Мікаэла Шыфрын
| Мікаэла Шыфрын | |
| Пэрсанальная інфармацыя | |
|---|---|
| Нарадзілася | 13 сакавіка 1995[1] (31 год) |
| Грамадзянства | |
| Прафэсійная інфармацыя | |
| Спэцыялізацыя | гарналыжніца |
Узнагароды і мэдалі | |
Мікаэ́ла Шы́фрын (па-ангельску: Mikaela Shiffrin; 13 сакавіка 1995 году) — гарналыжніца ЗША, якая выступае ўва ўсіх дысцыплінах. Мае найбольшую колькасьць перамог на Кубку сьвету сярод усіх гарналыжніц і гарналыжнікаў у гісторыі, і ёсьць першай хто дасягнуў адзнакі ў 100 перамог. Яна тройчы была залатой мэдалісткай Алімпійскіх гульняў, пяціразовай чэмпіёнкай Кубка сьвету ў агульным заліку, а таксама шматразовай чэмпіёнкай сьвету ў слаламе[2]. Шыфрын узяла свой восьмы залаты мэдаль чэмпіянату сьвету па гарналыжным спорце ў кар’еры 11 лютага 2025 году, давёўшы іхні агульны лік да 15-ці, што зрабіла яе самай пасьпяховай гарналыжніцай сучаснай эпохі[3]. У 2023 годзе часопіс Time назваў яе адной з 100 найбольш уплывовых людзей сьвету[4].
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Шыфрын дэбютавала на Кубку сьвету 11 сакавіка 2011 году ў гіганцкім слаламе ў Шпіндлераў-Млыне. У пачатку красавіка, усяго празь некалькі тыдняў пасьля свайго 16-годзьдзя, яна стала чэмпіёнкай ЗША ў слаламе[5], такім чынам сталася наймаладзейшай амэрыканскай гарналыжніцай, якая брала перамогу ў нацыянальным чэмпіянаце калі-небудзь. У час Кубка сьвету 16-гадовая Шыфрын упершыню трапіла на подыюм Кубка сьвету 29 сьнежня 2011 году ў слаламе на этапе ў Аўстрыі. Спартоўка выйграла свой першы спуск Кубка сьвету ў сьнежні 2012 году ў веку 17 гадоў у начным слаламе ў швэдзкім Орэ[6]. Такім чынам, яна зрабілася другой наймаладзейшай амэрыканкай, якая перамагла на этапе Кубка сьвету, саступіўшы толькі Джудзі Нагел[7]. Праз два тыдні яна ўзяла перамогу на этапе ў Заграбе, а пасьля яшчэ амаль два тыдні сьвяткавала перамогу ў аўстрыйскім Фляхаў[8]. На чэмпіянаце сьвету 2013 году атлетка ўзяла залаты мэдаль у слаламе.

У лістападзе 2013 году спартоўка перамагла ў слаламе ў Леві. У Бівэр-Крыку яна заняла другое месца ў гіганцкім слаламе, што стала ейным першым подыюмам на Кубку сьвету ў гэтай дысцыпліне. З надыходам 2014 году яна працягвала браць перамогі на этапах Кубка сьвету, другі раз запар стаўшы найлепшай у слаламе паводле вынікаў сэзону. 21 лютага 2014 году амэрыканка перамагла ў слаламе на зімовых Алімпійскіх гульнях, якія ладзіліся ў Сочы, стаўшы наймаладзейшай пераможцай гэтага алімпійскага віду спорту. Шыфрын адкрыла сэзон 2014—2015 году ў кастрычніку 2014 году ў Зёльдэне сваёй першай перамогай на Кубку сьвету ў гіганцкім слаламе. У лютым 2015 годзе на чэмпіянаце сьвету Шыфрын пасьпяхова абараніла тытул чэмпіёнкі сьвету ў слаламе[9]. У першых двух слаламных спусках новага сэзону, якія ладзіліся ў Аспэне, Шыфрын перамагла зь вялікім адрывам. 12 сьнежня 2015 году ў час разьмінкі перад гіганцкім слаламам у Орэ яна павалілся і пашкодзіла калена. Амэрыканка аздаравела па двух месяцах і вярнулася на трасу 15 лютага 2016 году, дзе здабыла сваю 18-ю перамогу ў Кран-Мантане. Спартоўка ў тым сэзоне выйграла ўсе пяць слаламаў, у якіх стартавала. У сьнежні 2016 году яна зрабілася першай гарналыжніцай з часоў Урэні Шнайдэр, якая атрымала тры перамогі за тры дні запар у тэхнічных дысцыплінах[10][11]. 31 студзеня 2017 году спартоўка ўпершыню перамагла ў паралельным слаламе ў Стакгольме[12].

