Мір (аплатная сыстэма)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Аплатная сыстэма «Мір» — нацыянальная аплатная сыстэма Расеі, створаная 8 сьнежня 2014 году.

На 2019 год паслугі апэрацыйнага асяродка і аплатнага клірынгавага асяродка аказвала дзяржаўнае АТ «Нацыянальная сыстэма аплатных картак». Цэнтральны банк Расеі і ПАТ «Зьнешгандальбанк» служылі разьліковымі асяродкамі[1]. Банкі выпускалі 8 відаў картак «Мір»: 1) кабэйджынгавую — сумесна з трыма замежнымі аплатнымі сыстэмамі «Маэстра» (Пэрчэс, штат Нью-Ёрк, ЗША), «Японскае крэдытнае бюро» (Токіё) і «ЮніёнПэй» (Шанхай, Кітай); 2) пэнсійную — зь бясплатным абслугоўваньнем; 3) бескантактную — для аплаты паездак; 4) навучэнскую — з доступам да ўліковай кніжкі (дзёньніка); 5) супрацоўніка — зь лічбавым подпісам; 6) прэміяльную — бясплатнае СМС-апавяшчэньне і вяртаньне адсотка з пакупкі; 7) клясычную — для банкаматаў; 8) перадаплачаную — для Сеціва[2]. На 2019 год карткі «Мір» прымалі звыш 90 % банкаматаў і кропак продажу ў гандлёвых сетках Расеі. Клірынг праз «НСАК» ажыцьцяўлялі ўсе расейскія банкі-ўдзельнікі замежных аплатных сыстэмаў[3].

Расцэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2019 год расцэнкі аплатнай сыстэмы «Мір» для банкаў-удзельнікаў складалі за:

  • выкарыстаньне таварнага знака «Мір» — па 0,03 % ад абсягу міжбанкаўскага абарачэньня штоквартал з банкаў, якія выпусьцілі і абслугоўваюць карткі «Мір»;
  • церазьмежныя апэрацыі — 0,15 % ад абсягу штотыдзень з банкаў, што выпусьцілі карткі;
  • аплатны клірынг — па 0,1 расейскага рубля (0,156 цэнта) за апэрацыю штотыдзень з банкаў, якія выпусьцілі і абслугоўваюць карткі;
  • фінансавы запыт дазволу — ад 0,1 рас.рубля за апэрацыю штотыдзень з банкаў, што выпусьцілі карткі;
  • доступ да сеткі сувязі — 50 000 рас.рублёў ($784) штомесяц з банка-ўдзельніка;
  • абслугоўваньне — 30 000 рас.рублёў ($471) штомесяц з банка-ўдзельніка[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 траўня 2014 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў папраўку ў Фэдэральны закон «Аб нацынальнай аплатнай сыстэме», што дадала разьдзел 4.1 Нацыянальная сыстэма аплатных картак (НСАК). Паводле артыкула 30.2, «Апэратар НСАК ствараецца ў выглядзе адкрытага акцыянэрнага таварыства ... Пры ўтварэньні апэратара НСАК 100 % яго акцыяў належаць Банку Расеі». Згодна з артыкулам 30.5 «Крэдытныя арганіазацыі, што ёсьць індывідуальнымі ўдзельнікамі НСАК, абавязаныя даць кліентам нацыянальныя аплатныя прылады пры атрыманьні пазначанымі кліентамі за кошт сродкаў бюджэтаў бюджэтнай сыстэмы Расейскай Фэдэрацыі, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў заробнай платы, пэнсіяў, сацыяльных дапамогаў, стыпэндыяў, грашовага забесьпячэньня вайскоўцаў у выпадку іх пераводу на банкаўскія рахункі»[5]. 23 ліпеня 2014 году Цэнтральны банк Расеі стварыў АТ «Нацыянальная сыстэма аплатных картак» («НСАК»). 8 сьнежня 2014 году АТ «НСАК» запусьціла апэрацыйны асяродак і аплатны клірынгавы асяродак для апрацоўкі банкаўскіх апэрацыяў, у тым ліку замежных аплатных сыстэмаў. 12 лістапада 2015 году «НСАК» і апэратар віетнамскай аплатнай сыстэмы «БанкнэтВН» падпісалі Мэмарандум.

