Мікаэль Кінгсбэры
| Мікаэль Кінгсбэры | |
| Пэрсанальная інфармацыя | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 24 ліпеня 1992[1] (33 гады) |
| Грамадзянства | |
| Прафэсійная інфармацыя | |
| Спэцыялізацыя | фрыстайліст |
Мікаэ́ль Кі́нгсбэры (па-ангельску: Mikaël Kingsbury; 24 ліпеня 1992 году) — канадзкі фрыстайліст, які спэцыялізуецца на могуле. Алімпійскі чэмпіён 2018 году, срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў 2014 і 2022 гадоў, шматразовы чэмпіён сьвету і ўладальнік Кубка сьвету па фрыстайле ў агульным заліку і могуле. За кар’еру выходзіў на старты этапаў Кубка сьвету больш за 100 разоў.
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Дэбютаваў у спаборніцтвах Кубка сьвету 8 студзеня 2010 году ў веку 17 гадоў на этапе ў Калгары, дзе заняў сьціплае 36-е месца. Менш чым праз год, у сьнежні, канадзец упершыню трапіў на кубкавы подыюм, стаўшы другім на этапе ў Куўсама. А яшчэ праз 10 дзён, у кітайскім Бэйда-Лэйк Кінгсбэры атрымаў сваю першую перамогу ў могуле. У тым жа сэзоне дэбютаваў на чэмпіянаце сьвету. На тых спаборніцтвах канадац разжыўся бронзай. У паралельным могуле Кінгсбэры зноў апынуўся за сьпіною Аляксандра Білядо, але гэтым разам спыніўся на другой пазыцыі.
У сэзоне 2011—2012 гадоў канадзец атрымаў 8 перамог у могуле і паралельным могуле, зь якіх шэсьць былі здабытыя запар, і выйграў як залік могула, гэтак і генэральную клясыфікацыю, стаўшы ўладальнікам Кубка сьвету ў веку 19-ці гадоў. Свой посьпех спартовец паўтарыў у наступным годзе, а агулам спартовец дамінаваў у Кубку сьвету ажно дзевяць гадоў запар, кожны год робячыся ўладальнікам крышталёвага глёбуса агульнага заліку і пераможцам клясыфікацыі магулістаў. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году стаў чэмпіёнам па могуле. У лютым 2019 году на чэмпіянаце сьвету ў Парк-Сіці ўпершыню ў кар’еры адразу перамог у могуле і паралельным могуле.
Перад пачаткам сэзону 2020—2021 гадоў у час трэнаваньняў у фінскай Руцы атрымаў траўму сьпіны, празь якую вымушаны прапусьціць 4—6 тыдняў[2]. 4 і 5 лютага 2021 году, вярнуўшыся па адужані, выйграў могул і паралельны могул на этапе Кубка сьвету. Празь месяц у Алматы фрыстайліст стаў пяціразовым чэмпіёнам сьвету, стаў найлепшым у спаборніцтвах па могуле. На наступны дзень ён здабыў залаты мэдаль і ў паралельным могуле, на другім чэмпіянаце сьвету запар учыніўшы залаты дубль. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне ў першы дзень спаборніцтваў узяў срэбны мэдаль у могуле, нечакана саступіўшы швэду Вальтэру Вальбэргу[3]. З тых часоў перастаў перамагаць у агульным заліку Кубка сьвету, але рабіўся найлепшым у заліку магулістаў. Чэмпіянат сьвету 2023 году ў Бакурыяні стаў трэцім запар, на якім Кінгсбэры выйграў абедзьве магульныя дысцыпліны, але праз два гады здолеў пацьвердзіць статус найлепшага толькі ў паралельнім могуле, а ў іншай дысцыпліне стаў срэбным мэдалістам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Mikaël Kingsbury // Roglo — 1997.
- ↑ Canadian moguls star Mikael Kingsbury out four to six weeks with back injury Архіўная копія ад 03.12.2020 г.
- ↑ Шведский фристайлист Вальберг завоевал золото в могуле на Олимпийских играх в Пекине. sport-express.ru (05.02.2022). Архіўная копія ад 05.02.2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Профіль (анг.) на FIS
- Нарадзіліся 24 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1992 годзе
- Канадзкія фрыстайлісты
- Фрыстайлісты і фрыстайлісткі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году
- Фрыстайлісты і фрыстайлісткі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году
- Фрыстайлісты і фрыстайлісткі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году
- Прызэры зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 году
- Прызэры зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 году