На чэмпіянаце сьвету 2017 году ў Санкт-Морыцы ў лютым яна ўзяла залаты мэдаль у слаламе і срэбны ў гіганцкім слаламе[13]. Гэтае золата сталася ейным трэцім мэдалём найвышэйшага гатунку ў слаламе на чэмпіянаьах сьвету, чым ураўнялася зь нямемкай Крыстль Кранц, якая адзначылася такім жа вынікам у 1939 годзе, у той час калі чэмпіянаты сьвету ладзіліся штогод[14][15]. 26 лютага 2018 году Шыфрын перамагла ў сваёй першай супэркамбінацыі ў Кран-Мантане[16]. Шыфрын ня толькі паводле вынікаў сэзону была найлепшай у слаламе, але і ўпершыню перамагла на Кубку сьвету ў агульным заліку. Па сэзоне спартоўка была ўнагараваная ўзнагародай «Залатая лыжніца» як найлепшая гарналыжніца году[17]. Паміж 19 сьнежня 2017 году і 9 студзеня 201 году Шыфрын перамагла ў васьмі зь дзевяці этапах Кубках сьвету, а таксама ўвайшла ў гісторыю, выйграўшы першы ў гісторыі паралельны слалам у Куршавэлі. У веку 22 гадоў гарналыжніца здабыла свае 39-ю і 40-ю перамогі на этапах Кубка сьвету, перамогшы ў гіганцкім слаламе і слаламе ў Краньскай-Горы.
На зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году ў Пхёнчхане пасьля некалькіх дзён пераносаў празь неспрыяльныя ўмовы надвор’я, у выніку чаго першыя тры і апошнія два спускі ладзіліся ў два дні, Шыфрын здабыла золата ў гіганцкім слаламе, а таксама срэбра ў супэркамбінацыі. У гіганцкім слаламе яна фінішавала другой пасьля першага заезду, саступіўшы італьянцы Мануэле Мёльг, але здолела забясьпечыць сабе золата, калі Мёльг мела хібы ў другім зьезьдзе. 9 сакавіка 2018 году, калі да заканчэньня сэзону заставалася 5 гонак, Шыфрын забясьпечыла сабе другі запар тытул трымальніцы Кубка сьвету. Тым ня менш, у фінале Кубка сьвету ў Орэ яна перамагла ў слаламе, апярэдзіўшы Вэндзі Гольдэнэр на 1,58 сэкунды, паклаўшы на рахунак 12-ю перамогу ў сэзоне. 2 сьнежня 2018 году яна перамагла ў супэргіганце ў Лэйк-Луізе, стаўшы адзінай гарналыжніцай як сярод жанчынаў, гэтак і мужчынаў, якія перамагалі ўва ўсіх шасьці дзейных дысцыплінаў гарналыжнага спорту. 22 сьнежня спартоўка перамагла ў слаламе ў Куршавэлі, стаўшы наймаладзейшай спартоўкай, якая займела 50 перамог на этапах Кубка сьвету. З гэтай перамогай яна таксама паўтарыла рэкорд аўстрыйкі Марліз Шыльд у колькасьці перамог у жаночым слаламе, якіх стала 35[63]. Праз тыдзень Шыфрын атрымала яшчэ адную перамогу ў слаламе на Кубку сьвету ў Зэмэрынгу, стаўшы першай гарналыжніцай, якая атрымала 15 перамог на Кубку сьвету ў адзін каляндарны год, апярэдзіўшы Марсэля Гіршэра, які быў уладальнікам 14 перамог у 2018 годзе.

На чэмпіянаце сьвету амэрыканка ўзяла залаты мэдаль у супэргіганце[18], а затым бронзавы мэдаль у гіганцкім слаламе ў ветраных і зьменлівых умовах[19]. Пазьней яна забясьпечыла сабе другое золата ў слаламе, стаўшы першай гарналыжніцай, якая выйграла чатыры чэмпіянаты сьвету запар у адной дысцыпліне. Пры гэтым спартоўка ў дзень пакутвала на інфэкцыю лёгкіх[20][21]. Па чэмпіянаце сьвету, ужо ў сакавіку 2019 году, Шыфрын стала першай гарналыжніцай, якая атрымала 15 перамог на Кубку сьвету за сэзон, атрымаўшы перамогу ў слаламе ў Шпіндлераў-Млыне, пераўзвысіўшы рэкорд, які яна раней трымала разам з Урэні Шнайдэр[22]. Паводле вынікаў сэзону яна ня толькі зноў стала найлепшай у агульным заліку і слаламе, але таксама перамагла ў клясыфікацыі супэргіганту і гіганцкага слаламу.

