7 рокаў, большую частку жыцьця пражыў у Ружанах, зьяўляючыся пробашчам парафіі касьцёлу Сьвятой Тройцы. Напісаў гісторыю касьцёлу, на ўласныя сродкі зрабіў ягоны рамонт.

Дзяцінства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 23 сьнежня 1908 року ў Новай Вілейцы (цяпер раён Вільні). Бацька — Віктар, маці — Алена з Балінскіх; меў малодшых брата Генрыка і сястру. Праз два дні ахрышчаны ксяндзом канонікам Эдвардам Будкевічам у касьцёле Сьвятога Казімера ў прысутнасьці сьведак Францішка Наневіча і Стэфаніі Балінскай. На хросьце маці ягоная пажадала, каб ейны першынец стаў сьвятаром.

Бацька Міхася служыў начальнікам пошты, таму з набліжэньнем фронту ў 1915 разам зь сям’ёй эвакуяваны ў Расею. Сьпярша выехалі ў Самару, пасьля ў Пензу. З 1916 пражывалі ў Пецярбургу, дзе Міхась сустрэў бальшавіцкі пераварот, упершыню прыняў сакрамэнт эўхарыстыі і пачаў вучыцца ў польскай школе.

Узімку 1918 Варанецкія здолелі вярнуцца ў Новую Вілейку, дзе юнак працягнуў навучаньне ў школе сьвятароў-місіянэраў ордэна сьв. Вінсэнта з Поля[прыбраць шаблён]. 13 верасьня 1919 року памёр бацька. Сям’я ня мела сродкаў працягнуць Міхасёва навучаньне, аднак дзякуючы падтрымцы настаяцеля ордэна, якому прадэманстравалі здольнасьці вучня, той здолеў скончыць школу. Пасьля ў 1924 паступіў у Пачатковую сэмінарыю ксяндзоў-місіянэраў у Вільні, у 1927 — у Вышэйшую сэмінарыю ў Кракаве, дзе праз два рокі ўзяў манаскі зарок.

Пачатак служэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 чэрвеня 1935 атрымаў капланскае пасьвячэньне, першую службу(pl) адправіў 29 чэрвеня ў Ваўкавыску, дзе пражывалі ягоная маці і брат. У 1935—36 працаваў вікарыем у варшаўскім касьцёле Сьвятога Крыжа, у 1936—37 выкладаў матэматыку і геаграфію ў кракаўскай сэмінарыі ксяндзоў-місіянэраў, выконваў абавязкі капэляна шпіталю сёстраў міласэрнасьці.

У 1937 прызначаны шпітальным капэлянам у Львоў, дзе і пражыў усю вайну. З прыходам Чырвонай арміі ў 1939 усе капліцы на тэрыторыі шпіталю былі зачыненыя, уваход на ягоную тэрыторыю капэлянам быў забаронены. Пасьля таго, як новапрызначанаму дырэктару шпіталя данесьлі, што Міхал Варанецкі працягвае наведваць хворых, той пад пагрозай пакараньня і ў прысутнасьці супрацоўніка МГБ паўторна забараніў капляну заходзіць на тэрыторыю шпіталю. З прыходам гітлераўскіх войскаў ксёндз Міхась працягнуў выконваць капланскія абавязкі ў шпіталі.

Лыскаў і прысуд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1945, па сканчэньні вайны, міністар польскага ўраду ў Варшаве(pl) Станіслаў Грабскі выдаў рэкамэндацыю ўсім палякам Заходняй Украіны выехаць у Польшчу. Аднак у гэты час памёр пробашч лыскаўскае парафіі Ваўкавыскага дэканату, і вернікі прасілі прызначыць ім новага сьвятара. Ім стаў Міхал Варанецкі. У касьцёле быў створаны хор, ладзіліся прадстаўленьні, катэхізацыі, камуніі.

У 1948 року ў хаце Міхася Варанецкага адбыўся ператрус. Былі знойдзеныя часопісы 1939 року з антыкамуністычнымі артыкуламі, праз пэўны час адбыўся другі ператрус. У 1949 Міхал Варанецкі быў выкліканы да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі ў Берасьце, куды й накіраваўся 20 траўня. Аднак у Пружанах быў затрыманы для праверкі дакумэнтаў і два дні правёў у адным з кабінэтаў МГБ пад аховай. За гэты час у ягонай хаце, касьцёле і місіянэрскім доме ў Лыскаве адбыўся чарговы ператрус з удзелам сьледчых зь Берасьця. Шукалі радыёперадатчык, зброю, даляры, перакапалі зямлю ў падвалах, але нічога не знайшлі.

