Перайсьці да зьместу

Мітчэл Марнэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мітчэл Марнэр
Рост 183 см
Вага 77 кг
Пазыцыя нападнік
Кідок/Ловы правы[d]
Грамадзянства
Дата нараджэньня 5 траўня 1997(1997-05-05)[1] (28 гадоў)
Месца нараджэньня
Клюб Вэгас Голдэн Найтс
Выступаў за
Драфт НХЛ 4, 2015
Таронта Мэйпл Ліфс
Гульнявая кар’ера 2016  цяпер

Мі́тчэл Ма́рнэр (па-ангельску: Mitch Marner; нар. 5 траўня 1997 году) — канадзкі хакеіст, правы нападнік клюбу «Вэгас Голдэн Найтс» з Нацыянальнай хакейнай лігі. У 2015 годзе быў абраны на драфце НХЛ клюбам «Таронта Мэйпл Ліфс» у першым раўндзе пад агульным 4-м нумарам.

Да пачатку драфту НХЛ 2015 году хакеіст падыходзіў у статусе аднаго з самых пэрспэктыўных гульцоў. У выніку быў абраны пад агульным чацьвертым нумарам клюбам «Таронта Мэйпл Ліфс». 28 ліпеня 2015 году «Ліфс» падпісалі з Марнэрам трохгадовы кантракт пачаткоўца[2]. Тым ня менш, канадзец працягнуў гуляць у складзе «Лёндан Найтс» у Хакейнай лізе Антарыё.

Пасьля ўражлівых трэнавальных збораў і перадсэзоннай падрыхтоўкі было абвешчана, што Марнэр застанецца ў складзе «Таронта Мэйпл Ліфс» на сэзон 2016—2017 гадоў[3]. Ён дэбютаваў у НХЛ у першым матчы сэзону каманды 12 кастрычніка. Ужо хутка спартовец адзначыўся голам. Свой першы матч зь некалькімі галамі Марнэр згуляў супраць «Бафала Сэйбрз» 3 лістапада 2016 году, калі «Ліфс» перамаглі зь лікам 2:1[4]. Марнэр устанавіў рэкорд «Мэйпл Ліфс» паводле колькасьці галявых перадач за сэзон сярод пачаткоўцаў, якіх назьбіралася 42. Гэтым ён перасягнуў папярэдні рэкорд, які трымаўся ажно з 1944 году[5][6]. 19 сьнежня 2017 году хакеіст перапыніў сваю 15-матчавую засуш і ўпершыню ў сваёй кар’еры набраў чатыры пункты[7]. 10 лютага 2018 году канадзец упершыню набраў у матчы пяць пунктаў, то бок адзначыўся двума галамі і трыма галявымі перадачамі, стаўшы першым гульцом «Ліфс», які набраў пяць пунктаў у гульні з часоў Томаша Кабэрле ў 2009 годзе[8].

27 кастрычніка 2018 году Марнэр зарабіў сваю 100-ю галявую перадачу ў кар’еры, калі Джэйк Гардынэр ураўнаў лік, і дапамог «Ліфс» выйграць зь лікам 3:2[9]. 23 лютага 2019 году падчас матчу супраць «Манрэаль Канадыенз» зь лікам 5:3, хакеіст зрабіў дзьве галявыя перадачы, набраўшы 200-ы пункт у сваёй кар’еры ў НХЛ. 13 верасьня 2019 году Марнэр падпісаў шасьцігадовы кантракт з «Мэйпл Ліфс» на 65,358 мільёнаў даляраў[10]. 11 студзеня 2020 году ён быў упершыню ў сваёй кар’еры абраны для ўдзелу ў Матчы ўсіх зорак НХЛ[11]. 15 красавіка 2021 году спартовец стаў чацьвертым гульцом у гісторыі франшызы, які за ня менш чым за пяць сэзонаў запар зрабіў 40 галявых перадач. 26 лютага 2022 году Марнэр закінуў чатыры шайбы і набраў шэсьць пунктаў, што дапамагло «Таронта Мэйпл Ліфс» перамагчы «Дэтройт Рэд Ўінгс» зь лікам 10:7. Паводле вынікаў сэзону канадзец паклаў на свой рахунак 97 (35+62) пунктаў у рэгулярным сэзоне. У сэзоне 2022—2023 гадоў пунктаў было болей, то бок 99 (30+69). 27 сьнежня 2024 году ў гульні супраць «Дэтройт Рэд Ўінгс» спартовец аформіў свой трэці хет-трык у кар’еры. Агулам за сэзон набраў 102 (27+75) пунктаў.

30 чэрвеня 2025 году Марнэр падпісаў васьмігадовы кантракт на 96 мільёнаў даляраў з «Таронта», але адразу ж быў абменены ў «Вэгас Голдэн Найтс» на Нікаля Руа, дзе вярнуўся да 93-га нумара, швэдар зь якім апранаў у складзе «Лёндан Найтс»[12].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]