У першай палове сэзону 2019—2020 гадоў Шыфрын мела няўстойлівыя вынікі ў тэхнічных гонках. Падобныя ваганьні назіраліся і ў гіганцкім слаламе. Толькі ў студзені 2020 году паказьнікі спартоўкі крыху направіліся, аднак 2 лютага нечакана ў выніку няшчаснага выпадку загінуў ейны бацька[23], што вымусіла Шыфрын зьняцца з усіх спаборніцтваў да канца сэзону, што пазбавіла яе шанцаў на чацьверты тытул запар. Яна прысутнічала на фінальных спаборніцтвах у Орэ, але змаганьні была адмененыя праз каранавірус. Па вяртаньні ў наступным сэзоне гарналыжніца не змагла трымаць той жа ўзровень дамінаваньня, на якім яна пакінула трасу Кубка сьвету ў папярэдні сэзон, але, тым ня менш, звычайна ўваходзіла ў шасьцёрку найлепшых у кожнай гонцы. На чэмпіянаце сьвету 2021 году ў Картына-д’Ампэцца Шыфрын трапіла ў найлепшай форме, выступіўшы, магчыма, нават лепш, чым чакалася, і выйграла чатыры мэдалі, то бок найбольшую колькасьць, якую яна брала ў адным спаборніцтве чэмпіянату сьвету. Ейны залаты мэдаль у гарналыжнай камбінацыі зрабіў яе самай пасьпяховай амэрыканскай гарналыжніцай на чэмпіянатах сьвету.
На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году Шыфрын была фаварыткай як мінімум у трох з шасьці дысцыплінаў, у якіх яна плянавала браць удзел. Аднак, што незвычайна, яна ня здолела фінішаваць як у гіганцкім слаламе, гэтак у слаламе, ня даўшы рады ўжо пасьля пятай брамы ў першым спуску кожнай гонкі[24]. Спартоўка фінішавала дзявятай у супэргіганце[25][26], а ў хуткасным спуску і камбінацыі Шыфрын ня брала мэдалёў[27]. Яна ўпершыню выступіла ў зьмяшаных камандных спаборніцтвах у апошні дзень спаборніцтваў, але зборная ЗША спынілася на чацьвертым радку. На чэмпіянаце сьвету 2023 году амэрыканка здабыла залаты мэдаль у гіганцкім слаламе, а таксама срэбныя мэдалі ў супэргіганцкім слаламе і слаламе. У сакавіку 2023 году Шыфрын сьвяткавала сваю 87-ю перамогу на этапах Кубка сьвету, апярэдзіўшы ў колькасьці Інгемара Стэнмарка[28]. Яна выйграла 88-ю гонку Кубка сьвету, а таксама перамагла ў Кубку сьвету ў агульным заліку, гіганцкім слаламе і слаламе. У канцы студзеня спартоўка пашкодзіла левую нагу і вязы ў выніку падзеньня на трасе ў Картына-д’Ампэцца. Яна ня ўдзельнічала ў гонках шэсьць тыдняў, а па акрыяньні перамагла ў двух слаламных этапах[29]. У канцы 2024 году гарналыжніца таксама выбыла на некаторы час праз траўму бруха. Разам з Брызі Джонсан яна ўзяла залаты мэдаль у першай каманднай камбінацыі на чэмпіянаце сьвету ў Заальбах-Гінтэрглеме. Гэта быў ейны 15-ы мэдаль чэмпіянатаў сьвету, які паўтарыў рэкорд Крыстль Кранц[30]. У слаламе 23 лютага Шыфрын узяла 100-ю перамогу на Кубках сьвету[31][32].
На зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне і Картына-д’Ампэцца доўгі час не магла здабыць аніводнага мэдаля, але ў апошняй разыгранай дысцыпліне, якой стаў слалам, яна трыюмфавала, апярэдзіўшы швайцарку Каміль Раст на 1,50 сэкунды. Гэтая перамога надала ёй другі залаты мэдаль у алімпійскім слаламе і трэці ў агульным заліку Алімпійскіх гульняў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Mikaela Shiffrin // FemBio database (ням.)
- ↑ Mintz, Geoff (03.2013) Shiffrin comes from behind to claim season slalom title. Ski Racing.com. Архіўная копія ад 11.2020 г.