Трэцяга дня быў перавезены ў Берасьце, у сьледчы ізалятар МГБ на вул. Леніна, 7. Яшчэ два дні правёў у кабінэце сьледчага, фактычна па начах застаючыся без аховы: спэцслужбоўцы не зьвярталі на яго амаль ніякае ўвагі, адно займаючыся зборам доказаў ды зьвяртаючыся да Міхася Варанецкага з прапановамі прызнаць сваю «віну». Урэшце 25 траўня 1949 была выдадзеная санкцыя пракурора на арышт, пасьля чаго пераведзены ў турэмную камэру. Праўда, імя Міхася Варанецкага згадваецца сярод сьвятароў, што напрыканцы 40-х рокаў служылі ў адным зь берасьцейскіх касьцёлаў[3].

Абвінавачаны ў стварэньні падпольнай арганізацыі, 13 ліпеня асуджаны вайсковым трыбуналам разам яшчэ зь пяцьцю «саўдзельнікамі» да 25 рокаў прымусовых працаў і 5 рокаў пазбаўленьня ў правох з канфіскацыяй маёмасьці[4].

Лягер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высланы ў лягер Джэзказган-Руднік (Казаская ССР), дзе здабываў медную руду. Сядзеў разам зь іншымі польскімі сьвятарамі, зь якімі ладзілі патаемныя службы па начах. Першая імша адбылася 25 сьнежня 1949, а агулам за 1950—56 рокі айцец Міхал адправіў больш за 840 службаў.

За два дні перад здушэньнем паўстаньня ў суседнім лягеры(en) ў Джэзказгане-Рудніку таксама адбыўся страйк, дзякуючы якому вязьні атрымалі магчымасьць перамяшчацца між лягпунктамі (аддзеламі) лягеру. Такім чынам Міхась Варанецкі з увязьненымі каталіцкімі сьвятарамі іншых лягпунктаў наладзілі супольныя размовы і набажэнствы. 29 чэрвеня 1954 да сьценаў лягеру былі падведзеныя танкі, якія ўдзельнічалі ў здушэньні Кянгірскага паўстаньня, аднак у дадзеным выпадку абышлося без ахвяраў[5].

У Ружанскім касьцёле[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 1956 лягеры ў Джэзказгане-Рудніку былі зьліквідаваныя. Тэрмін зьняволеньня ксяндза Міхала быў скасаваны, аднак вярнуцца на ранейшае месца пражываньня ён ня меў права і пераехаў у Ружаны, дзе парафія заставалася безь сьвятара з 1945 року пасьля выезду пробашча ў Польшчу. Міхалу Варанецкаму было забаронена выкладаць Слова Божае дзецям да 18-гадовага ўзросту, якіх бацькі мелі вучыць самі, а таксама служыць у іншых парафіях, акрамя Слоніма, Косава, Поразава ды Шарашова. Аднак паслугамі сьвятара карысталіся агулам 12 парафіяў у радыюсе 42—63 і нават болей кілямэтраў (ад Белавескай пушчы да Слоніма). Ксяндзом у збудаваным Львом Сапегам касьцёле Сьв. Тройцы айцец Міхал прабыў да 1990 року.

У Ружанах 21 верасьня 1963 памерла ягоная маці, пахаваная на ейнае жаданьне на Антокальскіх могілках у Вільні.

Улады спрабавалі забараніць наведваньне дзецьмі касьцёлу нават на руках у бацькоў, абавязвалі старшыню касьцёльнага камітэту падаваць штомесячныя, штоквартальныя, штопаў- і шторокавыя зьвесткі пра колькасьць шлюбаў і хростаў ды іншых абрадаў. Бацькі пры хрышчэньні дзяцей мусілі прадастаўляць уласныя пашпарты і дзіцячыя мэтрыкі, а пазьней, калі гэта не застрашыла вернікаў ад правядзеньня хростаў, было загадана падаваць яшчэ й пісьмовыя згоды ад бацькоў з пазначэньнем свайго адрасу. Намесьнік старшыні Пружанскага раённага савету рабочых дэпутатаў нават забараніў штодзённае служэньне ў касьцёле, пакінуўшы толькі службы па нядзелях і сьвятах ды яшчэ ў адзін дзень пасярод тыдню, які вызначаў сам. Было загадана нават падпарадкоўвацца не Ватыкану, а ўладзе Маскоўскага патрыярхату. Аднак ужо праз тыдзень чыноўнік быў зьняты з пасады ўпаўнаважаным па справах рэлігіі ў Берасьці, і ўсё вярнулася на свае месцы.