Галаўны офіс НСАК у Маскве

15 сьнежня 2015 году «НСАК» абвясьціў пра пачатак выпуску аплатных картак «Мір». Першымі банкамі, што выпусьцілі карткі, сталі: «Газпрамбанк», «Маскоўскі дзелавы сьвет», «Маскоўскі індустрыяльны банк», «Расейскі нацыянальны камэрцыйны банк», «Расея», «Сувязь-банк» і «Паўночны марскі шлях». «Ашчадбанк Расеі» пачаў прыём картак. Пагатоў «Газпрамбанк» першым выпусьціў кабэйджынгавую картку «Мір-Маэстра». На кастрычнік 2016 году выпусьцілі звыш 1 млн картак «Мір». У лістападзе 2017 году «НСАК» і «Пошта Банк» падпісалі Мэмарандум аб выпуску найбольшай партыі картак з расейскім мікрачыпам. У выніку карткі «Мір» склалі 20 % ад усіх выпушчаных у Расеі. У сьнежні 2017 году паўднёвакарэйскае прадпрыемства «Самсунг Электроніка» падлучыла карткі «Мір» да сваёй аплатнай сыстэмы «Самсунг Пэй». Лік выпушчаных картак перавысіў 30 млн. Да 1 ліпеня 2018 году скончылі перавод расейскіх бюджэтнікаў на карткі «Мір». Да верасьня 2018 году выпусьцілі 43 млн картак[6].

12 лютага 2019 году ЗАТ «Аплатная сыстэма «Белкарт» і АТ «НСАК» (Масква, вул. Вялікая Татарская, д. 11а) падпісалі Дамову аб узаемадзеяньні. Паводле Дамовы, аплатныя карты «Белкарт» мелі выпускаць з чыпам распрацоўкі «НСАК» для прыёму ў Расеі. Банкі-ўдзельнікі аплатнай сыстэмы «Белкарт» мелі прымаць карткі «Мір». На люты 2019 году звыш 150 банкаў Расеі выпусьцілі больш за 53 млн картак «Мір» (36 % ад насельніцтва Расеі), якія прымалі больш за 320 банкаў[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пералік апэратараў паслугаў аплатнай інфраструктуры (рас.) // АТ «Нацыянальная сыстэма аплатных картак», 2019 г. Праверана 21 сакавіка 2019 г.
  2. ^ Віды картак (рас.) // Аплатная сыстэма «Мір», 2019 г. Праверана 21 сакавіка 2019 г.
  3. ^ НСАК у пытаньнях і адказах (рас.) // АТ «НСАК», 2019 г. Праверана 21 сакавіка 2019 г.
  4. ^ Дадатак 4. Расцэнкі 3.4 (рас.) // АТ «НСАК», 2019 г. Праверана 21 сакавіка 2019 г.
  5. ^ У. Пуцін. Фэдэральны закон ад 5 траўня 2014 г. № 112-ФЗ «Аб унясеньні зьмяненьняў у Фэдэральны закон «Аб нацыянальнай аплатнай сыстэме» і асобныя заканадаўчыя акты Расейскай Фэдэрацыі»  (рас.) = Федеральный закон от 5 мая 2014 г. N 112-ФЗ "О внесении изменений в Федеральный закон "О национальной платежной системе" и отдельные законодательные акты Российской Федерации" // Расейская газэта. — 7 траўня 2014. — № 6373 (101). — ISSN 1606-5484.
  6. ^ Гісторыя і разьвіцьцё (рас.) // Аплатная сыстэма «Мір», 2019 г. Праверана 21 сакавіка 2019 г.
  7. ^ Карткі «Белкарт» плянуецца пачаць прымаць у Расеі у 2019 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 лютага 2019 г. Архіўная копія ад 12 лютага 2019 г. Праверана 20 сакавіка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]