- ↑ Howorth, Alasdair (17.02.2023) Mikaela Shiffrin wins giant slalom to become most successful skier in modern era. CNN. Архіўная копія ад 02.2023 г.
- ↑ Time 100 // 04.2023 г.
- ↑ Granstrom, Shiffrin take U.S. National slalom titles; Ford, Schleper win combined. Ski Racing.com (04.2011). Архіўная копія ад 10.2013 г.
- ↑ Mintz, Geoff Shiffrin wins first career World Cup // Ski Racing. — 12.2012.
- ↑ Teen Mikaela Shiffrin wins. U.S. Ski Team (12.2012). Архіўная копія ад 01.2013 г.
- ↑ Mintz, Geoff Shiffrin picks up third win in Flachau, as first-run leader Hoefl-Riesch clips gate // Ski Racing. — 01.2013.
- ↑ Mikaela Shiffrin turns up speed late to win world title in slalom. Denver Post (02.2015). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin da record: 3 vittorie in 3 giorni, l’ultima a riuscirci Vreni Schneider, nel 1989. EuroSport (12.2016). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin s trojčkom zmag ob bok Vreni Schneider. RTVSLO (12.2016). Архіўная копія ад 12.2016 г.
- ↑ Shiffrin, Strasser take Stockholm World Cup parallel slaloms. Euronews (01.2017). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin Wins Her Third Straight World Slalom Title. New York Times (02.2017). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin’s slalom win streak snapped // Canadian Broadcasting Corporation, 01.2017 г. Архіўная копія ад 01.2017 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin is on top of the world, chasing more gold. USA Today (02.2017). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Alpine skiing: Shiffrin wins Crans-Montana combined. Arab News (26.02.2017). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Skieur d'Or AIJS – Serge Lang Trophy 2017 goes to Mikaela Shiffrin. FIS (27.10.2017). Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ Lindsey Vonn crashes in World Championship super-G as Mikaela Shiffrin wins. BBC (02.2019). Архіўная копія ад 02.2019 г.
- ↑ Hodgetts, Rob (02.2019) Mikaela Shiffrin pipped to gold as Petra Vlhova wins giant slalom title. CNN. Архіўная копія ад 02.2019 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin makes history with fourth straight slalom gold. CNN (02.2019). Архіўная копія ад 02.2019 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin makes history with fourth consecutive slalom title. NBC Sports (02.2019). Архіўная копія ад 11.2020 г.
- ↑ Church, Ben (03.2019) Mikaela Shiffrin breaks World Cup record with slalom victory. CNN. Архіўная копія ад 03.2019 г.
- ↑ Macfarlane, Christina (04.2020) Grieving star grateful she saw her father in his final moments. CNN. Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ Armour, Nancy 'I don’t really understand it': Mikaela Shiffrin skis out in slalom run of combined, plans to race in team event. USA TODAY. Архіўная копія ад 02.2022 г.
- ↑ Opinion | Mikaela Shiffrin’s candid expression of pain is a gift to viewers // The Washington Post, 10.02.2022 г. Архіўная копія ад 02.2022 г.
- ↑ After heartbreak, Mikaela Shiffrin finds some satisfaction with ninth in super-G // Los Angeles Times, 02.2022 г. Архіўная копія ад 02.2022 г.
- ↑ 'I just feel like a joke': Devastated Mikaela Shiffrin left reeling after third Beijing crash. CNN (02.2022). Архіўная копія ад 09.2023 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin makes history with record 83rd women's World Cup win. the Guardian (01.2023). Архіўная копія ад 01.2023 г.
- ↑ Mikaela Shiffrin is Otherworldly, Exceeds All Expectations With Dominant Comeback Victory in Sweden. www.teamusa.com (11.03.2024).
- ↑ Shiffrin pairs with Johnson for 15th Worlds medal. BBC Sport.
- ↑ Shiffrin claims historic 100th World Cup win. BBC Sport.
- ↑ Mikaela Shiffrin grabs historic 100th World Cup win in Sestriere to add to alpine skiing legacy - 'So grateful'. Eurosport.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Профіль (анг.) на FIS
- Нарадзіліся 13 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1995 годзе
- Нарадзіліся ў ЗША
- Гарналыжніцы ЗША
- Гарналыжнікі і гарналыжніцы на зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году
- Гарналыжнікі і гарналыжніцы на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 году
- Прызэры зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 году
- Гарналыжнікі і гарналыжніцы на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году
- Гарналыжнікі і гарналыжніцы на зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 году