Міхал Варанецкі на ўласныя сродкі зладзіў рамонт касьцёлу, скончаны толькі напачатку 80-х; выразаў драўляныя крыжы. Напісаў гісторыю ружанскага касьцёлу і прыходу ў сямі тамох. Быў адным з адраджэнцаў мастацтва выцінанкі на Беларусі[6].

Калі савецкімі ўладамі была зачыненая капліца Сьв. Казімера на ружанскіх могілках, айцец Міхал перанёс адтуль абраз сьвятога Казімера ў Траецкі касьцёл. Цяпер ён знаходзіцца ў бакавой капліцы імя Сьв. Барбары[7].

Горадня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1990 пралат Казімер Сьвёнтак прызначыў Міхала Варанецкага афіцыялам біскупскага суду(pl) ў Гародні і намесьнікам біскупа Кашкевіча. Па вяртаньні мескімі ўладамі каталіцкай царкве канфіскаванага ў 1940 пабэрнардынскага кляштару ў ім была арганізаваная Вышэйшая духоўная сэмінарыя. Міхал Варанецкі быў прызначаны духоўным айцом сэмінарыстаў, ужо на наступны дзень пасьля пачатку вызваленьня памяшканьняў прымаў уступныя выпрабаваньні. Выкладаў у ВДС грэцкую мову, аскетыку і біблістыку. Ягоныя былыя парафіяне з Ружанаў штовосень наведвалі айца Міхала, прывозячы яму прадукты.

15 жніўня 1991 ксёндз Міхась Варанецкі ўпершыню сустрэўся з кіраўніком каталіцкай царквы, якім на той час быў Ян Павал II. Гэта адбылося падчас візыту Яна Паўла II ў Чэнстахова, дзе адбыўся абед з удзелам Папы. Прымаў удзел у кангрэсе тэолягаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, Сынодзе біскупаў Эўропы ў Ватыкане, іншых міжнародных сымпозыюмах.

У 1996 стаў Генэральным вікарыем Гарадзенскай дыяцэзіі.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памёр 10 чэрвеня 1998. Пахаваны на бэрнардынскіх могілках[8][9]. На ягонай магіле шматлікія сьвятары, сёстры і клерыкі просяць заступніцтва і дапамогі, да сёньняшняга дня ў выкладчыкаў сэмінарыі і яе выпускнікоў захаваўся звычай маліцца ля магілы Міхала Варанецкага[10].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ks. Michał Woroniecki. Zapiski wspomnień 1949—1956[11]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Прыстаўка CM ужываецца для пазначэньня манаха кангрэгацыі місыянэраў (па-лацінску: Congregatio Missionis) імя сьвятога Вінсэнта з Поля.
  2. ^ 20 год Гродзенскай дыяцэзіі // Слова Жыцця : газэта. — 13 траўня 2011.
  3. ^ Маракоў Л. Святыні Беларусі, што згадваюцца ў даведніку, і святары, якія ў іх служылі // Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964. — Мінск: Смэлтак, 2009. — С. 499. — ISBN 978-9854-6917-12-0
  4. ^ Witold Karpyza. Różana // Ziemia Wołkowyska. — Lębork: Miejska Biblioteka Publiczna im. Jarosława Iwaszkiewicza, 2005―2009. — Т. 2. — С. 111—122.
  5. ^ ks. Tadeusz Krahel. Ksiądz Wacław Bekisz // W Służbie Miłosierdzia. — Wydział Duszpasterstwa Kurii Metropolitalnej Białostockiej, Czerwiec 2007. — № 6.
  6. ^ Уладзімер Крукоўскі. (1 траўня 2007) Ружанскія ружы Культура. «Наша Ніва». Праверана 9 верасьня 2012 г.
  7. ^ ks. Andrzej Ziółkowski CM. Przykłady do kazań // Biblioteka Kaznodziejska. — сакавік-красавік 2010.
  8. ^ Таксама вядомыя як фарныя могілкі.
  9. ^ Wanda Renik. Cmentarz farny w Grodnie (пол.) Mogiły żołnierskie na grodzieńskich cmentarzach. Spotkania na wschodzie. Праверана 5 кастрычніка 2011 г.
  10. ^ Ксёндз Ежы Лявінскі. Такім ён застаўся ў памяці… // Слова Жыцця : газэта. — 1 чэрвеня 2008. — № 11 (256).
  11. ^ Zapowiedzi wydawnicze Norbertinum (пол.). Norbertinum. Праверана 5 кастрычніка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]