Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Міжнаро́дны дзень ахвя́раў гвалто́ўных зьнікне́ньняў — памятны дзень, усталяваны Генэральнай асамблеяй ААН з мэтай прыцягненьня ўвагі да павелічэньня колькасьці выпадкаў гвалтоўных зьнікненьняў людзей у розных рэгіёнах сьвету і колькасьці паведамленьняў пра перасьлед, жорсткае абыходжаньне і запалохваньні, зь якімі сутыкаюцца сьведкі зьнікненьняў або сваякі зьніклых. Адзначаецца з 2011 року 30 жніўня.

Прапанова ўвядзеньня памятнага дню надышла ад Лацінаамэрыканскае фэдэрацыі асацыяцыяў сваякоў затрыманых-зьніклых(es) (гішп. Federación Latinoamericana de Asociaciones de Familiares de Detenidos-Desaparecidos, FEDEFAM) — няўрадавае арганізацыі, заснаванае ў 1981 року ў Коста-Рыцы дзеля аб’яднаньня мясцовых і рэгіянальных групаў, якія супрацьстаялі сакрэтным арыштам(en), зьнікненьням(en) і выкраданьням у шэрагу лацінаамэрыканскіх дзяржаваў.

Пытаньнямі загадкавых зьнікненьняў на міжнародным узроўні між іншага займаюцца такія праваабарончыя арганізацыі, як «Міжнародная амністыя» (МА), «Офіс вярхоўнага камісара ААН па правох чалавека» (ОВКПЧ) і «Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа» (МКЧК). Зь іх толькі апошні мае асаблівы статус недзяржаўнай сувэрэннай арганізацыі са строгай палітыкай нэўтральнасьці, дзякуючы чаму мае доступ да наведваньня падобных ізаляваных вязьняў, атрымліваючы хоць бы мінімальны кантакт зь імі і назіраньне за абыходжаньнем у турмах. Для чальцоў сем’яў арыштаваных гэтыя кантакты могуць быць адзіным сродкам атрыманьня інфармацыі пра іхніх сваякоў.

МКЧК займаецца ня толькі сачэньнем за лёсам зьняволеных, аднак і дапамогай сем’ям, якія згубілі сваякоў у выніку канфліктаў, стыхійных бедзтваў ці іншых катастрофаў. Гэтыя асобы маглі апынуцца затрыманымі, трапіць у іншую краіну, шпіталь ці загінуць. Працуючы празь сетку рэгіянальных аддзяленьняў, МКЧК шукае зьвесткі пра зьніклых па ўсім сьвеце.

Арышт і зьняволеньне пад нявызначанымі ці нераскрытымі прычынамі — вялізарнае парушэньне правоў чалавека, а ў выпадку ўзброеных канфліктаў — яшчэ й міжнароднага гуманітарнага права. Генэральная асамблея ААН 18 сьнежня 1992 року прыняла Дэклярацыю №47/133 па абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўнага зьнікненьня. Паводле рэзалюцыі, гвалтоўныя затрыманьні практыкуюцца прыкладна ў 30 краінах. Працоўная група ОВКПЧ па гвалтоўных і беспадстаўных зьнікненьнях зарэгістравала каля 46 000 выпадкаў зьнікненьня людзей пры нявысьветленых абставінах.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]